У Адміністрацыі прэзідэнта даручылі МінЖКГ адказаць, чым кіраваліся ў АП пры павышэнні тарыфаў
На адкрыты зварот прадстаўнікоў ГАБП “Наша пакаленне” (зарэгістравана ў Польшчы) і Сеньёрскай арганізацыі аргкамітэта партыі БХД у Міністэрства ЖКГ, Савет Міністраў, Мінгарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта з прапановай адказаць з эканамічнага, маральнага і лагічнага пунктаў гледжання на некаторыя пытанні, якія тычацца новых правілаў аплаты паслуг за камуналку, пачалі прыходзіць адпіскі.
Так, з Адміністрацыі прэзідэнта зварот перанакіравалі ў МінЖКГ. Пры гэтым як міністэрства зможа адказаць на пытанне, чым кіравалася Адміністрацыя прэзідэнта, калі ўводзіла новыя правілы збірання платы за тэхабслугоўванне ліфта? (Указ прэзідэнта № 535).
А з Мінгарвыканкама зварот накіравалі ў ГА “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”, хоць менавіта Мінгарвыканкам прымаў рашэнне ўсталяваць новыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў беларускай сталіцы. А Саўмін даручыў МінЖКГ адказаць, «якія меры нашым урадам былі прынятыя для памяншэння выдаткаў Міністэрствам ЖКГ і, адпаведна, «патаннення» «жыровак»». У прыватнасці, аўтараў звароту цікавілі пытанні адлічэнняў на капітальны рамонт, аплаты радыё, тлумачэнні графы «тэхнічнае абслугоўванне».
«Нягледзячы на тое, што яшчэ не атрыманы адказ ад Міністэрства ЖКГ, становіцца відавочным, што ўлады лічаць за лепшае не адказваць за свае “заканадаўчыя ініцыятывы”, а проста перакладаць адказнасць на іншых. Чамусьці адказнасць за тое, што зрабілі Адміністрацыя прэзідэнта, Савет Міністраў і Менгарвыканкам, ляжыць на асобна ўзятым ведамстве. У чарговы раз улада вырашыла згуляць у гульню пра “добрага цара і злых баяраў”, спадзеючыся, што народ будзе задаволены пасадкамі “стрэлачнікаў”», – адзначаюць лідары пенсіянерскіх арганізацый.