Змітра Лупача будуць судзіць 10 ліпеня
На глыбоцкіх журналістаў Таццяну Смоткіну і Зміцера Лупача (сябар аргкамітэту БХД) склалі пратаколы за парушэнне заканадаўства аб СМІ па артыкуле 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Суд над Таццянай адбудзецца 9-га ліпеня, над Зміцерам – 10-га ліпеня, паведамляе “Вясна”.
25 чэрвеня абодвух журналістаў апытаў старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла. Праз некалькі дзён ён жа склаў пратаколы правапарашэння на Таццяну Смоткіну і Зміцера Лупача.
“Падчас складання пратаколу я сказала, што адмаўляюся адказваць на пытанні, бо 27 артыкул Канстытуцыі дазваляе на сведчыць супраць самой сябе. А ў судзе гатовая паўтарыць, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае права кожнаму грамадзяніну як здабываць інфармацыю, так і дзяліцца ёй з ішымі”, – распавяла Таццяна Смоткіна.
Супраць Таццяны распачатая адміністрацыйная справа за артыкул “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі”, размешчаны 9 чэрвеня на сайце Беларускага “Радыё Рацыя” (Польшча). Паводле матэрыялаў справы, яна ініцыявана Глыбоцкая пракуратурай. Міліцыі было дадзена даручэнне спраўдзіць, ці мае журналістка акрэдытацыю ад замежнага СМІ, і ці з’яўляецца яе журналісцкая дзейнасць правапарушэннем. На думку міліцыі, гэта так, і старшы інспектар Вячаслаў Барыла перадаў дакументы справы ў суд.
Перададзены ў суд і матэрыялы адміністрацыйнай справы Зміцера Лупача. Яго вінавацяць паводле таго ж артыкула 22.9 КаАП за артыкул “Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года”, размешчаны на сайце “Еўрарадыё”.
Пратакол пра правапарушэнне склаў таксама старшы інспектар Вячаслаў Барыла, кажа Зміцер:
“У маей справе ёсць раздрукоўка гэтага тэксту з інтэрнэт-сайта без пазначэння аўтарства, а таксама ксеракопія з газеты “Вольнае Глыбокае”, дзе пад артыкулам стаіць маё прозвішча. На думку супрацоўніка міліцыі, аўтарства артыкула ў газеце з’яўляецца доказам таго, што я супрацоўнічаю і з замежным СМІ. Вінаваты я нібыта таму, што “размясціў гэты матэрыял у кампутарнай сетцы інтэрнэт”. Сфармулявана гэта абвінавачанне не дужа літаратурна, дый само яно не адпавядае рэчаіснасці – я нічога нідзе не размяшчаў, не распаўсюджваў, а напісанне артыкулаў і збор інфармацыі не з’яўляецца правапарушэннем”.
Прозвішча суддзі, які будзе разбіраць справы журналістаў, пакуль невядомае.
Абодва судовыя працэсы распачнуцца ў 10.00 у Глыбоцкім райсудзе.