На прыступках КДБ прайшла акцыя ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў
А 12-й гадзіне на прыступках галоўнага ўваходу ў будынак КДБ прайшла акцыя правацэнтрысцкай кааліцыі, у якой удзельнічалі каля 20 чалавек.
Сярод іх — старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і яго намесьнік Мікалай Казлоў, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, грамадзкія актывісты Аляксандар Макаеў, Ніна Багінская, Леанід Кулакоў.
Яшчэ да пачатку акцыі, калі ўдзельнікі пачалі даставаць партрэты зьніклых палітыкаў і рэпрэсаваных, запальваць зьнічы, міліцыя пачала складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях на яе ўдзельнікаў, бо акцыю Менгарвыканкам не дазволіў.
Правацэнтрысты пачынаюць збор подпісаў за перайменаваньне вуліц, названых у гонар людзей, датычных да савецкіх рэпрэсіяў, паведаміў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Таксама правацэнтрысты плянуюць пачаць збор подпісаў за адмену дзяржаўнага сьвяткаваньня 7 лістапада і за тое, каб сьвяточнымі днямі абвясьцілі Дзень Волі 25 сакавіка і Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасьня.
Сустаршыня аргкамітэту стварэньня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі прачытаў зварот народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава, які ён прамовіў у Чырвоным касцёле ў 1988 годзе: «Нішто ў нас яшчэ не напамінае пакаленьням аб ахвярах сталіншчыны. Тое недаравальна і няправільна! Мы павінны памятаць аб іх — не героях, а бязьвінных ахвярах тырана — спрацаваных рабочых, галодных калгасьніках, першых народных інтэлігентах, мужчынах і жанчынах, — якія з куляю ў патыліцы клаліся ў самімі ж выкапаныя ямы, вымаўляючы не праклён, не пратэст, а адзінае, марнае і трагічнае слова „Завошта?“. Яны ўжо ніколі не пачуюць адказ на тое сваё пытаньне, затое адказ на яго павінны зразумець мы»
Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька назваў існую ўладу «аскепкам савецкай сістэмы», і таму, на ягоную думку, яна не дазволіла акцыю ў памяць ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў.
Актывіста Ніна Багінская трымала ў руках партрэт зьніклага экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі і гаварыла, што міліцыянты забілі свайго міністра.
З прыступак будынку КДБ мітынгоўцы пракрычалі «Жыве Беларусь», «Дайце волю і свабоду беларускаму народу!», а таксама «Ганьба Міністэрству ўнутраных спраў!», «Ганьба КДБ!».
Акцыя доўжылася прыкладна паўгадзіны. За ёй назіралі каля 30 супрацоўнікаў сілавых структураў у цывільным.