Альбін Стэповіч. Актыўна абараняў правы беларусаў і змагаўся за беларускую школу
18 сакавіка адзначалася чарговая гадавіна з дня нараджэння хрысціянскага дэмакрата Альбіна Стэповіча.
Альбін Стэповіч (1894–1934) – беларускі грамадска-палітычны дзеяч (родны брат кс. Канстанціна Стаповіча, альбо Казіміра Сваяка), сябра ЦК БХД, кіраваў віленскай суполкай партыі, рэдагаваў “Крыніцу”. У 1928–1930 гадах пасол польскага сойму, сябра Беларускага пасольскага клубу. Аўтар некалькіх беларускіх песень, музыка.
Альбін Стэповіч нарадзіўся 18 сакавіка 1894 г. у вёсцы Барані. Пасля заканчэння пачатковай школы паступіў у Віленскую музычную школу. Адным з яго настаўнікаў быў Людамір Рагоўскі, вядомы тым, што афармляў музычныя спектаклі трупы Ігната Буйніцкага і кіраваў хорам Беларускага музычна—драматычнага гуртка, які існаваў у Вільні ў 1910-1916 гадах.
Скончыўшы музычную школу, напярэдадні Першай сусветнай вайны А. Стэповіч паступае ў Казанскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. У 1921 годзе вяртаецца ў Вільню, дзе да 1924 года вучыцца ў Віленскім універсітэце. Але з-за матэрыяльных цяжкасцяў спыняе вучобу і ўладкоўваецца настаўнікам музыкі і спеваў.
Падчас вучобы ва ўніверсітэце належаў да Беларускага студэнцкага саюзу, друкаваўся ў часопісах, якія выдаваліся Саюзам.
У 1926 годзе ў Вільні быў створаны Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Першым старшынём быў прызначаны Альбін Стэповіч. У гэты час ён арганізаваў беларускі хор колькасцю 30 чалавек, чытаў лекцыі па беларускай культуры – як правіла, на грамадскіх пачатках. Менавіта тады нарадзілася ягоная песня “Дзе чутны гукі нашай мовы”.
Разам са сваім братам Канстанцінам (Канстанты) Стэповічам, вядомым беларускім паэтам Казімірам Сваяком Альбін Стэповіч далучыўся да БХД. Адзін з супрацоўнікаў газеты “Беларуская крыніца”, Альбін пасля 1926 года разам з Паўлам Карузам фактычна ёй і кіраваў.
У кастрычніку 1926 года Альбін Стэповіч быў абраны сябрам ЦК БХД, у лістападзе 1927 года – сакратаром ЦК партыі.
У часе выбарчай кампаніі ў польскі сойм у 1928 г. разам з Паўлам Карузам будзе вылучаны кандыдатам па Свянцянскай акрузе ад блоку нацыянальных меншасцяў. Абодва патрапяць у сойм. Актыўна абараняў правы беларусаў у польскім парламенце і змагаўся за беларускую школу.
Памёр ў 1934 годзе ад сардэчнага прыступу. Пахаваны на могілках Росы ў Вільні.
Алесь Адамковіч