Правацэнтрысты: улада прызначыла ўсіх 110 дэпутатаў
Пазіцыя правацэнтрысцкай кааліцыі ў дачыненні да парламенцкай выбарчай кампаніі, сфармуляваная раней і перададзеная 10 верасня ў Цэнтрвыбаркам, нягледзячы на праходжанне ў Палату прадстаўнікоў кандыдата ад кааліцыі, застаецца нязменнай – выбары нельга прызнаць свабоднымі, празрыстымі і дэмакратычнымі.
Пра гэта заяўлена 12 верасня ў Мінску на прэс-канферэнцыі лідараў кааліцыі Анатоля Лябедзькі, Юрася Губарэвіча і Віталя Рымашэўскага.
Гаворачы аб выніках назірання за выбарамі, у якім удзельнічалі прадстаўнікі правацэнтрыстаў, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што ў іх не было рэальнай магчымасці сачыць за падлікам галасоў і рэкамендацыі старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай па павышэнні празрыстасці гэтага працэсу выкананыя не былі. Паводле яго слоў, назіральнікі фіксавалі значныя разыходжанні ў колькасці тых, хто прыйшоў на ўчасткі выбаршчыкаў як у перыяд датэрміновага галасавання так і ў асноўны дзень выбараў – ад 30 і больш працэнтаў.
Такім чынам, як заяўляюць правацэнтрысты, на многіх акругах выбары не павінны быць прызнаныя, зыходзячы з рэальнай яўкі.
«Там, дзе вылучаліся правацэнтрысты, мы маем дадзеныя аб тым, што выбары не адбыліся, – яўка склала каля 30 адсоткаў. Гэта значыць, што парламент нелегітымны ўжо па той прычыне, што яўкі няма. Беларусы выказалі сваё стаўленне да правядзення гэтага спектакля, які называецца выбарамі», – заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
Пры гэтым у правацэнтрысцкай кааліцыі падкрэсліваюць, што калі папярэднія выбарчыя кампаніі ў Беларусі насілі ў першую чаргу характар знешняй нелегітымнасці, то зараз іх нелегітымнасьць мае ўнутраны характар – гэта значыць іх вынікі не будуць прызнаныя дастаткова вялікай часткай беларускага грамадства.
Апазіцыйная кааліцыя заяўляе, што, нягледзячы на праходжанне ў Палату прадстаўнікоў сябра АГП Ганны Канапацкай, «улада прызначыла ўсіх 110 дэпутатаў».
Нагадаем, у склад правацэнтрысцкай кааліцыі ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт БХД і рух “За Свабоду”.