Гурток у Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1912-1917)

30 красавіка 2017 11:03  |  Грамадства

Гурток у Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1912-1917)

 

Сапраўдным
“гняздом” БХД стаўся беларускі гурток Пецярбургскай духоўнай акадэміі, дзе ў
пачатку ХХ стагоддзя навучаліся на ксяндзоў найбольш адораныя хлопцы з
Беларусі.

Заснаваў гэты
гурток у 1912 годзе Люцыян Хвецька. Паводле сведчання навучэнца акадэміі
ксяндза Адама Станкевіча, менавіта ён пачаў сталыя сустрэчы і заклаў асновы
арганізацыі, у якую напачатку увайшлі сямёра: “…Л. Хвецька, А. Цікота, П.
Пякарскі, С. Шырокі, Францук, І. Жаўняровіч, В. Гадлеўскі”. У 1913-м гурток быў
зарэгістраваны афіцыйна, кіраўніком стаў П. Пякарскі, сакратаром – В.
Гадлеўскі, з 1916 году сакратарства пераняў Адам Станкевіч.

Гэты гурток
усталяваў сувязі са студэнтамі-беларусамі Пецярбургскага ўніверсітэту і пачаў
ладзіць супольныя сходы на кафедры ксяндза Францішка Будзькі.

Апекуном і душой
гэтай беларускай паводле формы і хрысціянскай паводле зместу супольнасці стаў
прафесар Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла. Ураджэнец Полаччыны, навуковец
энцыклапедычнага розуму, даследчык беларускай даўніны, рэдактар першага
зборніку вершаў Янкі Купалы, Эпімах-Шыпіла быў адначасна глыбокім вернікам.
Вольна размаўляў на лаціне, ведаў і выкладаў старажытнагрэцкую – і лічыў,
што Беларусі найперш патрэбныяпасвечаныя і адукаваныя духоўныя правадыры.
З ягонай ініцыятывы беларусы Петраграда заснавалі легендарнае выдавецтва
“Загляне сонца і ў наша ваконца”, якое пачало выдаваць масавымі накладамі
надзённую беларускую літаратуру, і стварылі дабрачыннае Беларускае
таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

Пры гуртку была
закладзеная беларуская бібліятэка (фундавала Магдалена Радзівіл), створаны хор,
працавалі гістарычная і літаратурная секцыі, выходзіў часопіс “Сьветач”.

У гэтым гуртку мы
ўпершыню знаёмімся з будучымі лідарамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і
агулам усяго беларускага руху міжваеннага часу – айцом Фабіянам Абрантовічам,
будучым рэктарам Каталіцкай духоўнай семінарыі, ксяндзамі Адамам Станкевічам,
Вінцэнтам Гадлеўскім, Францішкам Будзькам, Аляксандрам Астрамовічам (Андрэем
Зязюлям), заснавальнікам “Крыніцы” Люцыянам Хвецькам, будучым генералам
ордэну марыянаў Андрэем Цікотам, будучым грэка-каталіцкім біскупам, пакутнікам
Антонам Неманцэвічам, гераічнымі святарамі Міхалам Пятроўскім, Віктарам
Шутовічам і многімі іншымі.

Апошні пункт
статуту гуртка сцісла фармуляваў дэвіз будучай беларускай хрысціянскай
дэмакратыі: “Буду ісці з воклічам у вуснах: “З Богам для народу!”.

Божы провід
своечасова падрыхтаваў “новыя мяхі для новага віна”. Бо неўзабаве грымнула
Лютаўская рэвалюцыя, расейскае самадзяржаўе рухнула, і ў віры падзеяў
згуртаваная апостальская каманда святароў-беларусаў з Пецярбургскай акадэміі
дзейнічала зладжана, арганізавана і ў адным духу.

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя:
1917 – 2017”

Працяг будзе

Болей навін