Найбольшая колькасьць назіральнікаў — у «Права выбару — 2015»
Найбольшую колькасьць назіральнікаў ад дэмакратычных арганізацыяў Беларусі на галасаваньні падчас прэзыдэнцкіх выбараў выставіць грамадзкая кампанія «Права выбару — 2015». 1694 актывісты будуць весьці назіраньне ад 6 па 11 кастрычніка ўключна на 741 выбарчым участку. Прычым сёлета гэта будуць актыўныя назіральнікі — падкрэсьлілі сёньня сустаршыні «Права выбару — 2015» на сваёй прэсавай канфэрэнцыі.
Кожны з назіральнікаў прайшоў курс навучаньня і здаў іспыт. Каардынатары кампаніі ўпэўненыя, што гэтыя людзі ведаюць выбарчае заканадаўства і практыку яго прымяненьня лепей за бальшыню сябраў выбарчых камісіяў. «Таму яны гатовыя да актыўнага назіраньня», — заявіў адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі:
«Гэта ня проста фіксацыя. Але, наколькі нам дазваляе выбарчае заканадаўства, гэта і супрацьдзеяньне тым фальсыфікацыям, тым парушэньням, якія плянуюцца і будуць на выбарчых участках. Яны выцякаюць з таго, што, пачынаючы ад фармаваньня выбарчых камісіяў, улада паказвае — ніякай лібэралізацыі выбараў і адкрытага падліку галасоў яна не плянуе.
Мы пакрыем назіраньнем больш за 100 населеных пунктаў. Гэта — Менск, усе абласныя гарады, бальшыня раённых цэнтраў і частка сельскай мясцовасьці. Наша назіраньне арганізавана так, што яго вынікі можна транспаніраваць і на нацыянальны ўзровень».
Каардынатар Алесь Сілкоў паведаміў, што грамадзкія назіральнікі пачынаюць сваю працу сёньня, і патлумачыў, чаму кампанія «Права выбару — 2015» ня здолела знайсьці больш актывістаў:
«Мы маглі б закрыць значна большую колькасьць участкаў. Але ж ёсьць датэрміновае галасаваньне. І дзе знайсьці шмат людзей, якія могуць кінуць працу на пяць дзён?! А наша патрабаваньне вельмі жорсткае — на ўчастку, за якім мы назіраем, назіральнік павінен быць увесь час. Калі зь нейкай нечаканай прычыны на дадзеным участку няма нашага чалавека, мы гэты ўчастак ня ўводзім у агульную базу і не карыстаемся лічбамі зь яго.
Кожны з нашых назіральнікаў, які будзе акрэдытоўвацца на выбарчым участку, перадасьць старшыні камісіі нашу прапанову аб адкрытым падліку галасоў. Згодна зь першай часткай артыкула 13 Выбарчага кодэксу выбары ў Беларусі праходзяць адкрыта і галосна. І таму мы просім, каб усе сябры ўчастковай камісіі, а таксама назіральнікі бачылі кожны бюлетэнь. Калі ж гэтага ня будзе, тады нашы назіральнікі могуць з поўнай упэўненасьцю напісаць, што вынікі галасаваньня на гэтым канкрэтным участку ня маюць юрыдычнай моцы, бо іх ніхто ня бачыў».
Галоўнае, на што арыентаваныя назіральнікі ад «Права выбару — 2015», — яўка выбарцаў і падлік бюлетэняў, — сказаў Дзяніс Садоўскі:
«Мы будзем штодня даваць параўнальную інфармацыю — яўку, якую паказвае выбарчая камісія, і нашу лічбу за гэты ж час. І будзе магчымасьць штодня параўнаць рэальную яўку на нашых участках зь сярэдняй па краіне, якую абвяшчае Цэнтравыбаркам.
І Лідзія Ярмошына, і Аляксандар Лукашэнка ўжо заяўлялі, што падлік галасоў будзе празрысты. Вядома, яны ўкладаюць у гэтае слова нейкі іншы сэнс, чым гэта павінна быць згодна зь міжнароднымі нормамі і агульным разуменьнем. Але і гэтаму этапу мы будзем надаваць шмат увагі — ці будзе празрысты падлік галасоў, ці не?»
Сёньняшняя прамежкавая справаздача «Права выбару — 2015» стала ўжо чацьвёртай. Яна ахоплівае этап перадвыбарчай агітацыі. Паводле экспэртаў, пасьля таго як фінансаваньне выбарчай кампаніі стала выключна дзяржаўным, колькасьць улётак, плякатаў ды іншых агітацыйных сродкаў значна зьменшылася. Пра гэта ж казаў сёньня і старшыня партыі БНФ, якая ўваходзіць у кампанію «Права выбару — 2015», Аляксей Янукевіч:
«Раней у нас не было нармальнага падліку галасоў, цяпер няма і нармальнай агітацыі. Прычым няма агітацыі і абмеркаваньня асобаў кандыдатаў і няма агітацыі і абмеркаваньня важных, сур’ёзных тэмаў, якія існуюць сёньня ў грамадзтве. Гэта вельмі добра бачна на тэме расейкай вайсковай базы. Яна вельмі балючая. І мы бачым, што памкненьні грамадзянаў абмеркаваць праграмы кандыдатаў і гэтую тэму канкрэтна натыкаюцца на супрацьдзеяньне ўладаў.
Мы бачым, што сёлета ўлада зьвяла ўсю рознабаковую перадвыбарчую агітацыю выключна да агітацыі за ўдзел у выбарах, за прыход на выбарчыя ўчасткі. Гэта асноўнае пасланьне, якое застаецца ў грамадзтве».
У кампанію «Права выбару — 2015» уваходзяць восем палітычных структураў. Гэта — партыі БНФ і БСДП (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя», аргкамітэты па стварэньні партыяў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Свабоды і прагрэсу, рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці.