“Шоў беларушчыны” выступіла на “Мове Нанове Дзеткам” у Берасьці (фота)
Як
вядома, у Менску ўжо колькі часу адбываюцца бясплатныя курсы беларускае мовы
“Мова Нанова”, дзе кожны ахвочы можа цікава прабавіць час, а таксама палепшыць свае
веды. Пачалося ўсё ў сталіцы, а пасьля моўныя курсы пачалі імкліва прасоўвацца
ў рэгіёнах, у першую чаргу ў абласных цэнтрах. Цяпер курсы дзейнічаюць стала ў
васьмі буйных гарадах, а ў бліжэйшай пэрспэктыве – далей па краіне, з далучэньнем
і адносна невялікіх гарадоў.
У
Менску зь нядаўняга часу адбываюцца таксама дзіцячыя курсы – “Мова Нанова
Дзеткам”, а вось у астатніх гарадох краіны толькі Берасьце можа пахваліцца
аналягічным прыкладам, таму менавіта з гэтага выдатнага памежнага гораду й
распачалася вандроўка “Шоў беларушчыны” на “Мова Нанова”!
У
Берасьці прыемна блукаць па вузкіх вулачках ды доўгіх бульварах, адчуваць
пэўную эўрапейскасьць, асабліва на вуліцы “Савецкай”, якая іранічная назва!
Берасьце прываблівае нешматлюднасьцю, прыязнымі мінакамі ды проста адчуваньнем своеасаблівае
новае атмасфэры. Магчыма, так узьдзейнічае мяжа з вольнаю Эўропай непадалёк,
магчыма, проста зьмена звыклага навакольля, а магчыма – гэта проста адмысловы
шарм гораду над Бугам.
Спачатку
ва ўтульнай залі пляцоўкі альтэрнатыўнае культуры “Прастора КХ” адбываліся дзіцячыя
моўныя курсы, на якія ў гэты дзень завітала ля двух дзясяткаў малечы, таксама часткова
прысутнічалі бацькі, якія актыўна дапамагалі, падказвалі ды ўдзельнічалі ў
занятках.
Падчас
“Шоў беларушчыны” на “Мова Нанова Дзеткам” зь берасьцейцамі пагаманілі пра
навакольле, надвор’е, вопратку, кветкі, разнастайныя стравы (у горадзе над
Бугам любяць дранікі ды мачанку), дзеткі чыталі ўлюбёныя вершы, распавядалі пра
свой горад, пісьменьнікаў.
Таксама
маленькія гледачы паглядзелі колькі займальных відэа-ролікаў, а напрыканцы
атрымалі файныя паштоўкі “Не маўчы па-беларуску!”, мульты ды фільмы зь
беларускай агучкай і займальныя кніжкі. Калі меркаваць па настроі напрыканцы,
то дзеткі былі задаволеныя, пасьміхаліся ды, магчыма, знайшлі мо на кропельку больш
беларушчыны ў сабе, а мо й здолелі раскрыцца, зацікавіцца, сталі адчуваць сябе
маленькімі беларусамі крышку больш, чым гэта было раней.
Варта
адзначныць, што ўзровень дзетак на курсах “Мова Нанова Дзеткам” вышэйшы за іх
аднагодкаў у звычайных школках, што, безумоўна, зьяўляецца паказьнікам
прасунутасьці ды адукаванасьці бацькоў.
Тэмай
дарослых курсаў “Мова Нанова” былі “Інтэлектуальныя гульні”. Прысутныя
падзяліліся на каманды ды адказвалі на разнастайныя пытаньні як па беларускай
тэматыцы, так і па сусьветнай. Былі пытаньні пра Кастуся Каліноўскага ды верш
“Слуцкія ткачыхі”, пра гурт “Мілкі” ды песьню “Верасоў” “Завіруха” ды шмат пра
што яшчэ. Удзельнічала 8 камандаў, узрост быў разнастайны, ад школьнікаў да
людзей пэнсійнага веку, аднак усе знайшлі сябе ды атрымлівалі відавочнае
задавальненьне ад гульні.
Уласна
“Шоў беларушчыны” адбылося напрыканцы, калі студэнтам самых масавых у сьвеце
курсаў беларускае мовы было прапанавана яшчэ колькі часу паварушыць ізьвілінамі
ды прыгадаць, якая была другая сталіца БНР, каго з айчынных паэтаў намінавалі
на Нобелеўскую прэмію, а таксама, колькі зараз каштуе кіляграм бульбы. Найбольш
кемлівыя студэнты былі ўзнагароджаныя кружэлкамі беларускіх музыкаў ды
займальнымі фільмамі па-беларуску.
Алесь
Мазанік, ды-джэй Адраджэньня
Фота – Іна Хоміч