Урад для народа: распрацаваны праект Закона аб культуры для Беларусі
25 жніўня, у дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі, на сядзібе “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” прайшоў круглы стол аб неабходных зменах у заканадаўстве аб культуры. Ён адбыўся ў межах кампаніі “Урад для народа”, ініцыяванай аргкамітэтам партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Арганізатарам выступіў Інстытут развіцця дэмакратыі і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Еўропы.
Чаму нельга прымаць Кодэкс аб культуры, і які Закон аб культуры патрэбны Беларусі? Чаму пытанні хрысціянскіх каштоўнасцяў павінны быць абавязкова інтэграваны ў будучы Закон аб культуры? Ці дастаткова будзе 2,5% бюджэту Беларусі для фінансавання культуры? Якія рэформы ў сферы культуры патрэбныя ў першую чаргу? На гэтыя і іншыя пытанні ў сваёй прэзентацыі новага Закона аб культуры адказаў яго распрацоўшчык – гісторык, археолаг, старшыня Таварыства беларускай мовы, аўтар першага ў Савецкім Саюзе Закона аб культуры Алег Трусаў.
У абмеркаванні законапраекта прынялі ўдзел — вядомы беларускі мастак і грамадскі дзеяч Алесь Марачкін, доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў, палітыкі Лявон Баршчэўскі Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец, кіраўнік “Таварыства беларускай школы” Алесь Лозка, паэты Галіна Каржанеўская і Славамір Адамовіч, мастак і ілюстратар Мікола Купава, пісьменнікі і журналісты Аляксандр Тамковіч і Аляксей Шэін. Таксама свае прапановы для абмеркавання за круглым сталом перадаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі святых Сымона і Алены.
Сёння неабходнасць хуткіх і рашучых рэформаў у галіне культуры абгрунтавана занядбаным станам беларускай культуры, а таксама крытычным станам беларускай дзяржаўнасці і пагрозай незалежнасці. Досвед Украіны паказвае, што наяўнасць планаў рашучых рэформаў у выпадку нечаканых зменаў можа мець выратавальнае значэнне для краіны.
Законапраект адкрыты для абмеркавання. Кожны жадаючы можа даслаць свае прапановы, пасля чаго законапраект чакае міжнародная экспертыза.