Віцебскі дэпутат пагражаў судом за размяшчэнне яго фота ў інтэрнэце (фота)
21 чэрвеня
адбылася сустрэча жыхароў Пятага Камунальнага мікрараёна Віцебска з “народным
абраннікам” і прадстаўнікамі аддзела ЖКГ адміністрацыі Першамайскага раёна.
7 чэрвеня сябры
БХД, арганізатары ініцыятывы “Разам зробім Віцебск лепшым” перадалі ў Віцебскі гарвыканкам,
абласны і гарадскі Саветы дэпутатаў 150 подпісаў пад калектыўным зваротам
жыхароў Віцебска з просьбай заасфальтаваць вуліцы: Віцебскую, Зялёную,
Кіеўскую, Рыжскую, Смятаніна, Шырокую, 43 Арміі. На гэтых жа вуліцах шмат гадоў
не вырашана праблема стокавых канаў: мясціна тут нізінная, забіты калектар і
пасля дажджу вада не паспявае сцякаць, ад гэтага стаіць смурод. І апошняя
праблема, якая была пазначана ў звароце, – перанос скрыні для смецця ў іншае
месца, далей ад дзіцячага сада №37 і дарогі, па якой двойчы на дзень ідуць дзеці
ў сад і дахаты.
Праз тыдзень арганізатараў
запрасілі на сустрэчу з прадстаўнікамі Першамайскага ЖРЭТа. Яны ж запрасілі на
яе і падпісантаў, мясцовых жыхароў. Прыйшлі толькі дзве жанчыны, якія выказалі
нам прэтэнзіі, што мы не ўсе праблемы ўключылі ў зварот. Маўляў, калі ўзяліся –
дык рабіце ўсё.
А далей з’явіліся
начальнік аддзела ЖКГ адміністрацыі Першамайскага раёна Сяргей Барадзін, спецыялісты
спецаўтабазы Віцебска, гардармостбуда і дэпутат па Камунальнай выбарчай акрузе
№ 31 Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Алег Багінскі. Упершыню ў жыцці
ўбачылі ў акрузе дэпутата жыўцом.
Размова пачалася
з прэтэнзій да нас, бо нам хацелася зафіксаваць гэты гістарычны момант на фота.
Раней у нашым
жыцці было шмат чаго: прадстаўнікі гарвыканкама нас прылюдна называлі ворагамі
народа і ўродамі. Але каб пагражаць судом за фотаздымкі на вуліцы ля
“стратэгічнага аб’екта” – сметніцы – упершыню.
Калі зрабіла
некалькі кадраў, “народны абраннік” сказаў: “Если вы выбросите без моей санкции
вот эти фотографии в интернет – я на вас в суд подам”. За ім пачалі хаваць свае
твары спецыялісты ЖКГ і гардармостбуда і забараняць іх фатаграфаваць, бо яны,
маўляў, дрэнна выглядаюць.
Месцічы пачалі
выказваць незадаволенасць існуючымі праблемамі.
Спрабавалі
даведацца, хто павінен чысціць стокавыя канавы і калі будуць асфальтаваць
вуліцы, хто знішчыць той баршчэўнік, які запаланіў пустыры. Але ніякага
канкрэтнага адказу на свае пытанні так і не пачулі.
Вось дыялог з
дэпутатам Алегам Багінскім :
– Да мяне, як да
дэпутата, людзі па дапамогу не звярталіся.
– Дык людзі
ведаюць, што толку не будзе.
– Чаму вы так лічыце, што толку не будзе?
– А вы дакажыце, што будзе толк.
– Гэта мая зямля – я тут працую 25 гадоў.
– Дык давайце пройдзем па вашай зямлі. Я раней
тут не была, а калі трапіла – дык жахнулася, што сёння ў Віцебску так людзі
жывуць.
– Вы ўвогуле разумееце пра што кажаце? Яшчэ не
скончана меліярацыя і асушванне гэтых участкаў.
– А калі будуць скончаны?
– Калі будуць скончаны, тады і будуць
скончаны.
– Чакайце, у інвестыцыйны план на гэты год не
ўключаны меліярацыйныя работы па гэтых вуліцах.
– Яны былі ў 2015-2016 гадах, і яны
рэалізуюцца, але яшчэ не выкананыя да канца.
– Дык калі будуць заасфальтаваныя вуліцы?
– Калі скончацца працы.
– А калі?
– Я не вяду гэтыя працы.
Не адказаў на
гэтыя пытанні і начальнік аддзела ЖКГ адміністрацыі Першамайскага раёна Сяргей
Барадзін.
Не менш “змястоўнай”
была размова наконт размяшчэння смеццевых скрынь. “У нас усё па стандартах, без
парушэнняў: ад сметніка да тэрыторыі дзіцячага сада аж 20.1 метр”, – Сяргей
Барадзін. А вось Аляксандр Зуеў, урач-гігіеніст аддзялення камунальнай гігіены
Віцебскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, намераў 24 метры… і
таксама сцвярджаў, што тут няма парушэнняў санітарных норм, усё ў парадку.
На час сустрэчы
ля смеццевых бакаў сапраўды было прыбрана, а самі скрыні пафарбавалі. На жаль,
чыста было ўпершыню за ўвесь час, але нядоўга. Праз тры дні ўсё стала “на свае
месцы”: сярод гары смецця – паўнюткія пафарбаваныя скрыні.
А тое, што смецце
разносіцца ветрам, птушкамі і жывёламі на пляцоўку дзіцячага сада, гэта нікога
не хвалюе.
І тое, што да
тэрыторыі царквы, што перад садам, каля 7,5 метраў, таксама не мае значэння.
Норма. Але якая і чыя? Галоўнае, атрымаць санкцыю на размяшчэнне фота.
І чаго збіраліся?
Алёна Шабуня
Фоты 1, 2 і 3 –
так было заўсёды і за 3 дні да прызначанай сустрэчы
Фоты 4 і 5 – 21
чэрвеня, у дзень сустрэчы
Фоты 6, 7, 8, 9 –
сустрэча
Фоты 10 і 11 —
праз 3 дні пасля сустрэчы