Таццяна Севярынец: Дзеля каго грукаем мы ў дзверы?
Збор подпісаў за што-небудзь — сваеасаблівы скан стану грамадства, яго настрою, стаўлення да жыцця. Грамадская ініцыятыва “За якасную медыцыну ў Віцебску” другі год, амаль бесперапынна, працуе над гэтай праблемай. За ёй — каля 8 тыс. подпісаў пад калектыўнымі зваротамі спачатку за будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў мікрараёне Білева,1,2,3, потым – праз шырокае анкетаванне жыхароў па праблемах медыцыны, высвятленне іх і вывучэнне, падачы подпісаў ў адпаведныя ўстановы, уключна з Міністэрствам аховы здароўя, прыёмы ў гарадскога начальства, сустрэчы, ліставанні і скаргі.
Вырваныя абяцанні пачаць будоўлю паліклінічнага комплексу ў Білева ў 2015 годзе, адсочванне за ўзноўленым будаўніцтвам паліклінікі ў мікрараёне “Поўдзень-7” (3 гады марнавалася ў летаргічным сне), за бясконцым рамонтам 1-га корпусу абласной інфекцыйнай бальніцы, бальніцы №2, мноствам арганізацыйных праблем у галіне медыцыны прывялі актывістаў да жадання даць кардынальныя прапановы па яе рэфармаванні.
“Вось пад гэтыя прапановы подпісы і збіраем. У Білева прасцей. Там жыве ў асноўным моладзь, шматдзетныя сем’і. Людзі там яшчэ вераць у светлую будучыню. Мікрараёны “Поўдзень-4,5, 6,7 ужо паспелі састарэць. І калі ў Білева мы невялікай камандай маглі за вечар сабраць каля 300 подпісаў, то тут усё значна складаней”, – адзначае кіраўнік кампаніі, каардынатар аргкамітэту БХД Таццяна Севярынец.
–Добры вечар! Збіраем подпісы за паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўванню ў Віцебску…(так пачынаем свой мэседж)
1.– Якая медыцына? Ідзіце адкуль прыйшлі! – дзверы злосна зачыняюцца за раз’юшанай гаспадыняй.
2.—Ідзіце прэч са сваімі дактарамі! Ледзь жывая выпісалася з бальніцы!
3—Нічога не хачу! Ніякія подпісы ставіць не буду!
4. –Нічога мне не трэба!
5. Выслухоўвае, чытае зварот, аналізуе прапановы, распавядае пра свае болькі –то добра, але нічога не зменіцца, усё ў заняпадзе. Не веру!
6.—А дзе грошы ўзяць? – Дык мы ж прапануем…—Раскрадуць усё роўна!
7.—Добрая справа! Дзякуй вам! Поспехаў!
“Апошняе чуем значна радзей. На прапанову далучыцца і дапамагчы, у асноўным, у адказ ці маўчанне, быццам і не пачулі, ці прабачэнне, што моцна занятыя, бо дзеці, карміць трэба, зарабляць… І паўстае за ўсімі гэтымі дыялогамі знявераны, спусташоны, абыякавы нават да сябе беларус. І шкада яго, і балюча за яго. Ён ні да чаго не варты: ні да супраціву, ні да пратэсту, ні да якога іншага кроку,каб нешта змяніць. Ён забіты і загнаны, нікому не верыць, усяго баіцца, ён будзе душыцца ў чарзе за бясплатнай кока-колай ці чыпсамі, глядзець свой тэлевізар, крычаць з-за дзвярэй,альбо крадком, зазірнуўшы ў вочка, адыйдзе ад іх, калі нехта пасунецца з нейкай ініцыятывай.
Хто вінаваты, што ён стаў такім? Так. СІСТЭМА. Гэты шматжэрны монстр з тупым позіркам забойцы. Шафа-амапавец, які прагне крыві, тлусты самазадаволены чыноўнік, які шапаціць у кішэні накрадзенымі грашыма.
Але ёсць, праглядаюць твары з прыязнай усмешкай, з палаючымі яшчэ марамі вачыма. З жаданнем жыць прыстойна ў роднай Беларусі. Дзеля іх і дзеля тых, знявераных і абыякавых, грукаем мы ў дзверы”, – дадае Таццяна Севярынец.