Садоўскі: ЦВК вольны беспакарана парушаць заканадаўства аб зваротах грамадзян
Сябры кампаніі «Права выбару-2015» атрымалі адказ на скаргу на Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў з Камітэта дзяржаўнага кантролю.
У адказе паведамляецца, што КДК не знайшоў прычын, каб прыцягнуць Цэнтрвыбаркам да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з парушэннем апошнім тэрмінаў адказу ў адпаведнасці з законам «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб».
Паводле КДК прапановы па зменах выбарчага заканадаўства, якія накіравалі ў Цэнтрвыбаркам суб’екты кампаніі «Права выбару-2015», з’яўляюцца па сутнасці прапановамі аб прыняцці праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў» і не падлягаюць разгляду ў адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян.
Кампанія «Права выбару-2015» лічыць, што Камітэт дзяржаўнага кантролю самаўхіліўся ад выканання свайго абавязку прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці супрацоўнікаў Цэнтральнай камісіі. Замест таго каб даць ацэнку факту адсутнасці адказу на зварот у Цэнтральную камісію шэрагу палітычных партый, КДК узяўся аналізаваць сам змест звароту аб ўдасканаленні Выбарчага кодэкса. КДК сцвярджае, што гэты зварот быў формай рэалізацыі заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, якая рэалізуецца згодна з асобным парадкам ініцыятыўнай групай у колькасці не меней за 100 чалавек.
Гэткая трактоўка з’яўляецца неправамернай: Выбарчы кодэкс відавочна падзяляе заканадаўчую ініцыятыву грамадзян (якая рэалізуецца ініцыятыўнай групай, зарэгістраванай у ЦВК згодна з п.10 арт.33 Выбарчага кодэкса) ад працы Цэнтральнай камісіі па разглядзе зваротаў арганізацый (п.27 арт. 33 Выбарчага кодэкса) і па сістэматызацыі выбарчай практыкі і ўдасканаленні выбарчага заканадаўства (п. 28 і 29 арт. 33 Выбарчага кодэкса).
Такім чынам КДК дае зразумець, што Цэнтральная камісія ў сваёй працы вольная беспакарана парушаць заканадаўства пра звароты грамадзян і арганізацый. Гэткі падыход некарэктны і спрыяе больш грунтоўным парушэнням заканадаўства ўжо ў часе самой выбарчай кампаніі, бо ставіць Цэнтральную камісію па-над законам.
Адсутнасць звароту на прапановы па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства будзе абскарджаная суб’ектамі кампаніі “Права выбару-2015” у судовым парадку ў адпаведнасці з п.6 арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.
Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару-2015» Дзяніс Садоўскі лічыць, што Цэнтрвыбаркам у сваёй працы вольны беспакарана парушаць заканадаўства аб зваротах грамадзян і арганізацый.
– Такі падыход у трактоўцы заканадаўства інакш як ганебным не назавеш. Гэта можа спрыяць толькі большым парушэнням заканадаўства ўжо ў часе самой выбарчай кампаніі, бо ставіць Цэнтральную камісію па-над законам. Суб’екты кампаніі “Права выбару-2015″ лічаць гэткую практыку недапушчальнай. У часе маючай адбыцца выбарчай кампаніі назіральнікі будуць прымушаць выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, ад участковай да цэнтральнай, даваць адказы на ўсе звароты назіральнікаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам”, – гаворыць Дзяніс Садоўскі.
У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.