БХД і АГП перадалі свае прапановы па карэкціроўцы генплана Мінска
Прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) 5 лістапада перадалі ва УП “Мінскграда” свае прапановы ў рамках грамадскага абмеркавання карэкціроўкі генплана развіцця Мінска.
Лідар АГП Анатоль Лябедзька перадаў сабраныя ім 3 лістапада подпісы грамадзян супраць ўшчыльняючай забудовы сталіцы і за падаўжэнне тэрмінаў грамадскага абмеркавання генплана. За адну гадзіну каля Камароўскага рынку было сабрана больш за 140 подпісаў.
Больш за 300 подпісаў грамадзян таксама атрымалася сабраць актывістам аргкамітэта БХД. Іх прапановы больш дэталёвыя. Як паведаміла БелаПАН перад падачай папер прадстаўнік аргкамітэта Вольга Кавалькова, прапановы тычацца абмежавання аб’ёмаў звышшчыльнай забудовы, захавання ў горадзе наяўнага прыватнага сектара забудовы, зялёных зон і спартыўных пляцовак.
Актывісты таксама лічаць неабходным прыняць рашэнне аб пашырэнні межаў Мінска за кальцавую дарогу, змяніўшы прызначэнне нерэнтабельных і экалагічна небяспечных ворных зямель у 15-кіламетровай зоне вакол горада і аддаўшы іх пад нізкапавярховую забудову. Адна з ідэй – ўзводзіць новыя шматпавярховыя жылыя дамы і адміністрацыйныя будынкі ў гарадской мяжы «толькі з пісьмовай згоды большасці жыхароў дамоў у радыусе 200 метраў ад планаванай пабудовы».
Цікавасць палітычных структур да тэмы карэкціроўкі генплана Мінска Анатоль Лябедзька патлумачыў так: «Мы грамадзяне, мы жывем у гэтым горадзе, ходзім па гэтых вуліцах, мы сябе не адлучаем ад жыхароў Мінска».
Палітык таксама не выключыў, што пытанне далейшага развіцця сталіцы, і ў прыватнасці яе генплана, будзе гучаць падчас парламенцкай кампаніі 2016 года. «Яшчэ адна тэма, якая ўсплывае ў сувязі з карэкціроўкай генплана, – гэта пытанне карупцыі. Тое, як ствараўся гэты генеральны план, на наш погляд, гэта прамы шлях да карупцыйных схемаў. Ніхто не дае адказу, што будзе, калі зачысціць тэрыторыі аднапавярховай забудовы. Там з’явіцца, хутчэй за ўсё, добрае жыллё. Хто туды прыедзе: працоўныя з прадпрыемстваў з заробкам тры-пяці мільёнаў? Гэта азначае, што ў нас могуць там з’явіцца кітайскія альбо арабскія кварталы, але гэта не будуць жыхары Мінска», – заявіў Лябедзька.
«Абмяркоўваючы генплан, мы выходзім у канчатковым выніку на галоўнае пытанне: хто і як фарміруе гарадскую ўладу, наколькі залежыць мэр ад жыхароў горада? Мы ўсё роўна упіраемся ў палітычныя пытанні», – падкрэсліў лідар АГП.
Грамадскае абмеркаванне праекта карэкціроўкі генеральнага плана развіцця Мінска да 2030 года завяршаецца 5 лістапада.