Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргаў аштрафаваных за акцыю ў Сьвіслачы. Агульная сума спагнаньняў — 352 базавыя велічыні
На ўсе аргумэнты гарадзенскіх актывістаў Уладзімера Хільмановіча, Віктара Сазонава і Сяргея Верамеенкі (БХД) у абласным судзе ў адказ гучала толькі адно пытаньне: «Вы прысутнічалі 30 кастрычніка ў Сьвіслачы, як гэта сказана ў пратаколе?»
Актывісты рашуча настроеныя дайсьці да разгляду іх скаргаў у Камітэце правоў чалавека пры ААН.
Падчас разгляду касацыйнай скаргі ў Гарадзенскім абласным судзе Ўладзімер Хільмановіч заявіў, што справа супраць іх была сфальсіфікаваная сьвіслацкімі міліцыянтамі. У якасьці аргумэнту ён прыводзіў факт, што падчас ушанаваньня памяці паўстанцаў у Сьвіслачы ніводзін зь міліцыянтаў не падышоў і не папярэдзіў, што ён парушае дзейнае заканадаўства.
Паводле Хільмановіча, сьведкі-міліцыянты ў судзе таксама казалі, што грамадзкага парадку ён не парушаў, а значыць, сьведчылі на ягоную карысьць. Хільмановіч падкрэсьліў, што малады і нявопытны судзьдзя падчас разгляду іх справы нават не ўстанавіў факту несанкцыянаванага мерапрыемства, а таму відавочны палітычны перасьлед у гэтай справе. Ён заклікаў судзьдзю сваім рашэньнем уратаваць годнасьць і прафэсіяналізм гарадзенскіх судзьдзяў.
«Палякі ўскладаюць кветкі на магілы сваіх герояў, і іх ніхто не перасьледуе; людзі нясуць кветкі да помнікаў Сталіну, Леніну, і іх таксама ніхто не перасьледуе. А калі мы ўшаноўваем сваіх беларускіх нацыянальных герояў — нас судзяць», — сказаў у судзе Ўладзімер Хільмановіч.
Судзьдзя задаў Хільмановічу толькі адно пытаньне — ці знаходзіўся той 30 кастрычніка ў Сьвіслачы, як гэта сказана ў пратаколе. Хільмановіч пацьвердзіў, што не адмаўляецца ад гэтага факту, і ў раённым судзе, але ні ў якім масавым мерапрыемстве ён ня ўдзельнічаў, а разам зь іншымі ўшаноўваў памяць нацыянальных герояў.
Віктар Сазонаў падчас сваёй прамовы дадаў да аргумэнтаў Хільмановіча тое, што відавочны іх перасьлед паводле нацыянальных прыкметаў.
«Калі мы нясём кветкі да помнікаў нацыянальных герояў, то якія дазволы на гэта патрэбна браць? — задаваўся пытаньнем Сазонаў. — Дзеля чаго тады самой жа ўладай пастаўленыя гэтыя помнікі?»
Яму судзьдзя задаў тое ж пытаньне, што і Хільмановічу, — аб прысутнасьці ў Сьвіслачы 30 кастрычніка.
Сяргей Верамеенка дадаў да сказанага, што ня лічыць сябе вінаватым і просіць суд адмяніць рашэньне раённага суду. Яму задалі тое ж пытаньне пра 30 кастрычніка.
Пасьля невялікага перапынку судзьдзя аб’явіў рашэньне, паводле якога скаргі Хільмановіча, Сазонава і Верамеенкі засталіся незадаволенымі.
Усе трое заявілі Свабодзе, што рашэньне суду было для іх чаканым. Хільмановіч падкрэсьліў, што дастаткова самога факту прысутнасьці ў той дзень у Сьвіслачы, каб іх лічылі вінаватымі.
«Па сутнасьці, гэтыя рашэньні суду сьведчаць яшчэ і пра тое, што беларусы дыскрымінуюцца і з нацыянальнай прыкметы. Можна несьці кветкі на Дзяды прадстаўнікам усіх іншых нацыянальнасьцяў, і толькі беларусы за праяву сваёй нацыянальнай памяці будуць пакараныя. У нас была акцыя ўшанаваньня памяці нацыянальных герояў — мы ўскладалі кветкі і запальвалі зьнічы, а яе падводзяць пад азначэньне «несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». І суд выносіць свае рашэньні на палітычныя загады.
Віктар Сазонаў зазначыў Свабодзе, што яшчэ раз пераканаўся ў тым, што на Гарадзеншчыне ёсьць пэўная службовая асоба, якая вельмі ня любіць «беларускіх матываў» і аддае такія загады судам.
«Ёсьць ужо прыкметы пацяпленьня да іншых акцыяў, але калі гэта датычыць беларускай тэматыкі, то ніякага кампрамісу не назіраецца — ушанаваньне памяці беларускіх нацыянальных герояў перасьледуецца».
Сяргей Верамеенка кажа, што з таго, як судзьдзя ўсім задаваў адно і тое ж пытаньне, зразумеў, якое вынесуць рашэньне.
«Быў там — значыцца, вінаваты… Ведаеце, нядаўна ў Ленінскім судзе разглядалі справу ў дачыненьні да мяне праз тое, што я нібыта перашкодзіў выконваць службовыя абавязкі судоваму выканаўцу. Дарэчы, справу супраць мяне спынілі, але мне запомнілася адно пытаньне судзьдзі. Справа ў тым, што я двойчы памылкова заплаціў штраф, і судзьдзя ў мяне пытаецца: „Вы будзеце пісаць заяву, каб вам вярнулі грошы, ці няхай яны застаюцца на рахунку ў залік будучых штрафаў?“ Вось такая матэматыка, і няма нічога дзіўнага ў сёньняшнім рашэньні».
За ўдзел у акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага Ўладзімер Хільмановіч быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь, Віктар Сазонаў — на 35, Сяргей Верамеенка — на 15 базавых.
Паводле маніторынгу гарадзенскіх праваабаронцаў, за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы аштрафавалі 18 чалавек. Сьвіслацкі актывіст Юры Глебік аштрафаваны на 40 базавых велічынь, на 10 базавых — гарадзенец Мікола Лемяноўскі, а таксама слонімцы Віктар Марчык і Павал Севасьцян.
Васіль Клімовіч з Мастоў аштрафаваны на 9 базавых велічынь. Дарэчы, ён падаваў скаргу ў абласны суд і прыводзіў сьведкаў, якія казалі, што Клімовіч у гэты дзень наагул ня быў у Сьвіслачы. Аднак абласны суд не задаволіў ягонай скаргі. Кобрынскі суд прысудзіў Алесю Меху штраф 50 базавых велічынь. Ваўкавыскі раённы суд аштрафаваў Віталя Гуляку на 25 базавых.
Валеры Мінец зь Ліды пакараны штрафам у 5 базавых, Вітольд Ашурак з Бярозаўкі Лідзкага раёну аштрафаваны на 30 базавых, Вадзім Лявон з Наваградку папярэджаны. Гарадзенец Эдвард Дзьмухоўскі атрымаў штраф 30 базавых. Зьміцер Захарэвіч зь Менску — 5 базавых.
Старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч пакараны штрафам на 25 базавых велічынь, каардынатар руху па Берасьцейскай вобласьці Юры Казакевіч аштрафаваны на 10 базавых і актывіст руху Вадзім Бабін аштрафаваныя на 3 базавыя велічыні.
Такім чынам, агульны штраф за ўшанаваньне памяці паўстанцаў Каліноўскага склаў 352 базавыя велічыні, ці 7392 рублі.