Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Беларусы, беларусачкі і аборт
Жыццё і смерць
Прапанаваў я табе,
Дабраславенне і пракляцце.
Выберы жыццё,
Каб жыў ты і нашчадкі твае.
Другі Закон 30:19
У Беларусі штогод ад 20 да 30 тысячаў жывых дзетак забіваюць у матчынай нутробе.
А за 20 гадоў, ад 1990-га да 2010-га, толькі паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, было вынішчана 2,7 мільёна зачатых немаўлятаў.
Дзве траціны сем’яў абмяжоўваюцца толькі адным дзіцём.
У 2014 годзе на 83 942 шлюбы было зарэгістравана 34 864 разводы. Для тых, хто не дапяў з першага разу: практычна кожная другая беларуская сям’я развальваецца. Ва ўсім свеце справы горш толькі ў Расеі.
Таму тэма абортаў успорвае Беларусь настолькі ж востра, наколькі скальпель — безабароннае жыццё.
Аборт — гэта забойства. Забойства жывога, непаўторнага, бязвіннага чалавека. Знішчэнне вобразу і падабенства Божага. Тут нават няма чаго абмяркоўваць — гэта трэба разумець.
І той, хто прымушае, і той, хто вырашае, і той, хто праводзіць аперацыю, — гэта за…
Паслухайце.
Ці ўяўляем мы, што ў маленькай істоты, зачатай у жаночым улонні, ужо праз тры тыдні жыцця б’ецца кропелька — сэрца? Ці ведаем мы, што яму цёпла, калі матуля есць або гладзіць яго; халодна, калі яна на скразняку; блага, калі мама хвалюецца — і невыносна балюча, калі яго, голенькага, безабароннага, рэжуць і рвуць на кавалкі?
Няшчасныя беларусы… Ніякая Расея, ніякі камунізм не здолее так нішчыць беларускую будучыню, як робяць гэта абыякавыя, з выразам каменнага цярпення на твары, тутэйшыя.
Мы.
Царква і касцёл разам патрабуюць: спыніце забойства ненароджаных. З таго моманту, як жыццё зачатае, ягонае знішчэнне прынцыпова не адрозніваецца ад крывавага крыміналу або генацыду канцлагераў.
«Толькі б не было вайны» — паўтараюць беларусы, гатовыя апраўдаць усё клопатам пра ўласных дзяцей. Але ціхая і злюцелая вайна з сотнямі тысячаў загінулых невінаватых мірных жыхароў кіпіць ва ўлоннях беларусак поўнай хадой. У гэтым стагадовым генацыдзе ёсць свае каты, свае халаднакроўныя маньякі, свае безгалосыя ахвяры, свае запырсканыя крывёю месцы бойняў… і толькі абаронцаў жыцця зусім вобмаль.
І Беларусь не ведае сапраўдных герояў гэтай вайны пад сэрцам — ані тых матуляў, якія рашыліся нараджаць са смяротнай рызыкай, ані тых, што памерлі, але далі жыццё дзіцяці, ані простых рыцараў з «Легіёна Марыі», што б’юцца і моляцца за кожнага ненароджанага, ані віцебскіх праваслаўных братчыкаў, што ходзяць па інтэрнатах медінстытута ды скрозь цыгарэтны дым у твар пераконваюць будучых гінеколагаў, ані евангельскіх вернікаў з Pro-life, руху за жыццё, што глядзяць у вочы маладым у падземных пераходах і ў якіх у руках трапечуць тоненькія паперкі — мімаходзь, не бяруць, не бяруць…
Мы робім выгляд, што нічога такога не адбывацца.
А пакутлівы выбар у тым, што простая забарона спаронаў і нават крымінальны пераслед за падпольны аборт тут і цяпер справы не вырашае — толькі заганяе ўглыб. І робіць разню таемнай ды яшчэ больш крывавай.
Цэнтр цяжару — гэта стан грамадства. Калі аборт — гэта нармальна, калі няма ўсведамлення факта злачынства, калі і для мужчынаў, і для жанчынаў гэта накшталт «схадзіць, вырваць балючы зуб» — ціхае вынішчэнне нацыі будзе працягвацца.
Адна з ключавых праблемаў — адказнасць мужчынаў. У захаванні і забеспячэнні зачатага жыцця роля мужчыны як абаронцы выключная. А з мужчынскай адказнасцю ў Беларусі — мора праблемаў. У выніку жанчыны застаюцца сам-насам з пытаннямі жыцця і смерці.
Стратэгія абароны жыцця ў Беларусі мусіць зыходзіць з таго, што аборт як забойства нявіннага чалавека недапушчальны. Толькі ў выпадку, калі ёсць непасрэдная пагроза жыццю і здароўю маці, апраўданы падыход выбару. Жанчына мусіць мець магчымасць пакінуць вынашанае дзіця ў бэбі-боксе, хутка аформіць усынаўленне і, канечне, атрымаць сур’ёзную матэрыяльную падтрымку ад дзяржавы. Нястача? Дапамога сем’ям і матулям павінная вырасці ў разы.
А вось тактыка — гэта хутчэй шэраг паступовых крокаў, мэта якіх — паступова, але няўхільна абмяжоўваць магчымасці для аборта, ратуючы ненароджаных, паралельна са стварэннем магчымасцяў для выхавання народжаных і падтрымкі жанчынаў ды сем’яў.
Беларускія хрысціянскія дэмакраты (кампанія на чале з Вольгай Кавальковай) ў супрацы з абаронцамі жыцця розных канфесіяў два гады таму дамагліся заканадаўчага абмежавання для правядзення абортаў па сацыяльных паказніках. Калі хтосці ня ведае — дагэтуль мы мелі самае ліберальнае заканадаўства ў дачыненні да абортаў сярод усіх суседзяў. Таксама ў законе было замацаванае права доктара адмовіцца рабіць аборт ( у Італіі, скажам, 90% дактароў рабіць аборт адмаўляюцца).
Зараз БХД настойвае на ўвядзенні «часу цішыні» — абавязковых гадзінаў для цяжарнай, каб падумаць і адмовіцца ад аборту, на забароне клінічных выпрабаванняў на чалавечых эмбрыёнах, рэкламы штучнага перапынення цяжарнасці і абартыўных прэпаратаў, на абавязковым уведамленні мужа (для замужніх) — у якасці першых крокаў.
Час цішыні — хвіліна маўчання па тых, хто так і не нарадзіўся. Час цішыні — некалькі дзён роздуму для тых, хто яшчэ не забіў.
А пакуль мы чытаем, жуём, блукаем у сеціве — з кожнай гадзінай нас, беларусаў, робіцца ўсё менш і менш.
І беларускае атупенне, беларуская безвыходнасць і беларускі адчай будуць толькі нарастаць, пакуль мы не жахнёмся пекла пад нагамі: забіваючы пад сэрцам новае жыццё, мы забіваем у сабе Бога.