Калі чалавек ня верыць у Бога – ён пачынае верыць у «бацьку»
У што верыць сучасны беларус? Калі правесьці даследаваньні і даведацца адказ на падобнае пытаньне ў самым грамадстве, то апынецца, што беларусы вераць у што заўгодна: прэзыдэнту, апазыцыі, самі сабе або наогул ні ўва што ня вераць, але толькі адзінкі скажуць аб веры ў Бога.
Але ж, калі чалавек ня верыць у Бога – ён пачынае верыць ва ўсё што заўгодна: у дзеда мароза, у ведзьмака ці шамана, у выратавальны Ўсход ці Захад, у вусатага «бацьку» або барадатага апазыцыянэра.
Большасьць беларусаў духоўна паслабленая, калі не сказаць больш – амаль мёртвая. У такой псыхалягічнай пастцы беларусы загадзя ставяць сябе ніжэй за іншыя нацыі і ўспрымаюць любога замежніка як прадстаўніка вышэйшай расы.
Асабліва небяспечна такі стан у тых, хто ўва ўладзе, бо ўся беларуская намэнклятура, асабліва тая, «думаць якой не належыць па статусе» (чыноўнікі ніжэйшага і сярэдняга зьвяна), у апошні час завісла ў дрыгатлівым чаканьні прыходу расейскага выратавальніка: крэдыт, а лепш ўвод расейскага рубля , а яшчэ лепш поўная анэксія Беларусі.
Людзі, якія ня вераць у Бога, якія ня маюць духоўных і гістарычных каранёў, прыйшоўшы да ўлады, ідуць па адным і тым жа сцэнары – карупцыя, асабістая нажыва, прыгнёт народа. У такіх кіраўнікоў няма ідэалаў, няма маральных абмежавальнікаў.
Але прыход да ўлады бязбожнікаў з агідным амаральным абліччам магчымы толькі ў тым выпадку, калі сам народ жыве бяз Бога ў сэрцы.
Зараз Беларусь як ніколі мае патрэбу ў Богу. Людзям патрэбна ня проста упэўненасьць, якую ўжо ня ў стане даць ні «вусатыя», ні «барадатыя», – людзям патрэбна вера і духоўныя сілы выстаяць і пачаць перамагаць!
Такую веру ў стане даць толькі Бог, а Бог можа ўсё!
Галоўнае памятаць, што Бог стварыў чалавека свабодным, ён дае сілы перамагаць, але ісьці да перамогі трэба самому! І гэта трэба памятаць заўсёды! Барацьба за Свабоду і годнае жыцьцё яшчэ ніколі не была лёгкай, паглядзіце гістарычныя прыклады. Часта людзі ўсьвядомлена ішлі на сьмерць, бо памерці стоячы для іх было лепш, чым жыць на каленях!
У Беларусі пакуль няма перадумоў для крывавай бойні – сытуацыя не тая: улада ня мае грошай, каб прыцягваць атрады наймітаў для расстрэлу народа, ды і геаграфічнае становішча не дазваляе дыктатуры разьвязаць крывавую разьню, здавалася б – умовы для дзеяньняў ідэальныя, але дзеяньняў няма.
Страх, генэтычны неабгрунтаваны страх скоўвае волю да пераменаў, волю да перамогі. Народ ужо ня верыць у «вусы», але і «барадзе» пакуль не давярае, народ прыглядаецца, шукае аб’ект для пакланеньня, шукае новага правадыра, забываючы пра тое, што бяз Бога, зняўшы ярмо драўлянае – апране ярмо жалезнае!
Магчымасьць зрушыць Лукашэнка ў народа ёсьць. Народны бунт можа жорстка пакараць дыктатара і прыхвастня, але далей, бяз веры ў Бога, вынік будзе сумным.
Зьявіцца новы «правадыр», магчыма ён будзе і без вусоў, і без барады. Але пакуль народ будзе верыць у «цароў» і «бацькаў» – гэта будзе чарговы дыктатар.
Зьвярніце ўвагу, колькі касьцёлаў і цэркваў будавалі нашы продкі, і якую ролю адыгрывала ў іх вера ў Бога. Амаль у кожным мястэчку была царква або велічны касьцёл. Людзей выхоўвалі ў духоўнасьці і любові да Радзімы. Зараз мы пажынаем плады багаборніцтва і няверы. Духоўныя каштоўнасьці падменены ілжывымі паняцьцямі і псэўдакаштоўнасьцямі, якія забіваюць у мазгі празь дзяржаўныя СМІ.
Усе разьвітыя і пасьпяховыя дзяржавы ствараюць глыбокія вернікі, іх каштоўнасьці і стабільнасьць непарушныя. У той жа момант, у дыктатарскіх і аўтарытарных рэжымах заўсёды змагаюцца з Богам, але фінал такіх рэжымаў заўсёды адзін – поўны крах!
У Беларусі створаны прасьвядныя ўмовы для адраджэньня хрысьціянства як падмурка новага грамадзтва: каталіцкая, праваслаўная, пратэстанцкая канфэсія – выбар вельмі шырокі. Трэба толькі сысьці ад фармальнага і абраднага разуменьня Бога і пачаць успрымаць яго сэрцам, так, як рабілі нашы продкі.
Перад Беларусьсю цяпер стаіць выбар – зноў наступіць на старыя граблі і пайсьці па шляху папулізму і хлусьлівых абяцаньняў або вярнуцца да Бога, вярнуцца да гістарычных каранёў і пачаць кіраваць сваім жыцьцём, свой краінай самастойна.
Можна знайсьці тысячы прычын, каб ня браць адказнасьць за сваё жыцьцё на сябе, але трэба пераадолець страх, згубную ляноту, разарваць заганны круг «вусоў», «барод», «бацькаў» і знайсьці тую адну, але дакладную прычыну, каб пачаць рабіць ўчынкі і мяняць сваё жыцьцё! А Бог у гэтым дапаможа!
ALEX ALEXANDROVICH