Алесь Масюк выступіў на круглым стале ў Слонімскім райвыканкаме
19
красавіка ў Слонімскім райвыканкаме прайшоў круглы стол, на якім прысутнічалі
раённыя ўлады, кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў і прадстаўнікі грамадскасці.
Трэба адзначыць, што падобная сустрэча з ўдзелам прадстаўнікоў грамадскіх
арганізацый у райвыканкаме прайшла ўпершыню. Размова пра сацыяльна-эканамічнае
становішча ў раёне цягнулася тры з паловай гадзіны.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Алег
Таргонскі. Кіраўнік раёна расказаў пра сітуацыю, якая склалася цяпер на
Слонімшчыне, і запрасіў да яе абмеркавання.
Пасля Таргонскага выступіў намеснік старшыні Уладзіслаў Гершгорын, які
распавёў пра справы ў эканоміцы раёна.
Затым слова ўзяла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай
абароне райвыканкама насельніцтва Іна Назарэнка, якая расказала пра сітуацыю на
рынку працы. Паводле чыноўніцы, цяпер на будаўніцтве Астравецкай АЭС працуюць
22 слонімцы, якія атрымалі гэтую работу праз кірмашы працы, што час ад часу
ладзяцца ў Слоніме.
Прысутным паказалі фільм пра развіццё прадпрымальніцтва ў раёне, а таксама
на гэтую тэму выказалася начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Валянціна
Мурашка.
Грамадскі актывіст Віталь Ешану адзначыў, што добра было б захаваць такі
фармат сустрэч у выканкаме, калі прысутнічаюць прадстаўнікі грамадскіх
арганізацый, і надалей. Алег Таргонскі адказаў, што гэтая прапанова будзе
прапрацоўвацца і, магчыма, такія сустрэчы будуць ладзіцца раз у паўгода.
На пытанне: чаму з 2012 года пустуе былы будынак міліцыі ў цэнтры горада,
Валянціна Мурашка адказала, што прадпрымальнік з Расіі Яршоў, які купіў гэты
будынак, цяпер распрацоўвае праект па яго рэстаўрацыі. Адкрыццё там гандлёвага
цэнтра, як планавалася, ускладняецца яшчэ і тым, што побач знаходзіцца
ажыўленая праезджая частка дарогі, лічы, у цэнтры горада, адзначыла начальнік
аддзела эканомікі райвыканкама.
Фарматам круглага стала не прамінулі скарыстацца прадстаўнікі слонімскіх
філіялаў банкаў, каб сказаць, што яны заўсёды рады нам прадставіць свае
паслугі.
Аб падаткаабкладанні ў цяперашні час прысутным паведаміла ў сваім
выступленні начальнік Слонімскай падатковай інспекцыі Алена Міско.
Дырэктар ААТ “Слонімскі водаканал” Васіль Шкодаў у сваім
выступленні адзначыў, што іх бутыляваная вада на выставе ў Расіі атрымала
залаты медаль і цяпер прапрацоўваецца пытанне аб пастаўках слонімскай вады ў
школы Ніжняга Ноўгарада. Таксама дырэктар водаканала сказаў, што вядуцца
перамовы аб экспарце слонімскай бутыляванай вады ў Саудаўскую Аравію.
Прадпрымальнік Раман Гіль заявіў, што яго тэкстыльнае прадпрыемства цяпер
гатова прыняць на працу шмат швачак.
Старшыня мясцовага грамадскага аб`яднання “СлонімКаналАгінскага”
Іван Вадэйка ў сваім выступленні паведаміў, што на рахунак арганізацыі
паступіла ўжо 300 мільёнаў (недэнамінаваных) рублёў ахвяраванняў, якія будуць
патрачаны на праект добраўпарадкавання канала Агінскага ў Слоніме ад гарадскога
парку да Баранавіцкага моста.
Грамадскі актывіст Алесь Масюк (БХД) у сваім выступленні цікавіўся
пытаннямі занятасці слонімцаў. У прыватнасці, ён падымаў пытанне пра тое, ці
ведаюць мясцовыя ўлады, колькі чалавек будзе звольнена з прадпрыемстваў горада,
калі прагучала лічба пра працаўладкаванне 300 слонімцаў на новыя працоўныя
месцы.
Падводзячы вынікі круглага стала, кіраўнік раёна адзначыў, што размова
атрымалася канструктыўнай для ўсіх і такія сустрэчы будуць ладзіцца і далей.