Абмеркаванне праекту абноўленай праграмы БХД. НАРОД І КРАІНА

19 мая 2015 14:11  |  Палітыка

Сайт bchd.info працягвае публікацыю частак праекту
абноўленай і пашыранай праграмы Партыі “Беларуская Хрысціянская
Дэмакратыя”. Праект праграмы будзе разгледжаны на ўстаноўчым з’ездзе Партыі
БХД 13 чэвреня. Заўвагі і праўкі просьба дасылаць на [email protected].

1. НАРОД І КРАІНА

1.1. Адраджэнне

 

1.1.1. Наш вобраз Беларусі – гэта незалежная,
дэмакратычная дзяржава, дзе абараняюцца правы і свабоды чалавека, краіна
хрысціянскага адраджэння ў сэрцы Еўропы.

 

1.1.2. Уся
Заходняя цывілізацыя вось ужо 2000 гадоў будуецца на хрысціянскіх падмурках,
таму сапраўды еўрапейская Беларусь можа паўстаць толькі з магутным духоўным
рухам, са светапоглядным абнаўленнем усяго грамадства. Беларуская нацыянальная
ідэя бачыцца нам як самарэалізацыя народа Беларусі ў найважных формах –
незалежнай дзяржаве, беларускай мове, паважных міжнародных стасунках, дасягненні
дабрабыту, сучаснай культуры – на падставе хрысціянскага зместу.

 

1.1.3. Мы
супраць бездухоўнасці, амаральнасці і спустошанасці. Беларусі неабходна
поўнамаштабнае духоўнае абуджэнне, адраджэнне ў людскіх душах стваральнага,
жыццясцвярджальнага і аптымістычнага, сутнасна хрысціянскага і патрыятычнага
светапогляду. Гэта з’яўляецца найпершай, найгалоўнай задачай БХД.

 

1.1.4. З
пачуцця нацыянальнай саматоеснасці вынікаюць і любоў да роднай краіны, і павага
да іншых народаў, і разуменне сваёй адказнасці перад тымі, хто быў, і за тых,
хто будзе пасля.

1.2. Беларуская
нацыянальная ідэя

 

1.2.1. Мы грунтуемся на тым, што беларуская нацыянальная
ідэя зыходзіць з падставовых прынцыпаў хрысціянскага светапогляду: свабоды,
веры, любові, справядлівасці, роўнасці, салідарнасці і адказнасці. Спазнанне
гэтых найвышэйшых ісцін, следаванне ім у паўсядзённым жыцці і ёсць сутнасцю
духоўнага адраджэння.

 

1.2.2. Беларуская
нацыянальная ідэя – гэта місія, сэнс існавання беларускага народу. Любая
нацыянальная ідэя абумоўлена адпаведнай гісторыяй, тэрыторыяй, часам,
менталітэтам, узаемадачыненнямі з суседзямі. Адчуванне гэтага Богам дадзенага
наканавання, усведамленне сваёй унікальнасці і непаўторнасці, свайго
прызначэння менавіта на гэтай зямлі, у гэты час і ёсць нацыянальнай ідэяй. У
кожнай нацыі ёсць вялікая задума Божая, кожнаму народу Бог дае непаўторныя
дарункі – духоўныя, культурніцкія, светапоглядавыя. Кожны народ мусіць несці
адказнасць перад Богам за гэтыя дарункі і служыць ім, і іншым народам, і ўсяму
свету.

 

1.2.3. Мы
лічым, што нашы гістарычныя нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг, як
плашчаніца з крывёю ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, герб “Пагоня” з крыжам
Святой Ефрасіні, гімн “Магутны Божа”, якія найбольш поўна выражаюць змест
спрадвечнага імкнення беларускага народу да хрысціянскай чысціні і духоўнасці,
рашучасць высілкаў нацыі для дасягнення праўды і справядлівасці – павінны стаць
дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. Мы заклікаем да вяртання, павагі і шанавання
нацыянальнай гістарычнай сімволікі Беларусі як неад’емнай часткі нашай
гістарычнай і культурнай спадчыны.

 

1.2.4. Мы таксама прызнаем права на існаванне і
выкарыстанне любой іншай сімволікі, якая прымаецца канстытуцыйным чынам
беларускім грамадствам, за выключэннем сімволікі, звязанай з прапагандай нацысцкай,
бальшавіцкай ці любой іншай ідэалогіі, не сумяшчальнай з хрысціянствам,
годнасцю і свабодай чалавека.

 

1.2.5. Для нас нацыянальная ідэя – гэта не тое, што народ
думае пра сябе ў часе, а тое, што Бог думае пра гэты народ у вечнасці. Мы
пазнаем замысел Божы для Беларусі ў хрысціянскім змесце нацыянальнай ідэі,
нацыянальных сімвалах, асаблівасцях менталітэту, гістарычнай місіі і культуры,
асобах герояў. Для нас відавочна – нацыянальная свядомасць робіць веру ў Хрыста
больш глыбокай, а вера адкрывае несвядомаму Радзіму.

1.3. Аб’яднанне народа

 

1.3.1. Мы разумеем паняцце “народ” у біблейскім
сэнсе – як сукупнасць мінулых, сённяшніх і будучых пакаленняў, з’яднаных у
гістарычную супольнасць месцам жыхарства, паходжаннем, свядомасцю, мовай,
культурай і асаблівым духоўным кодам, пакліканнем і прызначэннем. Мы адказныя
за сваю краіну найперш перад Богам і суайчыннікамі, а таксама перад продкамі і
нашчадкамі.

 

1.3.2. Найважная задача БХД – кансалідацыя грамадства вакол
ідэяў духоўнага адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістарычнай
пераемнасці і адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру, стварэнне на
гэтай базе шматаблічнага і паўсюднага нацыянальнага руху. Абарона хрысціянскіх
каштоўнасцяў, суверэнітэту і дэмакратыі, змаганне са спадчынай таталітарнага савецкага
рэжыму, з русіфікацыяй і наступствамі Чарнобылю, заслон спробам паняволення,
распродажу Беларусі, адпор агрэсіі крыміналу, наркотыкаў, экстрэмізму,
алкагалізму, маральнай дэградацыі патрабуюць гуртавання ў адзіны народны рух
усіх здаровых сіл грамадства: палітычных партыяў і арганізацыяў, сацыяльных
груп і асобных грамадзян.

 

1.3.3. З сённяшнім цяжкім становішчам у краіне пад сілу
справіцца толькі ўсяму народу, свядомасць якога прасякнута духам хрысціянскага
адраджэння і нацыянальнай ідэяй. Пакліканне БХД заключаецца ў тым, каб стаць
ідэалагічным і арганізацыйным ядром такога ўсенароднага руху. Такім чынам,
стварэнне дзейснага нацыянальнага руху, угрунтаванага на хрысціянскіх
каштоўнасцях, з’яўляецца галоўнай аб’яднаўчай стратэгіяй БХД, а таксама асноўным
матывам міжпартыйных дачыненняў і пагадненняў. Пры правядзенні
агульнанацыянальных кампаніяў, выбараў ці акцыяў пратэсту мы павінны быць
упэўненыя ў тым, што нашыя хаўруснікі адстойваюць менавіта маральныя
каштоўнасці, нацыянальныя інтарэсы і перспектывы адраджэння, і што вынікі нашай
супольнай працы не будуць супярэчыць нашым памкненням.

 

1.3.4. БХД лічыць, што беларускія вуліцы і плошчы не
павінны насіць імёнаў тых людзей, якія выкаранялі веру, знішчалі беларусаў за
іх беларускасць, забівалі невінаватых пад лозунгамі “класавай барацьбы” і
“сусветнай рэвалюцыі”: Леніна, Дзяржынскага, Карла Маркса, Кірава, Свярдлова,
Суворава і іншых. Як толькі зменіцца ўлада – БХД правядзе перайменаванне
адпаведных назваў пакетам, маючы на мэце найперш ушанаванне памяці выбітных
землякоў і аднаўленне ў тапаніміцы гістарычнай справядлівасці.

1.4. Лідэрства БХД

 

1.4.1. У нацыянальным руху БХД мусіць імкнуцца да
найбольшай адказнасці і ролі авангарду ў кожнай сферы дзейнасці. З гэтага
вынікае імператыў ініцыятывы і лідэрства БХД у грамадска-палітычным працэсе ў
Беларусі.

 

1.4.2. Лідзіруючае
становішча БХД у першую чаргу мусіць дасягацца праз гуртаванне вакол партыі
нацыянальнай эліты.

 

1.4.3. БХД лічыць, што неабходна развіваць нацыянальную
свядомасць кожнага чалавека. Толькі чалавек з высокай нацыянальнай свядомасцю,
які валодае маральна-этычнымі каштоўнасцямі і любіць сваю Бацькаўшчыну, здольны
ў большай ступені прыносіць карысць грамадству, сваёй сям’і і самому сабе.

 

1.5. Месца і роля
нацыянальных і канфесійных меншасцяў у Беларусі

 

1.5.1. У Беларусі, якая спрадвеку знаходзіцца на
геапалітычным скрыжаванні, сумежжы цывілізацыяў і культур, нацыянальная ідэя
спалучае многія этнічныя і
светапоглядавыя элементы. Мы падтрымліваем усе нацыянальныя меншасці краіны ў
іх праве ствараць шматаблічнасць беларускага грамадства. Беларусь усёй сваёй
гісторыяй сцвярджае ідэал верацярпімасці і ўзаемапавагі ў суіснаванні розных
народаў і рэлігіяў.

 

1.5.2. Мы
падкрэсліваем, што ідэя стварэння нацыянальнага руху ў нашым разуменні ніяк не
азначае дыскрымінацыі нацыянальных ці канфесійных меншасцяў, а наадварот,
адкрывае ўсім грамадзянам Беларусі, незалежна ад іх паходжання, нацыянальнасці
ці веравызнання, магчымасць для паўнавартаснага ўдзелу ў грамадскім жыцці. БХД
павінна праявіць сваю салідарнасць з усімі нацыянальнымі супольнасцямі
Рэспублікі Беларусь у іх правах.

 

1.5.3. БХД лічыць, што распальванне нацыянальнай
нянавісці, дыскрымінацыя грамадзян паводле этнічных і расавых прыкмет
несумяшчальная з хрысціянскімі прынцыпамі і павінна карацца законам.

 

1.6. У сферы нацыянальнай
палітыкі БХД выступае за:

 

1.6.1. –
духоўнае абуджэнне на падставе хрысціянскіх прынцыпаў і светапогляду, у аснове
якіх палягаюць свабода, вера, любоў, справядлівасць, роўнасць, салідарнасць і
адказнасць;

 

1.6.2. – незалежную, дэмакратычную Беларусь, дзе
абараняюцца правы і свабоды чалавека;

 

1.6.3. – вяртанне нашых нацыянальных сімвалаў –
бел-чырвона-белага сцяга, герба “Пагоня”, гімна “Магутны Божа”;

 

1.6.4. – вяртанне гістарычных назваў вуліц і плошчаў,
увекавечанне памяці беларускіх нацыянальных дзеячаў і герояў веры;

 

1.6.5. – належную абарону, аднаўленне і рэстаўрацыю
помнікаў архітэктуры, гісторыю і культуры;

 

1.6.6. – кансалідацыю грамадства вакол ідэяў духоўнага
адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістрычнай пераемнасці і
адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру;

 

1.6.7. – згуртаванне ўсіх здаровых сіл грамадства ў
барацьбе з наступствамі чарнобыльскай трагедыі, выміраннем беларускай нацыі,
алкагалізмам, наркаманіяй і маральнай дэградацыяй;

 

1.6.8. – павагу да іншых народаў і культур, свабоднае
развіццё нацыянальных меншасцяў, іх моў і культур Беларусі;

 

1.6.9. – лідэрства партыі хрысціянскай дэмакратыі ва ўсіх
сферах грамадскага жыцця як партыі народнай большасці.

 

Болей навін