Першая рэакцыя ўладаў на рэзалюцыю EPP: у Магілёве адмовілі ў памяшканні на сустрэчу з Рымашэўскім і Канапацкай

08 лістапада 2018 12:44  |  Галоўныя навіны

Першая рэакцыя ўладаў на рэзалюцыю EPP: у Магілёве адмовілі ў памяшканні на сустрэчу з Рымашэўскім і Канапацкай

 

Раніцай 8 лістапада ў Магілёве тэрмінова выклікалі на сустрэчу каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алега Аксёнава і адмовілі ў наданні памяшкання для правядзення сустрэчы жыхароў Магілёва з сустаршынёй БХД Віталём Рымашэўскім і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай. Сустрэча запланаваная на гэтую суботу на 14:00.

Памяшканне было замоўлена ў гатэлі “Магілёў” за два тыдні, але сёння было катэгарычна адмоўлена ў наданні памяшкання. 

“Я звязваю гэта з рэзалюцыяй, якая была прынятая ўчора. Хачу сказаць беларускім уладам: для таго, каб не было такіх рэзалюцый, трэба спыніць рэпрэсіі ў нашай краіне, якія пазбаўляюць будучыні Беларусь. БХД была аўтарам гэтага тэксту, і нашыя партнёры з усёй Еўропы адзінадушна падтрымалі яго, бо тое, што робіцца ў Беларусі вядома ўсім. Нягледзячы ні на што, будзем працягваць даносіць праўду аб той сітуацыі, якая склалася ў нашай краіне. Беларускія ўлады паступаюць проста ганебна, адмаўляючы ў памяшканне нават прызначанаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў. Гэта проста баязлівасць і бязглуздасць – два ў адным”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Сустрэча ўсё адно адбудзецца. 14:00 , уваход у гатэль “Магілёў”. 10 лістапада, субота. Зараз ідзе пошук іншага памяшкання для сустрэчы.

Болей навін