Севярынец: заклікаем да салідарнасці са Святаславам Барановічам!
12 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Менску быў асуджаны на тры гады калоніі Святаслаў Барановіч, які заступіўся за моладзь пасля леташняй акцыі недармаедаў.
– Святаслаў Барановіч проста выканаў свой грамадскі абавязак, – сказаў у інтэрвію прэс-службе БХД сустаршыня партыі Павел Севярынец, які прысутнічаў на агалошванні прысуду. – Ён убачыў, як нейкія людзі ў цывільным гвалтам выцягваюць з тралейбуса маладых людзей, і заступіўся за хлопцаў і дзяўчат. Ніякіх траўмаў ці пашкоджанняў нікому не нанёс. Потым выяснілася, што беззаконнем займаліся супрацоўнікі міліцыі не ў форме. І замест таго, каб пакараць “цітушак”, што ўчынілі гвалт пасярод горада, у грамадскім транспарце – “суд” дае тры гады калоніі Барановічу!
– Святаслаў Барановіч – адназначна палітычны вязень, – адзначыў Павел Севярынец. – Чалавек рызыкнуў сваім здароўем і свабодай, каб абараніць ахвяраў бандыцкага, давайце будзем казаць проста, нападу. Таму цяпер наш абавязак – падтрымаць Святаслава і яго сям’ю. Малітвай, паштоўкамі ды лістамі, матэрыяльна – усяляк. Гэта справа беларускай салідарнасці.