Віншуем з днём народзінаў айца Іаана (Бембеля)
Алег Бембель – адзін з лідэраў Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці ў 1991-1995 гадах, ідэйны натхняльнік і арганізатар аднаўлення хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі ў першай палове 1990-ых гадоў, у далейшым – інак і манах Жыровіцкага манастыра, паэт і філосаф.
Нарадзіўся Алег 16 снежня 1939 года ў сям’і праслаўленага беларускага скульптара – Андрэя Бембеля, аўтара шматлікіх кампазіцыяў, прысвечаных рэвалюцыі і вайне (Дом Урада ў Мінску, Брэсцкая крэпасць, Курган Славы і іншыя).
У паваеннай Беларусі атрымаў разнабаковую адукацыю – у Палітэхнічным інстытуце, Мінскай музычнай вучэльні, Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, аспірантуры Інстытута філасофіі і права АН БССР. Працаваў у структурах Акадэміі, на беларускім тэлебачанні, друкаваўся ў мастацкіх, літаратурных і навукова-папулярных выданнях як публіцыст. Друкаваў вершы пад псеўданімам “Зьніч”.
Працуючы ў Акадэміі навук, Алег Бембель заняўся праблемай заняпаду беларускай мовы. Ягоная кніга “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”, дзе ён даследваў прычыны русіфікацыі і моўную палітыку кампартыі, была забароненая для публікацыі ў СССР – але выйшла ў Велікабрытаніі (1985 год). Зразумела, пасля гэтага аўтара выключылі з партыі (1986 год), звольнілі з працы і пачалі сістэматычны пераслед. Ва ўстановах навукі і культуры арганізоўваліся сходы з асуджэннем “нацыяналізму Бембеля”, ягоны аддзел у Акадэміі навук быў цалкам расфармаваны. Так сын культавага скульптара-камуніста стаў дысідэнтам.
З канца 1980-ых Алег Бембель робіцца актыўным удзельнікам беларускага Адраджэння: далучаецца да працы Беларускага Народнага Фронту, публікуецца ў хрысціянскіх часопісах – і ўрэшце прыходзіць да высновы аб неабходнасці стварэння хрысціянска-дэмакратычнай партыі.
Менавіта Алег Бембель запрашаў да сябе дахаты, у асабняк Бембеляў у цэнтры Мінска, вядомых вернікаў, творцаў і навукоўцаў, з якімі разам у 1991 годзе аднавіў Беларускую Хрысціянска-Дэмакратычную Злучнасць. “Дом Бембеля” стаў штабам беларускага хадэцкага руху пачатку 1990-ых.
У сярэдзіне 1990-ых, пасля крызісу і расколу БХДЗ, гарадскія ўлады адабралі асабняк у Бембеля. Колішні дысідэнт і вернік выправіўся ў дабраахвотную ссылку – у Жыровіцкі манастыр, дзе ў 1996-ым прыняў пострыг пад імем інака Мікалая.
Зрэшты, і ў Жыровічах інак Мікалай, а затым – айцец Іаан – не пакінуў свайго творчага паклікання. Ён наладзіў выпуск газеты “Жыровіцкая абіцель” з 50-тысячным накладам, выдаў некалькі зборнікаў вершаў – і працягвае заставацца адным з духоўных настаўнікаў беларускага хрысціянскага руху.
Павел Севярынец