Каля турмы прайшла акцыя салідарнасці з Джонам Сільверам ФОТА, ВІДЭА
Сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец заклікаў прыходзіць на акцыю салідарнасці «Свабоду Эдуарду Пальчысу» пад СІЗА на Валадарскага, 2, а 18-й гадзіне.
У прызначаны час пад сценамі СІЗА сабралося 5 чалавек. Сярод іх — арганізатар акцыі Павел Севярынец, актывісты Вольга Мікалайчык і Максім Вінярскі. Астатнія — журналісты і праваахоўнікі ў цывільным.
Актывісты разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг і плакаты «Свабоду Пальчысу!», «Эдуард Пальчыс у кіпцюрах КГБ» і іншыя. Удзельнікі скандуюць: «Сільверу — свабоду!»
Міліцыянты ў форме пішуць пратаколы. Таксама прысутнічаюць 9 чалавек у цывільным. Адзін з іх загадаў міліцыянтам: «Уйдите за угол», і тыя, аформіўшы пратаколы, сышлі.
Журналісты пытаюцца ў Паўла, колькі яшчэ працягнецца акцыя. «Трэба яшчэ пакрычаць, хутка вячэра на Валадарцы будзе», — адказвае той.
Севярынец заклікае пісаць Пальчысу лісты падтрымкі на адрас: Мінск, 220050, Валадарскага 2, Пальчысу Эдуарду Аляксандравічу.
Да акцыі далучылася актывістка Наталля Гарачка-Басалыга з бчб-сцягам.
Пікет салідарнасці з Эдуардам Пальчысам скончыўся каля 18.45. Севярынец запрасіў удзельнікаў на аргкамітэт «Свабоду Пальчысу» на наступным тыдні.
* * *
Эдуарда Пальчыса, вядомага пад псеўданімам Джон Сільвер, яшчэ 26 мая этапавалі з Бранскага СІЗА ў следчы ізалятар на Валадарцы ў Мінску. Яму пагражае 5 год зняволення за блог 1863x.com.
Фота і відэа Мікіты Недаверкава і Ірыны Арахоўскай, Наша Ніва