БХД заклікае падтрымаць маладафронтаўцаў на судзе супраць камунізму
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае падтрымаць актывістаў Маладога Фронту, суд над якімі распачнецца 3 траўня а 9-й ранку ў судзе Маскоўскага раёна. Запрашаем усіх ахвотных папрысутнічаць на паседжанні (толькі не забудзьцеся на пашпарт),а журналістаў заклікаем да асвятлення ў СМІ гэтага працэсу.
Удзельнікі мітынгу 7 лістапада 2011 году ля помніка Леніну, падалі ў суд на сяброў МФПаўла Сяргея, Рамана Васільева і Міхася Мускага. Камуністы (а ў суд паступілі 2 аналагічныя зыскі) вінавацяць хлапцоў у нанясенні матэрыяльнай і маральнай шкоды. Паводле камуністаў, закідванне помніка Леніну яйкамі стала прыніжэннем іх гонару і годнасці, як людзей, якія выхоўваліся “у духу калектывізма, інтэрнацыяналізма, сацыялістычных і камуністычных каштоўнасцяў, якія і дагэтуль жывуць у нашых сэрцах”(цытата са скаргі). Заяўнікі пішуць, што яйкі быццам бы запэцкалі ім паліто, што нанесла матэрыяльную шкоду.
Камуніст Мікалай Юшчанка (1934 года нараджэння) просіць суд спатрабаваць з маладафронтаўцаў 900 тысяч рублёў у якасці маральнай кампенсацыі і 600 тысяч рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі. Маладзейшы Мікалай Валовіч (1985 года нараджэння), забыўшыся на прынцып калектывізму і ўсеагульнай роўнасці, ацаніў свой маральны супакой і пальцішка даражэй – адпаведна 2,5 мільёны рублёў і 2 мільёны рублёў.
На першым паседжанні у Вялікую Пятніцу 13 красавіка камуністы агучылі свае зыскі, аднак прысутны маладафронтавец Павал Сяргей і выкліканы адвакат папрасілі перанесці судовы працэс, каб мець час дэталёва азнаёміцца з патрабаваннямі камуністаў ды падрыхтаваць пазіцыю абароны. Дарэчы, на суд у кайданках прывезлі і Міхася Мускага, які на той час адбываў адміністрацыйны арышт на Акрэсціна.
“На маю думку, гэты суд – цудоўная магчымасць працягнуць грамадскі Трыбунал над камунізмам, які “Малады Фронт” распачаў яшчэ ў 2008 годзе. Мы запросім на наступнае паседжанне гісторыкаў і даследчыкаў, якія вывучаюць перыяд “крывавага тэрору”, сваякоў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, святароў. Няхай камуністы паглядзяць у вочы тым людзям, да трагедый, да знішчэння сем’яў якіх спрычыніліся іх аднадумцы па крывавай ідэалогіі. Няхай публічна пачуюць словы асуджэння, якога, на жаль, пакуль што няма на дзяржаўным узроўні”, — гаворыць намесніца старшыні МФ Наста Палажанка.