Міліцыя “праводзіць праверку” па факце Еўрапейскага пікету. Віталь Рымашэўскі: ГУУС хлусіць
“1 верасня на пляцоўцы перад ААТ «ЦУМ-Мінск» па пр-це Незалежнасці 25 чалавек зладзілі несанкцыянаваны пікет. Праз 40 хвілін пікет быў скончаны і грамадзяне прайшлі да будынку Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь па вул.Макаёнка, дзе таксама адбыўся несанкцыянаваны пікет. Колькасць удзельнікаў акцыі складала 30 чалавек. Супрацоўнікамі міліцыі ажыццяўлялася фота і відэадакументаванне. Праводзіцца праверка”, – так паведамляе пра Правацэнтрысцкі пікет сайт ГУУС Менгарвыканкаму.
“ГУУС хлусіць. Пікет адбыўся ў рамках перадвыбарчай кампаніі кандыдата Максіма Гацака. Пікет быў замоўлены на яго акрузе каля ЦУМа, а потым – каля кожнага дома ўздоўж праспекту Незалежнасці на акрузе кандыдата Юрася Губарэвіча. Фактычна ўдзельнікі перамяшчаліся ад аднаго пікету да другога”, – пракаментаваў “праверку” сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
“Зразумела, што сёння МУС працуе не як установа аховы грамадзян Беларусі ад злачынцаў, а як частка карнай сістэмы дзеля падаўлення іншадумства і забеспячэння кіравання пануючай вярхушкі. Мы чакаем любога развіцця падзей і не выключаем любых мер з боку МУС. Бо, на жаль, незаконныя дзеянні з боку міліцыянтаў ужо даўно не навіна”, – адзначыў ён.