Павел Севярынец: калі падымецца народ – тады перамога магчымая
Кампанія выбараў прэзідэнта будзе вызначальнай.
Пра гэта сайту Charter97.org заявіў адзін з лідараў аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, каментуючы свой удзел у палітычнай кампаніі выбараў Прэзідэнта Беларусі.
– БХД абрала вас у якасці магчымага адзінага лідара правацэнтрысцкай кааліцыі на гэтых выбарах, але вам яшчэ трэба будзе пазмагацца з іншымі прэтэндэнтамі на праймерыз. Як гэта будзе адбывацца?
– Адразу хачу сказаць: сапраўдных выбараў у Беларусі няма ўжо 25 гадоў. Замест гэта арганізоўваецца выбарчы спектакль, з дапамогай якога Лукашэнка хоча паказаць, што ў нас у краіне нібыта ёсць «дэмакратыя» і кіраўнікоў «выбіраюць».
Пры гэтым большасць беларусаў бачыць, што гэта не так: у нас няма ні дэмакратычных выбараў, ні свабоднай канкурэнцыі ў палітыцы і эканоміцы.
Мы з калегамі з правацэнтрысцкай кааліцыі пастанавілі правесці праймерыз, каб вызначыць адзінага лідара на час найбліжэйшай палітычнай кампаніі.
Гэта не азначае аўтаматычна, што мы выстаўляем кандыдата ў прэзідэнты. Адзіны лідар можа быць як лідарам удзелу, так і лідарам байкоту і масавых пратэстаў – усё залежыць ад таго, як будзе складвацца сітуацыя.
Маё асабістае меркаванне: удзел у выбарах мае сэнс, калі мы апынаемся ў сітуацыі форс-мажору.
– Якія сітуацыі вы залічваеце да форс-мажорных?
– Гэта сітуацыі, калі, напрыклад, пачынае адкрыта ўмешвацца Расея, або калі ў Лукашэнкі моцна пахіснулася здароўе, або пачынаецца палацавы пераварот, або масавыя народныя пратэсты. Тады апазіцыі патрэбны адзіны моцны лідар, які гатовы ўзяць на сябе адказнасць і казаць ад імя беларускага народа.
Менавіта таму мы цягам некалькіх месяцаў сёлета будзем праводзіць рэйды па рэгіёнах, выступы ў Менску, каб людзі ўбачылі некалькіх прэтэндэнтаў і змаглі прагаласаваць за чалавека, якога яны ўважаюць за свайго лідара.
Праймерыз будуць рэальнымі і сапраўднымі выбарамі – абсалютна празрыстымі, у адрозненне ад таго, што робіць Лідзія Ярмошына. І я думаю, што гэты цікавасць людзей да выбараў адзінага дэмакратычнага лідара павінна падняць пэўную палітычную хвалю.
Гэта ўсё будзе суправаджацца інтэрнэт-галасаваннем, выступамі ў СМІ, актыўнасцю ў сацсетках. Такім чынам, праймерыз стануць часткай той палітычнай «вакханаліі», якой так спалохаўся Лукашэнка.
– Сёння Беларускі Нацыянальны Кангрэс можа назваць свайго адзінага прэтэндэнта на кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. Як вы бачыце сваё ўзаемадзеянне з адзіным лідарам ад БНК?
– Думаю, што па-першае правацэнтрысцкая кааліцыя запросіць да ўдзелу ў праймерыз усіх – у тым ліку і таго чалавека, якога абярэ БНК.
А калі БНК прыме пастанову весці кампанію самастойна, то ўжо абраны на праймерыз адзіны лідар правацэнтрыстаў будзе весці перамовы, каб гэтая кампанія была скаардынаванай. У ідэале – наогул супольнай, але як мінімум – скаардынаванай.
Таму што ёсць больш моцныя бакі як у правацэнтрысцкай кааліцыі, так і ў БНК. І я думаю, што варта і трэба прадугледзець, каб у гэтай супольнай, магутнай, альтэрнатыўнай кампаніі ўдзельнічалі і БНК, партыя КХП-БНФ, і моладзевыя арганізацыі, і іншыя дэмакратычныя сілы. Нам патрэбна ўсебаковая каардынацыя – пачынаючы ад пратэстных кампаній і да так званых выбараў, уключаючы і незалежнае назіранне за падлікам галасоў.
– Вы – адзін з прэтэндэнтаў на лідарства ў найбліжэйшай палітычнай кампаніі апазіцыі. Чаму вы мяркуеце, што выбарцы на праймерыз і, магчыма, на выбарах павінны аддаць голас за вас? У чым ваша праграма?
– Тут я павінен сказаць пра сем крокаў, якія трэба зрабіць Беларусі. Гэта і будзе маёй праграмай.
Першае: Беларусі трэба вярнуцца ў прававое поле, да Канстытуцыі 1994 года. Таму што Лукашэнка краіну з прававога поля выштурхнуў.
Другое: трэба будзе стварыць часовы ўрад з прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый, якія перамаглі.
Трэці крок: часовага ўрада – гэта даць людзям свабоду. Гэта значыць: скасаваць злачынныя дэкрэты Лукашэнкі; ліквідаваць абмежаванні, у тым ліку і для сярэдняга і дробнага бізнэсу; скасаваць кантрактную сістэма працаўладкавання; вярнуць людзям адабраны ў іх пенсійны стаж; скасаваць ганебны «падатак для беспрацоўных» – усе тыя аплаты, якія ідуць з дэкрэта аб «дармаедах»; скасаваць усе штрафы, якія задушылі ўсялякую ініцыятыву беларусаў.
Чацвёрты пункт: свабодныя парламенцкія выбары. Беларусы павінны самі абраць сваіх прадстаўнікоў, іх ніхто не мае права прызначаць.
Пятае: незалежныя суды і праваахоўныя органы. Карныя органы і міліцэйскае самавольства, якія мы маем цяпер, павінны быць замененыя сапраўднымі праваахоўнікамі.
Пасля гэтага, шостым пунктам, можна будзе пачаць выкараненне карупцыі, якая за Лукашэнкам заразіла ўсю вертыкаль улады. Мы прапануем змагацца з ёй законам Лінкальна. Гэта закон, аналаг якога ёсць ва ўсіх развітых краінах, і няма ні ў адной з краін СНД. Сутнасць яго ў тым, што чалавек, які дапамог даказаць факт карупцыі, атрымлівае 25% ад сумы, выкрадзенай у дзяржавы – як калі б знайшоў скарб. У развітых краінах такім чынам штогод эканомяць сотні мільярдаў даляраў бюджэтных грошай.
Сёмы крок – гэта развітае мясцовае самакіраванне. Людзі самі павінны распараджацца сваім жыццём. Пастановы што да той ці іншай тэрыторыі павінны прымацца не ў цэнтры, а на тым узроўні, на якім існуе праблема. Для гэтага трэба стварыць фінансавую базу для дэцэнтралізацыі. БХД прапануе, каб траціна падаткаў заставалася на месцах (у горадзе, мястэчку, вёсцы – там, дзе яны збіраюцца), яшчэ траціна ідзе ў цэнтр павета (гэта больш дробныя адміністрацыйныя адзінкі, чым сённяшнія вобласці), а апошняя траціна – у цэнтр.
Думаю, што гэтыя кароткія сем пунктаў могуць быць прынятыя на працягу некалькіх першых месяцаў новай улады і кардынальна зменяць сітуацыю ў Беларусі.
– Вы сфармулявалі праграму «пасля перамогі», а ці ёсць у вас «праграма перамогі», якая б дазволіла рэалізаваць гэтыя сем пунктаў?
– Калі ў Беларусі паўстане сітуацыя форс-мажору – паўтаруся, што гэта альбо адкрытае ўмяшанне Расеі, альбо масавыя хваляванні, альбо праблемы са здароўем у Лукашэнкі, альбо палацавы пераварот – у беларускага народа будзе толькі адзін варыянт: выйсці ўсім на плошчу ў цэнтры Менска і патрабаваць перамен у краіне.
Выхад павінен быць зроблены адзін раз. Не павінна быць бясконцага канвеера выхадаў, бо ўлада распраўляецца з малалікімі колькасцю выступамі.
Форс-мажор створыць шокавую сітуацыю. Людзі выходзяць на Плошчу – і пасля гэтага пачынаецца гісторыя перамогі.
Гісторыя перамогі можа быць доўгай, як у нашых суседзяў: у палякаў, чэхаў, літоўцаў, украінцаў перамены адбываліся не адразу, але ім папярэднічаў масавы выхад людзей, мабілізаваных палітычнай кампаніяй.
Іншых прыкладаў няма, як няма і сведчанняў да таго, каб рэжым Лукашэнкі проста так, добраахвотна, узяў і аддаў уладу. Таму беларускаму народу трэба будзе сказаць сваё слова. Няма сэнсу чакаць нейкіх герояў ці звышнатуральных падзей, якія прыйдуць і ўсім нам дапамогуць. Трэба разумець, што для кожнага беларуса гэта будзе асабісты выклік: калі не я – то хто? Выйсці – і стаяць столькі дзён ці нават месяцаў, колькі трэба.
Каб людзі так падняліся, і патрэбныя нашы праймерыз, якія абуджаюць палітычную актыўнасць. Патрэбныя таксама і кампаніі аб самых набалелых праблемах сучаснай Беларусі: гэта і новы дэкрэт аб «дармаедах», і акумулятарны завод у Берасці, і экалагічныя праблемы, і ўшчыльненне ў Менску.
Калі гэта ўсё атрымаецца аб’яднаць – тады магчымыя перамога і перамены.
– Вы кажаце, што беларускаму народу трэба будзе сказаць сваё слова. А якія цяпер настроі ў народзе? Вы, як палітык, камунікуеце з людзьмі. Як вы ацэньваеце сітуацыю з пратэстным патэнцыялам беларусаў?
– Магу дакладна сказаць: беларусы блізкія да кропкі кіпення. Даслоўна ўчора ўвечары я пабываў на грамадскім абмеркаванні ўшчыльнення ў менскім мікрараёне Сухараве і проста папрасіў людзей, якія супраць, падняць рукі. Уся зала – больш за 300 чалавек – як адзін паднялі рукі. Ніводнай рукі «за» план уладаў не было.
Такога выбуху абурэння, што выплюхнула проста ў твар уладзе, я даўно не бачыў. Людзі некалькі гадзін запар ганілі лукашэнкаўскіх чыноўнікаў у прэзідыуме. І гэта – у Менску, які рэжым імкнецца падкормліваць і залагоджваць. Такога абурэння не было з часоў Маршаў абураных беларусаў у 2017 годзе.
Адначасова трэба разумець, што ёсць пагроза беларускаму суверэнітэту з боку Расеі. Ніхто, акрамя беларускага народа, не зможа стаць гарантам нашай незалежнасці. І многія людзі гэта разумеюць.
– Апошнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі млява і малапрыкметна. Якой, з вашых прагнозаў, будзе гэтая палітычная кампанія?
– Гэта будзе яркая кампанія.
Па-першае, яна будзе праходзіць пасля масавых пратэстаў 2017 года. Па-другое, гэта будзе кампанія ва ўмовах пагрозы для беларускай незалежнасці. Расея сур’ёзна возьмецца за нашу краіну – і гэта сур’ёзна паўплывае на сітуацыю.
Значна меншым у людзей будзе страх перад выхадам на вуліцы. Мінулыя выбары праходзілі адразу пасля ўкраінскай Рэвалюцыі годнасці, і людзі былі ўражаны тым, што там адбывалася. Цяпер людзі бачаць усё па-іншаму.
Безумоўна, мы молімся за тое, каб перамены ў Беларусі адбыліся мірна. Гэта з’яўляецца нашай мэтай. Але беларусам трэба памятаць: свабода і незалежнасць не даюцца проста так. Як мінімум, трэба будзе рыхтавацца бараніць свае ідэалы.
Думаю, што стомленасць ад рэжыму Лукашэнкі, якая за пяць гадоў з апошніх выбараў назапасілася яшчэ больш, у кожны момант можа хлунуць праз край.