95 гадоў таму памёр Казімір Фалькевіч

30 жніўня 2017 10:10  |  Грамадства

95 гадоў таму памёр Казімір Фалькевіч

 

95 гадоў таму памёр Казімір Фалькевіч – селянін з-пад Вільні, сябра БХД, адзін з міністраў Літоўскай Тарыбы, які адстойваў правы ды інтарэсы беларусаў.

Нарадзіўся Казімір Фалькевіч ў 1855 годзе ў вёсцы Шастакі каля Тургеляў. Ужо ў сярэднім веку, перад вайной, прачытаў “Дудку Беларускую” Францішка Багушэвіча, пачаў выпісваць “Нашу Ніву”, а потым і “Беларуса”. Даводзіў да свядомасці сваіх суседзяў ды аднавяскоўцаў, і, як аўтарытэтны чалавек, атрымаў у вёсцы мянушку “Дзядзька”.

Паводле сведчання Адама Станкевіча, пасля адыходу з Віленшчыны расейскай улады з ініцыятывы Дзядзькі вяскоўцы накіравалі ў Віленскую курыю просьбу прыслаць ім у Тургелі ксяндза-беларуса. Затым стараннямі Фалькевіча тут адчынілі беларускую школу. Затым –  сельскі кааператыў.

 У той жа час Літва стварала сваю дзяржаўнасць – і запрасіла да ўдзелу ў Тарыбе беларусаў. Адным з міністраў першага літоўскага ўраду і стаў селянін-каталік Казімір Фалькевіч. 27 лістапада 1918 года разам з Вацлавам Ластоўскім, Іванам Луцкевічам, Уладзіславам Талочкам і Янам Станкевічам беларусы былі ўключаныя ў склад Тарыбы міністрамі. Іх мандат доўжыўся да 1920 года, пакуль не адбыўся літоўскі  Устаноўчы сойм.

9-10 чэрвеня  1919 году Казімір Фалькевіч поруч з вядомым ксяндзом Міхаілам Пятроўскім на З’ездзе Віленшчыны й Гарадзеншчыны быў абраны ў віленскую Беларускую Раду.

З кастрычніка 1920 года да сакавіка 1921 Дзядзька Казімір працаваў агентам па закупках у Дэпартаменце аправізацыі Сярэдняй Літвы.

Адышоў  Казімір Фалькевіч 30 жніўня 1922 года. Быў пахаваны  ў Тургелях, якія ён зрабіў агмянём беларускасці.

 

 

Павел Севярынец

Болей навін