Віталь Рымашэўскі: ніхто не дыскрэдытуе МУС больш за само МУС
Міністэрства ўнутраных спраў, насуперак словам міністра Ігара Шуневіча, не з’яўляецца ніякай галіной улады. А ў міністра высокае меркаванне аб сябе самім і МУС у цэлым. Пра гэта ў каментары прэс-службе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
“МУС – гэта проста адзін з рэпрэсіўных інструментаў. За гады панавання Лукашэнкі МУС ператварылася ў простых прыслужнікаў кіраўніцтва дзяржавы”, – адзначыў ён.
Паводле яго, Шуневіч, які заяўляе пра мэтанакіраванае ачарненне дзейнасці МУС, не там шукае дыскрэдытацыю міністэрства, бо міліцыянты самі не ахоўваюць і не выконваюць закон.
“Іх прынцыпы працы ўжо даўно больш нагадваюць прынцыпы крымінальнага свету, дзе дзейнічаюць не па законе, а па паняццях. Ніхто не дыскрэдытуе МУС больш за яго само. Праз масавыя ілжэсведчанні на судах, выкананне незаконных загадаў, карумпаванасць. І гэты спіс можна працягнуць. І выпадкі, калі п’яныя кіраўнікі ДАІ збіваюць насмерць людзей, калі спецназ уломваецца ў кватэры невінаватых грамадзян і брутальна іх збівае, – гэта наступствы адчування беспакаранасці і магчымасці быць па-за законам”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.