У Слоніме БХД праводзіць пікет не дазволілі
6 красавіка слонімскія сябры аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” падалі ў Слонімскі райвыканкам заяўку на правядзенне 24 красавіка пікету ў гарадскім парку Слоніма.
Праз пікет слонімцы хацелі прыцягнуць увагу жыхароў горада да альтэрнатыўных прапаноў па змене існуючай сацыяльна-эканамічнай мадэлі і забеспячэнні годнага жыцця грамадзян, падвышэнні дабрабыту, стварэнні новых працоўных месцаў і за адмену кантрактнай сістэмы найму на працу для шараговых работнікаў.
16 красавіка слонімскія хрысціянскія дэмакраты атрымалі пісьмовы адказ з мясцовага райвыканкама за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Кацярыны Руткоўскай, у якім паведамляецца, што ў правядзенні пікету адмоўлена. Падставай для адмовы паслужыла тое, што пададзеныя ў райвыканкам дакументы нібыта не адпавядаюць артыкулу 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 года „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
Па словах аднаго з заяўнікаў Алеся Масюка, адказ з райвыканкама атрымаўся прадказальным. “Слонімскія ўлады ўжо на працягу больш чым 15 гадоў не дазваляюць прадстаўнікам дэмакратычных сілаў праводзіць масавыя мерапрыемствы. Праз публічную акцыю мы хацелі выказаць сваю нязгоду з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне. Усе бачаць, што з кожным днём выжываць становіцца цяжэй і цяжэй. Пастаянна растуць цэны, а зарплаты пры гэтым змяншаюцца. Людзей звальняюць з працы, пакідаючы без сродкаў на існаванне, а знайсці новую працу вельмі складана. Уводзяцца розныя падаткі і зборы, павялічылі пенсійны узрост. Прыйшоў час усім нам стаць на абарону сваіх законных правоў, дабрабыту сваіх сем’яў, на абарону будучыні нашых дзяцей”, – сказаў Алесь Масюк.