«У вольны час цягаеш ваду». Чацвёрты год без водаправоду
Колькі трэба часу, каб пракласці тры кіламетры водаправоду? Пад Віцебскам будаўнікі цягнуць ваду жыхарам вёскі Суйкава ўжо чацвёрты год. І канца пакуль не бачна. А наш тэлеканал сочыць за працамі, як за падзеямі шматсезоннага серыялу.
Гэтыя кадры зробленыя больш за год таму, у снежні 2017-га, гэта вёска Суйкава на Віцебшчыне, тут пракладалі водаправод.
«Цяпер вось з вадою – я не ведаю ўжо, калі гэта скончыцца, колькі гадоў чакаць».
Мы ведаем, што водаправоду жыхары Суйкава яшчэ не дачакаліся, гэта ўжо цяперашнія кадры. Пітной вады вяскоўцы дамагаюцца яшчэ з 2012-га, у 2015-м рабочыя пачалі працы. Упраўленне капітальнага будаўніцтва мелася пракласці крыху больш за тры кіламетры трубаў на некалькіх вуліцах.
«Работы працягнуліся – гэта ўжо традыцыя – у кастрычніку, вядуцца яны павольна, пераважна тэхніка прастойвае. Яны дачакаліся маразоў, тэхніка не бярэ зямлю, ніхто не разумее што рабіць», – кажа Алена Янушкоўская, актывістка з вёскі Суйкава.
Перад новым годам высветлілі, што каб пракласці водаправод, трэба перарэзаць кабель сувязі. І з людзей пачалі браць подпісы, што яны згодныя цягам двух тыдняў сядзець без інтэрнэту, тэлефонаў і тэлевізара.
«Старшыня выканкаму Сабыніч Генадзь Генадзевіч наўпрост сказаў, што гарантыяў ніякіх не будзе, людзі даюць подпісы, не абапіраючыся ні на якія дакументы», – гаворыць Алена Янушкоўская, актывістка з вёскі Суйкава.
Без прапісаных акрэсленых тэрмінаў вяртання сувязі Алена Янушкоўская падпісацца не пагадзілася, і не атрымаўшы адзінагалоснай згоды вяскоўцаў сувязь абрываць будаўнікі не сталі. Але, рыючы траншэю трактарам, прарвалі газавую трубу, і дзень людзі абыходзіліся без газу ды ацяплення. Чаго чакаць далей, вяскоўцы не ведаюць, з сельсавету інфармацыі няма ніякай.
Ала Багом’я, Заронаўскі сельсавет (тэлефон):
«Чаму мы павінны людзям паведамляць, якія меры былі прынятыя па рэалізацыі праекту па будоўлі водаправоду?» – «Ну, таму што гэта беспасярэдне нас датычыцца». – «Не, вас гэта не датычыцца. То бок, вас датычыцца пракладка водаправоду і каб была ў вас вада як найбліжэй да дому, але якім спосабам гэта будзе дасягацца – гэта ўнутраныя справы заказчыкаў, падрадчыкаў».
Па адказы на ўсе пытанні прадстаўніца сельсавету параіла звяртацца з афіцыйнымі запытамі ў райвыканкам, бо менавіта адтуль кіруюць будаўніцтвам. Такія запыты актывістка рабіла неаднаразова.
«Планаваны тэрмін завяршэння працаў пры ўмове дастатковага фінансавання – студзень 2019-га. То бок зноў ніякіх гарантыяў, усё абцякальна і ніяк», – гаворыць Алена Янушкоўская.
Засталося пракласці каля кіламетра водаправоду. Пакуль жа ў вяскоўцаў усё як і год таму:
«У чым заключаецца свабодны час пасля працы? У тым, што тупа цягаеш ваду ў дом».
І колькі гэта працягнецца – невядома.
Ірына Дарафейчук, belsat.eu