Эрнст Сабіла: ад сьмерці мяне ратавала рука Божая
— Спадар Эрнст, за што вас у 1951 годзе, яшчэ пры Сталіне, прысудзілі да найвышэйшай меры пакараньня?
— Прысуд базаваўся на артыкуле 72-б —«антысавецкая агітацыя на падставе рэлігійных і нацыянальных забабонаў». Але я тады ўжо ведаў, што яшчэ ў 1947 годзе быў пакінуты расстрэл толькі для шпіёнаў і дывэрсантаў, а за антысавецкую агітацыю паводле ўказу Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР расстрэл быў адменены. Там жа, у судовай залі, праз паўзу, мне аб’явілі, што расстрэл заменены 25 гадамі зьняволеньня. Чаму адразу так не аб’явілі? Відаць, хацелі яшчэ сьцебануць — упадзе Сабіла перад імі на калені ці не? Усё ж расстрэл ёсьць расстрэл.
— Якія ўмовы ўтрыманьня былі ў турме падчас сьледзтва? Я так разумею, што вы сядзелі ў цяперашнім сьледчым ізалятары КДБ?
— Там. Што да ўмоваў утрыманьня, то дастаткова сказаць, што два месяцы — столькі ішло сьледзтва — я ня спаў, мне не давалі спаць. Днём — на допыце, вечарам вернуць у камэру, там да адбою спаць нельга, а ноччу — ізноў на допыт. Гэта катаваньне. Пра што ў мяне сьледчыя дапытваліся? Вось ён будзе сядзець, сядзець, сядзець — а ты стой. Потым спытаецца: чаго ты супраць савецкай улады падняўся? Ці верыш ты ў Бога? Пытаецца — толькі б пра нешта пытацца. Абы пра што, абы катаваць.
— Вы былі ў розных лягерах — у Электрасталі пад Масквой, у Мардовіі, у Кемераўскай вобласьці. Дзе прыйшлося найцяжэй?
— Паўсюль — адзін почырк. Помніцца, у Электрасталі вялі нас з работы, і нехта закурыў у шыхце. Там была помесь — і нашыя, палітычныя, і былі бытавікі. «Прэкраціць курава ў страю!» — канваір гаркнуў, стрэліў і забіў некалькі чалавек. Тое самае было і ў Кемераўскай вобласьці — у гэтак званым Южкузбаслагу. Усюды працавала сыстэма на зьнішчэньне. Такую нагрузку давалі, што людзі проста не вытрымлівалі.
— А якую работу даводзілася выконваць?
— Звычайную, фізычную. Працавалі на лесанарыхтоўках, на лесапавале. Займаліся торфараспрацоўкай. Там у тарфяных пластах, на глыбіні — пні. І трэба было іх дастаць, пасекчы і спаліць. Дзённая норма калоць тыя пні — 28 кубоў на чалавека. Проста непасільна. Турэмная адміністрацыя «сваім» людзям дапісвала патрэбныя аб’ёмы. А ты «ня свой», няўгодны — ты выконвай.
— Гэта вас і падштурхнула на ўцёкі зь лягеру?
— Так, безвыходнасьць. Гэта было ў Южкузбаслагу. Так думка склалася — што будзе, тое будзе. На турэмным жаргоне гэта называлася «ісьці на рывок», гэта значыць — уцякаць на вачах у канваіра. Я зрабіў такую лесьвічку невялічкую, каб ня надта цяжка было цягнуць, але і слабаватую. Я яе цераз адзін плот з калючкай перакінуў, потым цераз другі, а канваір ужо крычыць: «Стой, страляць буду!». І страляе. Я толькі пасьпеў схапіцца за верх плоту, як лесьвічка пада мной паламалася, і я застаўся вісець на руках. На адкрытай пляцоўцы. А канваір з вышкі паліць па мне! І не патрапляе! Потым ужо, калі мяне праз пару дзён злавілі, адзін чалавек усё расказаў — ён бачыў, як я ўцякаў. У канвара былі яго асабісты карабін, і аўтамат начальніка канвою, які прыходзіў і звычайна сядзеў на вахце. Вось, значыць, канваір адразу схапіўся за аўтамат. Адцягнуў затвор, шчоўк — асечка, зноў адцягнуў — ізноў асечка. І так 4 ці 5 разоў аўтамат даваў асечкі. І тады ён кінуў аўтамат і схапіў карабін. Кулі ішлі проста каля майго вуха. Калі куля ідзе трошкі далей, яна ідзе са свістам, а калі блізка — яна гром стварае. Канваір меціў па галаве і не пацэліў.
Я адбегся ўжо, перайшоў цераз рэчку, а праз некалькі дзён мяне ўсё ж злавілі. Прывялі ў той жа лягпункт, у якім я быў, а потым пераслалі за 16 кілямэтраў на другі лягпункт. Канваявалі мяне салдат тэрміновай службы і сабакавод. 16 км — гэта ж трэба прайсьці, і вось мы разгаварыліся. Я ў кайданках, каб новага рыўка не зрабіў. І сабакавод сказаў мне тады, што па мне страляў найлепшы стралок дывізіёну. Потым, кажа, яго паднялі на сьмех. У муху мог патрапіць, а ў чалавека не пацэліў… Відаць, была рука Божая, якая кіравала яго рукой і яго вокам, якая ўратавала мяне ад сьмерці.
— А ці зналіся вы ў лягеры з кімсьці з беларусаў?
— У 1957 годзе мяне кінулі ў мардоўскія лягеры. І вось там я сустрэў суайчыньнікаў. Там былі Цімох Вострыкаў, ягоны падзельнік Генадзь Касьцюк. Там былі пляменьнікі Якуба Коласа — Міхась і Лявон Белыя. Там жа быў і Браніслаў Ржэўскі, памятаю яшчэ Дзялендзіка — шчырага беларуса. У нас была такая завядзёнка — сустрэцца, паразмаўляць, як там справы ў Беларусі. Ржэўскі ў лягернай бібліятэцы працаваў, ён дацэнтам, адукаваным чалавекам быў. Ён беларускія газэты ў бібліятэку выпісваў. Пасядзім, пагаворым, абмяркуем навіны, парадуемся сваёй беларускасьці. Нашы сустрэчы былі такой нацыянальнай аддушынкай у лягерным жыцьці.
— А ці ведалі вы, што былі таксама арыштаваныя і вашы адзінаверцы, скажам, Уладзімер Канатуш зь Менску?
— Зь лягпункту, дзе была наша беларуская грамада, мяне перакінулі ў чыста верніцкі лягпункт. Проста цераз дарогу, там каля 500 вернікаў знаходзілася. Пра Канатуша я ведаў, ён сядзеў ня ў нашым лягпункце, але недзе побач. Мы зь ім перапісваліся. А раней мяне проста ізалявалі, каб я ня бачыўся з патрыётамі беларускімі. І толькі ў 1957 годзе мне ўдалося пабыць у такой беларускай грамадзе.
— Пасьля вяртаньня зь лягеру, ужо ў 70-я гады, вы праводзілі малітоўныя сходы ў Менску. У якіх умовах яны праходзілі?
— Ва ўмовах татальнага кантролю. Безумоўна, быў упаўнаважаны, ён калі хацеў, тады і прыходзіў. На любы сход па законе ён меў права прыйсьці і кантраляваць. За ўсім было сачэньне. Вось я выйду з хаты — ідзе віж сьледам. Правядзе на работу, прыме з работы і вядзе дахаты, і так цягнулася ажно да Гарбачова. Скажам, я прыяжджаю ў раён Аўтазаводу, там у нас у звычайнай кватэры сходы адбываліся. Кватэра на пятым паверсе была. Прайшла палова сходу — заходзяць хлопцы ў форме і бяз формы. Загадваюць спыніць «зборышча» і аб’яўляюць, што будуць выпускаць па чарзе пасьля прад’яўленьня дакумэнтаў. Паверх пяты, выхад адзін. Усё. Яны задаволеныя — Сабілу злавілі. Але пакуль тая сумятня і вэрхал, падыходзяць да мяне маладыя сёстры: «Эрык, тут праз балькону праход на другую балькону, у другі пад’езд». Хлопцы прапускаюць-прапускаюць, ужо лічаныя людзі засталіся, а Сабілы няма. Гэта іх проста разьятрыла. Але так яны мяне і не злавілі.
— Калі параўнаць адносіны улады да пратэстанцкіх суполак у БССР і цяпер — што зьмянілася да лепшага, а што да горшага?
— Быў час бальшавіцкага тэрарызму, потым была адліга. Далі магчымасьць дзяліцца сваёй верай з людзьмі ня толькі ў царкве, але і на вуліцы. Потым пачалося зацісканьне гаек. Пачалося яно ўжо пры новым нашым прэзыдэнце (ён і новы, і стары). Наша беларуская Эвангельская царква была афіцыйна зарэгістраваная ў мяне на кватэры ў Менску: Любімава, 21, кватэра 56. Мы служэньні вялі, нікому не заміналі, і ніхто на нас ня скардзіўся. Прыйшоў час, зьявіўся новы закон: для рэгістрацыі патрэбна 20 чалавек — гэта яшчэ сталінская дваццатка. Патрэбен і культавы будынак. А яго ў нас не было, і нас рашэньнем суду пазбавілі рэгістрацыі… Сёньня так не страляюць, як стралялі вернікаў у 30-я, 40-я, 50-я гады, але заціскаюць моцна.
— Ужо ня першы год у Беларусі ўлады не рэгіструюць хрысьціянскіх дэмакратаў. А адзін зь лідараў БХД, Павал Севярынец, сёньня зьяўляецца палітвязьнем. Што вы можаце пажадаць сваім маладым пасьлядоўнікам?
— Як пастар, як хрысьціянін, як удзельнік немалых акцый, куды мяне запрашалі, я заўсёды перад сваім выступам гаварыў адно і тое ж: прымірыцеся, людцы дарагія, спачатку з Богам. Знайдзіце кантакт з Богам, даведайцеся, чаго хоча Бог для вас, і чаго хоча Ён ад вас. Прыміце Ягоную волю і Ягонае слова, а потым ужо дзяліцеся на хрысьціянскіх дэмакратаў, на нацыянальных дэмакратаў. Тое самае я жадаю сёньня і хрысьціянскім дэмакратам, маладым і немаладым — аддайце перавагу Богу. Мы не пасьпеем пабудаваць імпэрыі беларускай, як прыйдзе Хрыстос. Наш нацыянальны рух Захад не падтрымлівае, а калі падтрымлівае, то дзеля гульні. Пуцін з блаславеньня Захаду возьме Беларусь у свае лапы. Нас разьдзеляць, высьпятка дадуць, і паляцім мы ў Маскву. Чаму паляцім? Бо тых, каторыя не паляцелі б, выдушвалі плянамерна і мэтанакіравана, сотнямі гадоў вынішчалі.
— Ня ўсіх жа вынішчылі. Як прыклад такіх людзей — вы, як прыклад — Сяргей Каваленка. Вы зь ім, дарэчы, сустракаліся ў вязьніцы. Што вы яму хацелі давесьці?
— Я хацеў яму давесьці адно: Сяргей, ты Беларусі патрэбен жывым! Пасьля твае сьмерці будуць гэтыя бандзюгі рукі паціраць і ўсьміхацца — «туды яму і дарога!» Ніхто і сьлязінкі па табе не пралье, акрамя мамы, жонкі і дзяцей. Але я яго не пераканаў. Ён і слухаць гэтага не захацеў. Ён ужо закамплексаваўся. Маўляў, ніхто яго не падтрымлівае, і ён мае на нас крыўду. Каваленка мяне адразу папракнуў: «Чаму ты прыйшоў бяз бел-чырвона-белага сьцягу?». Я кажу: “Сяргей, дык у мяне ж напісана, што сьцяг наш — Хрыстос у першую чаргу. Калі ты хочаш, я знайду бел-чырвона-белы сьцяг, абкручуся ім і зраблю акцыю каля турмы. Але што гэта дасьць? Я ізноў прыйду да цябе, толькі ўжо ў якасьці твайго сукамэрніка. Вось і ўсё. Анічога больш ня будзе. І Зянон Пазьняк, калі прыляціць да цябе, яго адразу ад варотаў прывядуць да цябе у камэру. Вось і ўсё. Гэта ж практыка ўжо, калі няма аніякай падтрымкі. Гэтая сыстэма баіцца толькі сілы. Але так мы зь ім і не дагаварыліся, на вялікі жаль.
— У Асіповічах вы будуеце царкву. Калі мяркуеце закончыць?
— Царква будавалася, калі было трохі сродкаў, я думаў, што яны яшчэ будуць паступаць. Сродкі ішлі пераважна на матэрыялы і часткова на рабочую сілу. У мяне ў самога хапала сілы — тут маім гарбом, маімі рукамі ўсё зроблена. Я за дзень тут перакідваў лапатай па сем кубоў бэтону. Цяпер будаўніцтва пакуль спыненае. Але калі нават мы не дабудуем царкву да канца, то мы ўжо маем падлогу пад нагамі і столь над галавой. Тут мы можам сабрацца і спакойна правесьці служэньне перад нашым Богам. Я думаю, калі мы ў гэтым памяшканьні дачакаемся прыходу Госпада нашага Хрыста, то і дзякуй Богу.