Віталь Рымашэўскі. “Селекцыя апазіцыянераў”. Ці падыграе Еўропа?
На фоне гэтых арыштаў на другі план адыходзіць нават значнасць самой тэмы планаванай сустрэчы (стварэнне сумеснага з ЕС плана па мадэрнізацыі Беларусі). Нашмат важней становіцца іншае: пакуль Анатоль Лябедзька, Аляксандр Атрошчанкаў, Сяргей Калякін не выпушчаныя на волю, у Беларусі стала на трох палітвязняў больш.
У дадзеным выпадку не важна, што тэрмін затрыманьня не гады, а суткі. Ізаляцыя ад удзелу ў важнай міжнароднай сустрэчы, арышты, адмовы ў рэгістрацыі новых партый, дыскрэдытацыя апазіцыі ў дзяржаўных СМІ, рэпрэсіі праз падатковую інспекцыю, пагрозы ў адрас шараговых актывістаў, нарэшце, гады турмы для самых небяспечных – усё гэта частка планамерных дзеянняў па ліквідацыі непадкантрольных уладам апазіцыйных структур. З адной толькі мэтай – стварыць лабісцкі хор – у падтрымку слабога дуэта офіса Вольгі Стужынскай і “незалежнага аналітычнага” цэнтра BISS.
За 20 гадоў працы спецслужбам так і не ўдалося разваліць альбо ўзяць пад кантроль усе апазіцыйныя арганізацыі ў краіне. Эканамічны крызіс змушае іх спяшацца, і ў дзеянне ідуць любыя метады.
Але намаганні рэжыму па адборы беларускіх апазіцыянераў на міжнародныя сустрэчы адразу ж страцяць усякую каштоўнасць, калі Еўрапейскі Саюз адмовіцца падыгрываць і зачыняць вочы на няроўныя магчымасці прадстаўніцтва. Чым большыя рэпрэсіі ў дачыненні да той ці іншай палітычнай структуры альбо лідэра – тым больш важным іх голас павінен быць для дэмакратычных краін, тым гучней іх пазіцыя павінна агучвацца і брацца пад увагу на ўсіх міжнародных мерапрыемствах, якія тычацца Беларусі (гэта цалкам магчыма і без іх фізічнай прысутнасці на сустрэчах).
«Не заўважаць» таго, што адбываецца, прадастаўляць выключную магчымасць гаварыць ад імя ўсіх толькі тым апазіцыянерам, якія апынуліся ў наяўнасці і пад рукой, – гэта будзе азначаць сакрэтнае прызнанне эфектыўнасці метадаў беларускіх уладаў і стымуляцыю далейшых рэпрэсій.
Сёння рэпрэсуюць тых, хто выказаўся ў падтрымку санкцый, заўтра – тых, хто не прызнаў выбары … і так – да таго часу, пакуль у Беларусі не застанецца ні аднаго палітыка, які змог бы адкрыта выступаць супраць Лукашэнкі.