Праграма БХД. Сацыяльная рынкавая эканоміка і субсідыярнасць

22 верасня 2017 15:49  |  Палітыка

 

9.1.1. БХД з’яўляецца партыяй, якая прапануе беларускаму народу эканамічную мадэль сацыяльнай рынкавай эканомікі. Мы лічым, што яна з’яўляецца найбольш эфектыўнай мадэллю, паспяхова рэалізаванай у пасляваеннай ФРГ і посткамуністычнай Польшчы. Мадэль эфектыўна працуе як у пераходны перыяд, так і на наступным этапе эканамічнага развіцця. БХД адхіляе камандную эканоміку, у якой дзяржава выконвае функцыі прыватнага бізнэсу, як неэфектыўную і прыгнятаючую свабоду і годнасць чалавека.

9.1.2. У той жа час, БХД не з’яўляецца прыхільніцай поўнага лібералізму ў эканоміцы, стыхійнага рынку, у якім дзяржава абмяжоўваецца роляй заканадаўца і збіральніка падаткаў, паколькі гэта прыводзіць да відавочнай няроўнасці і іншых сацыяльных праблем.

9.1.3. Сацыяльная рынкавая эканоміка зыходзіць з таго, што асобны чалавек з’яўляецца тварэннем Божым і яго годнасць з’яўляецца недатыкальнай. Сацыяльная рынкавая эканоміка з’яўляецца ладам, пры якім свабода, салідарнасць і справядлівасць дапаўняюць адна адну.

9.1.4. Кіруючым прынцыпам ў грамадстве ў цэлым і ў эканоміцы, у прыватнасці, павінен быць прынцып субсідыярнасці. У дачыненні да грамадства субсідыярнасць азначае дапаўняючае актыўнае ўмяшальніцтва ў мэтах дапамогі з боку вялікіх сацыяльных утварэнняў, такіх як дзяржава і іншых грамадскіх інстытутаў на карысць асобных людзей і меншых жыццёвых сфер. Падобна да таго, як індывіда нельга пазбаўляць ініцыятывы і даваць грамадству рабіць тое, што ён можа рабіць па ўласнай ініцыятыве і сваімі сіламі, гэтак жа парушаецца справядлівасць, калі тое, што могуць зрабіць больш дробныя супольнасці, бяруць на сябе вялікія супольнасці. Да таго ж гэта надзвычай нявыгадна і заблытвае ўвесь грамадскі лад. Чым лепш вытрымліваецца паслядоўнасць розных грамадскіх працэсаў шляхам строгага выканання прынцыпа субсідыярнасці, тым мацнейшая грамадская ўлада і сіла ўздзеяння грамадства, і тым больш паспяхова ідуць справы ў грамадстве. Дзейнасць грамадства ў гэтым выпадку дапаўняе дзейнасць індывіда, сям’і, прафесійнай групы.

9.1.5. Сацыяльная рынкавая эканоміка чэрпае сваю сілу з таго, што свабода і адказнасць, канкурэнцыя і салідарнасць ўтвараюць адзінства і падтрымліваюць адзін аднаго. Яна з’яўляецца непадзельным спалучэннем вольнага эканамічнага і салідарнага сацыяльнага ладу. Сацыяльная рынкавая эканоміка з’яўляецца сацыяльнай, таму што яна дае людзям магчымасць жыць у адпаведнасці са сваім прызначэннем да самастойнасці і самому клапаціцца пра сябе і пра сваіх блізкіх. Яна з’яўляецца сацыяльнай, таму што вядзе сілы індывіда да грамадскага ўзаемадзеяння. Яна з’яўляецца сацыяльнай, таму што робіць эканамічна магчымай салідарнасць, на якой грунтуюцца арганізаваныя дзяржавай сістэмы сацыяльнай абароны. Сацыяльная рынкавая эканоміка робіць магчымым для ўсіх дабрабыт і бяспеку. Сацыяльная рынкавая эканоміка азначае саўдзел таксама для тых, хто не можа ўласнымі сіламі дасягнуць адпаведнага жыццёвага ўзроўню. Так яна ажыццяўляе сацыяльную справядлівасць.

 

 

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін