Наста Рымашэўская: Я ганаруся тым, што ў мяне такі муж, як Віталь
27 снежня Наста Рымашэўская прыйшла з дачкой Евай на прэс-канферэнцыю ў офіс БХД. Выказаўшы сваё меркаванне пра сітуацыю, якая склалася ў Беларусі, яна таксама адказала на некалькі пытанняў «Салідарнасці». Было заўважна, што кожнае слова гэтай далікатнай жанчыне даецца з цяжкасцю:
«Апошні раз я бачыла Віталя, калі ён сыходзіў на Плошчу. Гэта было каля 18.00 19 снежня. На развітанне ён як звычайна сказаў, каб я не хвалявалася за яго. Да гэтага ён звёз мяне з дачкой з хаты ў месца, якое лічыў больш бяспечным.
Апошні раз я чула Віталя, калі ён патэлефанаваў пасля затрымання. Я тады яшчэ не ведала, што ён ужо быў збіты і затрыманы. Віталь трымаўся вельмі спакойна, сказаў: «Ты за мяне не хвалюйся». Больш я яго не чула. Наступныя суткі ўвогуле не ведала, дзе ён і што з ім …
Хачу падзякаваць людзям за падтрымку, якую яны нам аказвалі. Падтрымка і салідарнасць – гэта самае неабходнае ў нашых умовах.
Сёння мірныя дэманстранты і кандыдаты ў прэзідэнты сядзяць у турме. А тыя людзі, якія не маглі стрымаць сваёй агрэсіі і ботамі білі людзей, ходзяць на свабодзе. Яны рыхтуюцца да святаў і праводзяць час са сваімі сем’ямі. У мяне такой магчымасці няма …
Беспакараным застаецца цэлы штат правакатараў, якія дзейнічалі на плошчы, не маглі стрымаць сваёй агрэсіі. Пытанне тут не ў тым, што кагосьці трэба пакараць, а ў тым, што калі ёсць людзі, якія не могуць спыніць у сабе зло, дык зло трэба спыняць камусьці іншаму, прыцягваючы іх да адказнасці.
Я абураная выказваннямі некаторых палітыкаў аб тым, што трэба весці дыялог з Лукашэнкам на нейкіх умовах. Пакуль невіноўныя людзі сядзяць у турме, а рэпрэсіі супраць нязгодных працягваюцца, любы дыялог з гэтай антычалавечай уладай – гэта злачынства.
Я ганаруся тым, што ў мяне такі муж, як Віталь. Ганаруся, як ён дзейнічаў падчас дэманстрацыі, што побач з ім былі паплечнікі, якія яму не здрадзілі і сярод якіх быў Павал Севярынец, які таксама зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Што будзе далей, я не ведаю. Імкнуся пра гэта нават не думаць. Каб не было лішніх надзеяў».