Больш за 15% зарэгістраваных ініцыятыўных груп – правацэнтрысцкія
Больш за 15% усіх зарэгістраваных у Беларусі ініцыятыўных груп з’яўляюцца ініцыятыўнымі групамі сябраў Правацэнтрыскай кааліцыі. Усяго зарэгістравана 67 групаў сябраў кааліцыі. Аднаму чалавеку адмовілі ў рэгістрацыі на падставе недакладнасці звестак у пададзеных дакументах.
“Частка людзей адмовілася ад рэгістрацыі з-за ціску ўладаў. Калі б не ціск па месцах працы і навучання нашых груп было б больш, але і гэта неблагі вынік. Сёння зарэгістраваны 2/3 нашых кандыдатаў. Далей частка будзе вылучацца, скарыстаўшыся магчымасцю вылучэння ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Рэгістрацыя на этапе збору подпісаў азначае, што людзі збіраюцца працаваць з беларускім грамадствам, а не проста ўдзельнічаць у “выбарах”, каб трапіць у бюлетэнь для галасавання. Ужо сёння ў рэгіёнах бачна, што правацэнтрысты найбольш актыўна працуюць з людзьмі, кажуць пра неабходнасць змены ўлады і дамагацца свабодных і справядлівых выбараў”, – заявіў сайту bchd.info сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, што за мінулы тыдзень лідары Правацэнтрыскай кааліцыі наведалі дзесяць гарадоў Беларусі.