Праграма БХД. Атамная энергія

21 кастрычніка 2017 13:37  |  Эканоміка

Праграма БХД. Атамная энергія

 

9.14.1. У бліжэйшы час немагчыма адмовіцца ад выкарыстання атамнай энэргетыкі ў вытворчасці электраэнэргіі ў Беларусі. На сённяшні дзень Беларусь імпартуе электраэнэргію, вырабленую на атамных станцыях за мяжой. Рэалізацыя ўласнага атамнага праекту дазволіць павысіць энэргетычную дыверсіфікацыю і зменшыць залежнасць краіны ад імпарту вуглевадародных энэргарэсурсаў. Разам з тым БХД выступае супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, бо лічыць гэты праект палітычна абумоўленым энэргетычнай стратэгіяй Расіі і не адпаведным нацыянальным інтарэсам.

9.14.2. Пры рэалізацыі атамнага праекту неабходна ўлічваць, што з яго дапамогай немагчыма цалкам вырашыць праблему энэргазабеспячэння і энэргетычнай незалежнасці. Для працы атамнай станцыі неабходна закупаць ядзернае паліва, якога Беларусь не мае, а краін –прадаўцоў ядзернага паліва значна менш, чым краін – прадаўцоў вуглевадароднай сыравіны. Таксама існуе пытанне вычарпальнасці сыравіны для ядзернага паліва пры тых тэхналогіях, якія цяпер прымяняюцца ў атамнай энэргетыцы. Актуальным пытаннем застаецца надзейнае захоўванне і ўтылізацыя радыёактыўных адыходаў. Дзяржава мусіць максімальна сур’ёзна падыходзіць да пытання бяспекі АЭС, пралічваць усе магчымыя негатыўныя наступствы і мець план на выпадак надзвычайных сітуацыяў на АЭС.

9.14.3. Развіццё навукі і тэхналогіяў падводзіць чалавецтва да сапраўды надзейнай, экалагічна бяспечнай і невычарпальнай энэргетыкі на аснове тэрмаядзернага сінтэзу, што літаральна з’яўляецца энэргіяй Сонца на Зямлі. Але вытворчаць у прамысловых маштабах тэрмаядзернай энэргіі з’яўляецца далёкатэрміновай перспектывай.

 

9.14.4. Улічваючы трагічны досвед катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, падчас якой найбольш за ўсіх пацярпела Беларусь, і тыя жудасныя наступствы ад катастрофы, БХД лічыць магчымым рэалізацыю атамнага праекта ў Беларусі толькі па выніках шырокага экспертнага абмеркавання і усенароднага рэферэндуму.

З Праграмы Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін