Віталь Рымашэўскі: калі Вы не займаецеся палітыкай, палітыка зоймецца Вамі
Учора ўвечары прыйшло СМС з просьбамі аб дапамозе ад чалавека, які прысутнічаў на сходзе “Ліцвінскага клуба”. Гэта хрысціянскі гістарычны клуб. Непалітычны. Неконфесійны. Досыць вядомы ў Мінску сярод беларускай моладзі праз крэатыўны падыход у арганізацыі сустрэч, актуальных тэм.
Сход, дзе праходзіла пасяджэнне клуба – гэта прыватны драўляны дом недалёка ад станцыі метро “Маладзёжная” – практычна цэнтр Мінска. Гэта дом, дзе жыве сям’я пастара Антонія Бокуна.
Як распавялі ўдзельнікі сустрэчы, спецназ пад’ехаў на трох аўтобусах. Атачылі дом, дубінкамі выбілі ўсё шкло (нягледзячы на тое, што дзверы былі адчыненыя), пры гэтым цудам не пацярпелі дзеці. Уварваліся ўнутр, загадалі ўсім удзельнікам пасяджэння стаць і падняць рукі ўверх, было забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі і размаўляць.
Падставай для налёту, як сказалі спецназаўцы, быў званок з паведамленнем, што ў памяшканні вырабляюць наркотыкі.
Я паспеў прыехаць, калі ўсіх затрыманых пагрузілі ў аўтобус і прывезлі ў РАУС Маскоўскага раёна. Аднак дзяжурны паведаміў, што не ведае ні аб якім затрыманні і што нікога ў РАУС не прывозілі. Прыйшлося напісаць заяву аб згубе людзей і скаргу на дзяжурнага. Паводле яго рэакцыі было відаць, што ніякіх негатыўных наступстваў ад пададзеных заяў ён не прадбачыць.
Здзіўляе не тое, што афіцэр у міліцыі хлусіць як школьнік – гэта звыкла, здзіўляе, як гэтыя людзі ў форме прывыклі пакорліва зачыняць вочы на злачынствы і самі становіцца саўдзельнікамі. Іх (дзяжурных і іншых міліцыянтаў) сапраўды часта не лічаць патрэбным ставіць у вядомасць “людзі ў цывільным” аб тым, што адбываецца ў іх жа РАУС. Я глядзеў на дзяжурных супрацоўнікаў і думаў пра тое, ці разумеюць яны, у якім зневажальным становішчы знаходзяцца самі перад гэтымі “гаспадарамі ў цывільным”?
Прыкладна ў 21.50 затрыманых пачалі выпускаць з Маскоўскага РАУС без якіх-небудзь тлумачэнняў.
Цікавы той факт, што “Ліцвінскі клуб”, пастар Антоній Бокун апошнія гады падкрэслена дыстанцыяваліся ад палітыкі, ад любых палітычных партый і рухаў. Як бачым, пры гэтым менавіта з іх у 2012 годзе пачаліся масавыя затрыманні.
У Беларусі ўсё – палітыка. Дакладней усё, што не сцелецца рабом перад уладамі, усё, што мае свой, адрозны ад улады пункт гледжання. Тады “палітыкай” становіцца ўсё – музыка, бізнэс, царква, слова ў інтэрнэце, маўчанне на плошчы …
Колькі яшчэ беларусам трэба часу, каб нарэшце зразумець, што пры гэтым рэжыме ёсць толькі 2 шляхі – 1-ы – саступаць і згаджацца 2-і – супраціўляцца.
Ва ўмовах Беларусі саступаць – азначае не проста не ствараць праблемы ўладам, гэта азначае адмаўляцца ад праўды, ад таго у што верыш і што любіш. Падпарадкоўвацца нават не загадам, а паўнамёкам “зверху”. Менавіта такіх саступак патрабуе ўлада. Пры дыктатуры халуйства – сінонім бяспекі.
Супраціўляцца – значыць змагацца. За свой пункт гледжання, сваіх блізкіх, за права называцца чалавекам. А гэта значыць – непазбежна рызыкаваць, непазбежна “займацца палітыкай”.
Памятаю маю размову з адным з сябраў Каліноўскай Рады “Маладога Фронту” – Сяргеем П. у 1999 годзе. Я задаў яму пытанне – чаму ён, паспяховы бізнэсмэн, чалавек, у якога ёсць усё для шчаслівага жыцця – сям’я, грошы, бізнэс, прыйшоў у палітыку і рызыкуе ўсім гэтым. Я памятаю яго адказ: “мой дзед ніколі не займаўся палітыкай. Быў простым таксістам ў Мінску. Проста аднойчы ў 50-я ён не вярнуўся дадому. Сям’я да гэтага часу не ведае, дзе яго магіла. Тое, што ты не займаешся палітыкай – не азначае, што цябе не рэпрэсуюць”.
Сёння ў Беларусі тое, што Вы не займаецеся палітыкай, не гарантуе вам бяспекі.
У Беларусі тое, што Вы застаяцеся людзьмі, гарантуе вам праблемы з уладамі.