Жыхары «Альшанкі» хочуць жыць, як у Горадні
Жыхары мікрараёну «Альшанка» ў Горадні зьбіраюць подпісы пад калектыўным зваротам да ўладаў з патрабаваньнем палепшыць якасьць іх жыцьця ў мікрараёне. Пакуль яны выставілі патрабаваньні з 10 пунктаў.
40 хвілін да цэнтру гораду — гэта зашмат для Горадні
Мікрараён «Альшанка» самы незвычайны ў Горадні. Ён знаходзіцца проста ў полі, за некалькі кілямэтраў ад гораду, будаваць яго пачалі сем гадоў таму. Горадня заўсёды была адметная сваёй кампактнасьцю, і нават разбудаваныя «Вішнявец» і «Дзевятоўка» не зусім уплывалі на гэты статус. А вось «Альшанка», пабудаваная на месцы былой вёскі, зрабіла горад зусім іншым.
— Гарадзкім транспартам да цэнтру гораду жыхары «Альшанкі» дабіраюцца каля 40 хвілінаў. Тут толькі адна школа, якая працуе ў тры зьмены, няма паліклінікі, крамы толькі з аднаго боку мікрараёну, — распавядае актывіст, хрысціянскі дэмакрат Яўген Дудкін, які праводзіць збор подпісаў пад калектыўным зваротам да ўладаў Горадні.
Яўген Дудкін
Дудкін кажа, што ўсе добра разумеюць, што мікрараён новы, але людзей пачало турбаваць тое, што час ідзе, а інфраструктура ягоная застыла ў сваім разьвіцьці. Маўляў, добра, што зьмянілі інтэрнаты на ўласныя кватэры, але чаму нічога не будуецца дзеля паляпшэньня якасьці жыцьця? І галоўнае, што жыхары наагул нічога ня ведаюць, калі і што мае быць пабудавана з нарысаванага на пляне.
Плян забудовы «Альшанкі»
Урэшце мой праважаты кажа, што найлепей аб праблемах раскажуць самі жыхары. У «Альшанцы» кідаецца ў вочы тое, што сустракаеш пераважна людзей маладога і сярэдняга ўзросту, вельмі часта маці з малымі дзецьмі і ніводнага пэнсіянэра нават на лавачках каля дамоў.
«У нас тры дзіцячыя садкі, і ні ў адным няма вольнага месца…»
Ну вось разгаварыліся зь дзьвюма спадарынямі, якія на дзіцячай пляцоўцы сочаць за тым, як забаўляюцца іх дзеткі. Адна з жанчын, пачуўшы, пра што пачаў казаць Дудкін, адразу бярэ ліст і падпісваецца. Яна кажа, што прысутнічала на сходзе жыхароў «Альшанкі», на якім абмяркоўваліся ўсе гэтыя праблемы.
Подпісы пад калектыўным зваротам ставяць усе ў «Альшанцы»
— У нас тры дзіцячыя садкі, і ні ў адным няма месца. Я важу сваіх дзетак на другі канец гораду, а пасьля гэтага іду на працу. Вы можаце сабе ўявіць, чаго мне гэта каштуе? І, наколькі я разумею, новых садкоў ня будзе да тае пары, пакуль мае дзеткі ня пойдуць у школу. Я іх кожны дзень важу ў садок за 18 кілямэтраў.
«Толькі адна школа, у ёй па 17 паралеляў і па 30 вучняў у кожнай клясе…»
Другая спадарыня адразу кажа, што ейныя дзеці школьнага ўзросту і яна таксама вымушаная вазіць іх у іншыя мікрараёны:
Міні-рынак у «Альшанцы»
— Тут адна школа ўжо столькі часу. Трэціх клясаў — сямнаццаць, і ў кожным зь іх па 29 вучняў. Мая дзяўчынка вельмі ціхая, спакойная, і не змагла тут вучыцца. Ды і якая вучоба, калі ў клясе амаль 30 вучняў? З наступнага навучальнага году будзе сама на аўтобусе езьдзіць у іншы канец гораду на заняткі. Я, праўда, ня вельмі ўяўляю, у колькі ёй давядзецца раніцай уставаць, бо на дарогу будзе марнаваць амаль гадзіну.
Спадар Дудкін кажа, што, згодна з плянамі, новую школу павінны пачаць будаваць нібыта сёлета ў верасьні і адкрыць у 2018 годзе.
Мікрараён «Альшанка»
— Гэта добра, што ўлады маюць пляны. Але ўся справа ў тым, што пакуль не відаць ніякай працы і мы ніхто ня ведаем, калі гэтую школу пачнуць будаваць і калі яе збудуюць. Нават на пляне мікрараёну намаляваная ўся інфраструктура, але ніводзін аб’ект не пазначаны датай, калі ён павінен быць здадзены ў эксплюатацыю.
«У краму за харчамі вымушаны езьдзіць на аўтобусе…»
Ужо іншыя жыхаркі на вуліцы Францішка Багушэвіча пачалі распавядаць пра іншыя аб’екты інфраструктуры. Спадарыня Вольга кажа, што ніколі нават не падумала б, што ў краму па звычайныя харчы давядзецца хадзіць, як у суседнюю вёску:
Дзіцячая пляцоўка у «Альшанцы»
— У нас усе крамы толькі на адным баку мікрараёну. У мяне вось чацьвёра дзетак, і я, калі трэба ў краму, бяру іх, і едзем на аўтобусе. А гэта проста па малако, хлеб. Купляю, каб было на цэлы тыдзень, бо кожны дзень не магу сабе дазволіць хадзіць у краму. З аднаго боку, шчасьце, што з інтэрнату ў кватэру пераехалі, а з другога — дзяцей даводзіцца цяпер вазіць у садок невядома куды.
«Няма паліклінікі; нават цяжарныя жанчыны вымушаны дабірацца ў горад на кансультацыі…»
Спадарыня Алеся кажа, што ў мікрараёне няма паліклінікі, і гэта пужае. Ёсьць, праўда, дзіцячая амбуляторыя, у якой прымае пэдыятар.
— Але які толк з гэтага, калі адзін аналіз можна здаць тут, а другі трэба ехаць здаваць на Гагарына? Калі выклікаеш раніцай доктара, то ён можа дабрацца да нас толькі ўвечары. Дзеці, прабачце, калі вязеш цэлую гадзіну ў паліклініку, у аўтобусе і рыгаюць, і сікаюць, і іншае, бо гэта дзеці, і з гэтым нічога ня зробіш… А з паліклінікай, як мы разумеем, тут яшчэ доўга нічога ня высьветліцца.
Яшчэ адна жыхарка дадае:
— У нас тут шмат маладых жанчын, багата дзетак нараджаецца, а цяжарныя жанчыны таксама езьдзяць на кансультацыі ў грамадзкім транспарце. Гэта невыносна…
Спадар Дудкін дадае, што ў іхным калектыўным звароце асобным пунктам пазначана патрабаваньне пабудаваць паліклініку, і каб яна магла функцыянаваць аўтаномна і не даводзілася езьдзіць у горад да іншых спэцыялістаў.
Вуліца Вялікая Альшанка
У калектыўным звароце, акрамя школак, садкоў, паліклінікі, транспарту, маюцца патрабаваньні забараніць продаж алькаголю побач са школай, увесьці дадатковы транспарт для дзетак, якія езьдзяць у садкі і школы іншых мікрараёнаў, увесьці патруляваньне міліцыянтаў на вуліцах, паставіць слупы на тратуарах, каб па іх ня езьдзілі на машынах, а таксама інфармаваць жыхароў пра будучыя пляны будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры мікрараёну.
Тое, што яшчэ розьніць «Альшанку» ад Горадні
Ёсьць яшчэ адна асаблівасьць «Альшанкі», якая адрозьнівае яе ад Горадні, — назвы вуліцаў. Агінскага, Напалеона Орды, Францішка Багушэвіча, Уладзімера Караткевіча, Міндэнская (у гонар нямецкага гораду-пабраціма), Вялікая Альшанка… І гэта ні ў якое параўнаньне не ідзе з тым, што ў цэнтры старой Горадні: Леніна, Кірава, Сьвярдлова, Маркса, Будзённага…
Я пацікавіўся ў жыхароў Альшанкі, ці падабаюцца ім назвы вуліцаў. З кім давялося гаварыць, усе былі нават болей чым задаволеныя, праўда, дадавалі наступнае:
— Вось толькі нам цяжка ўявіць, што мы жывём у Горадні. Заўсёды кажам: еду ў горад.
— Наша «Альшанка» хутчэй нагадвае райцэнтар альбо наагул аграгарадок, праўда, у тых гарадках, можа, болей выгодаў для жыхароў існуе…