Юры Матулевіч: каталіцкі біскуп і хрысціянскі дэмакрат
Багаславёны Юры Матулевіч, біскуп Віленскі, генерал ордэну марыянаў, заснавальнік легендарнага кляштару ў Друі – адзін з тых людзей, без якіх Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя магла не адбыцца. 27 студзеня спаўняецца роўна 90 гадоў з дня яго смерці.
Нарадзіўся Юры Матулевіч 13 красавіка 1871 года ў Лугіне непадалёк ад Марыямпаля. Рана застаўся сіратою, яго даглядаў старэйшы брат Ян.
У 1891-1893 гадах вучыўся ў каталіцкай духоўнай семінарыі ў Кельцах. Як адзін з найбольш здольных вучняў, быў накіраваны ў мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Пецярбургу. У 1898 годзе быў высвечаны на ксяндза. Тэалагічны кшталт атрымліваў у нямецкім Фрайбургу, абараніў там доктарскую дысертацыю.
З 1907 года выкладаў у Пецярбургскай духоўнай акадэміі сацыялогію, затым – дагматычную тэалогію. Якраз тут Юры Матулевіч пазнаёміўся з беларускімі студэнтамі – будучымі лідарамі БХД.
У 1909 годзе ўступіў у ордэн марыянаў, у якім на той момант заставаўся толькі адзін састарэлы святар. З 1911 года генерал ордэна, распрацаваў праект рэформы ордэну (зацверджаны Ватыканам) і заснаваў на тэрыторыі Беларусі, у Друі, марыянскі кляштар.
У 1915 годзе ў Варшаве арганізаваў прытулак для бяздомных дзяцей. У 1923-м стварыў для працы сярод беларусаў “Таварыства еўхарыстак”.
У 1918 годзе біскуп Матулевіч быў прызначаны біскупам Віленскім. У гэтым жа годзе распрацаваў праграму Літоўскай хрысціянска-дэмакратычнай партыі, адной з галоўных мэтаў якой было не дапусціць сацыялістычную рэвалюцыю ў Літве. Польскія нацыяналісты неўзабаве абвінавацілі яго ў “літваманіі”, літоўскія – у “польскім шавінізме”, даставалася яму і за “масквафільства”, і за “жыдоўства”. Праўда ж была ў тым, што біскуп узяўся служыць Хрысту – і імкнуўся прыгарнуць да Касцёла ў віленскім шматмоўным катле як мага больш народаў.
Біскуп Матулевіч быў надзвычай прыхільны да беларусаў наогул, лічыў, што ў Віленскай дыяцэзіі менавіта яны складаюць большасць. Гэта ён неаднойчы абараняў правадыра БХД ксяндза Адама Станкевіча ад уладаў і цкавання шавіністычных колаў, спрыяў беларускаму друку і бачыў хрысціянскую дэмакратыю важнай сферай служэння святароў і вернікаў.
“БХД ў Вільні і ўся яе праца мела такжа і сваіх прыхільнікаў. Да гэткіх належаў прадусім віленскі біскуп Юры Матулевіч. Беларускае адраджэнне агулам, а тым больш рух хрысціянскі, у душы яго знаходзіў шчырую сімпатыю і спогад. Будучы, аднак, застрашаны польскімі нацыяналістамі, у адносінах да беларускай справы быў даволі асцярожны, але заўсёды шчыры і глыбока справядлівы”, – пісаў пра біскупа Матулевіча сам ксёндз Адам (“Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі”).
У 1925 годзе адышоў ад кіравання дыяцэзіяй і выправіўся ў Рым, каб займацца справамі Ордэну марыянаў. Прызначаны на ягонае месца арцыбіскупам Рамуальд Ялбжыкоўскі прыняў бок шавіністаў – і забараніў ксяндзам належаць да БХД ды выпісваць “Крыніцу”.
Добры сябра беларусаў і дабрадзей БХД біскуп Юры Матулевіч адышоў да Бога ў Коўне 27 студзеня 1927 года.
Беатыфікаваны 28 чэрвеня 1987 года Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ. Зараз трывае працэс яго кананізацыі.
Павел Севярынец