БХД змагаецца за цвярозасць беларусаў, пакуль дзяржава стымулюе спажыванне алкаголю (відэа)

16 верасня 2015 11:39  |  Грамадства

БХД змагаецца за цвярозасць беларусаў, пакуль дзяржава стымулюе спажыванне алкаголю (відэа)

Чальцы незарэгістраванай партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя звяртаюцца да ўладаў і просяць «перастаць спайваць народ».

Грамадска-палітычны рух паставіў барацьбу з алкагалізацыяй насельніцтва сярод сваіх палітычных мэтаў.

Хрысціянскія дэмакраты не пойдуць на выбары, але будуць праводзіць свае, паралельныя выбарам, кампаніі. Як паведамілі сёння ў арганізацыйным камітэце БХД, бліжэйшым часам яны плануюць зарэгістравацца як грамадскае аб’яднанне ды распачаць кампанію «За якасную і даступную медыцыну для ўсіх». Барацьба за здароўе беларусаў – лагічны працяг антыалкагольнай кампаніі БХД.

«Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя цэлы год намагалася рупліва, з дапамогай цэркваў, з дапамогай мясцовых грамадаў абмежаваць продаж алкаголю. Развесці месцы продажу алкаголю: прадукты асобна ад алкаголю. Дамагчыся таго, каб быў павялічаны ўзрост, з якога прадаюць алкаголь, каб зменшаны часавы прамежак, у які могуць прадаваць алкаголь», – кажа прадстаўнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец.

Але антыалкагольным захадам хрысціянскіх дэмакратаў супрацьстаіць суб’ект, што атрымлівае прыбытак з кожнай прададзенай бутэлькі гарэлкі альбо пладова-ягаднага віна. Дзяржава. Спачатку ўрад дазволіў 24-хгадзінны продаж алкаголю. Потым Міністэрству гандлю забараніў ставіць нацэнку больш як 60% на моцныя спіртовыя напоі ў аб’ектах грамадскага харчавання. Паводле чыноўнікаў, гэта мусіць павысіць культуру спажывання алкаголю. Але ўладальнікі кавярняў і рэстарацыяў чамусьці не радуюцца.

«Будуць прыходзіць людзі, каб выпіць стопачку, дзве, тры, пяць. Без закускі, без нічога. Калі раней людзі прыходзілі пасядзець, паесці, добры кактэйль выпіць, ці піва, культурна…То цяпер будуць забягаць таннай гарэлкі напіцца», – заўважае дырэктарка кавярні «Містраль» Ала Шчарбакова.

У БХД мяркуюць, што ўрад наўмысна пашырае спажыванне алкаголю.

«Співайцеся, дарагія беларусы. Мы выграбем з вашых кішэняў апошняе, каб заткнуць дзіры ў сваім бюджэце. Каб накарміць сілавікоў, каб накарміць карны апарат і чынавенства. А таксама забяспечыць так званыя выбары», – тлумачыць матывацыю ўладаў Павел Севярынец.

Выбары таксама не абыходзяцца без зніжак на гарэлку. Проста на ўчастках.

«Побач з участкамі вы ні ў якіх краінах не пабачыце, ні ў Швецыі, ні ў Нарвегіі. Алкаголь проста забаронены ў дзень выбараў да продажу. Мы павінныя дамагчыся гэтага і ў Беларусі», – кажа актывістка БХД Вольга Кавалькова.

Ва ўрадзе, аднак, адзначаюць, што продажы легальнага алкаголю працягваюць падаць. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў расце абарот «паленай» гарэлкі і спірту, на 80% гэта прывезены з Расеі сурагат. Расце колькасць адміністратыўна пакараных за п’янства ў грамадскіх месцах. Сёлета на 35% больш беларусаў накіравалі ў ЛТП – лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Але нават без статыстыкі ўсё больш заўважна, як танны легальны і нелегальны алкаголь прасякае грамадства.

Абмяжоўваць продаж гарэлкі альбо рабіць больш шчыльнаю мяжу з Расеяй урад пакуль не плануе. Але Міністэрства ўнутраных справаў прапанавала ўзмацніць адміністратыўную адказнасць за перамяшчэнне, захоўванне і продаж спіртовых напояў, вышэй за дапушчальную норму. Ажно да канфіскацыі спіртавозных машынаў.

Яраслаў Сцешык, Белсат

Болей навін