Павал Севярынец: сутнасьць МУС застанецца ранейшай

12 мая 2012 21:56  |  Галоўныя навіны

Адстаўка Анатоля Куляшова з пасады міністра ўнутраных спраў працягвае быць у цэнтры ўвагі грамадзкасьці. Прадстаўнікоў апазыцыі найперш пытаюцца, ці можна чакаць, што брутальны стыль паводзінаў міліцыі з удзельнікамі пратэстных акцый, які быў уласьцівы міліцыі падчас краваньня ведамствам Анатоля Куляшова, з прыходам Ігара Шуневіча зьменіцца ў лепшы бок. Вось як на гэтае пытаньне адказаў сустаршыня БХД Павал Севярынец, які адбывае 4 гады «хіміі» за удзел ў падзеях 19 сьнежня 2010 году:

 

«У той сыстэме, якая сёньня створана ў Беларусі, асоба міністра, на жаль, не вырашае практычна нічога. Мяркую, што Лукашэнка проста хоча падвысіць выканальнасьць сваіх загадаў. Сыстэма ўнутраных спраў у нас разьдзьмутая, вялізная, бюракратычны апарат грувасткі, і, напэўна, больш малады Шуневіч пакліканы зрабіць выкананьне гэтых загадаў больш хуткім. А сутнасьць іх застаецца ранейшай, і тут ілюзій мець ня трэба».

Павал Севярынец ня выключыў, што адстаўка Куляшова зьвязаная з карупцыйнымі скандаламі вакол былых ягоных намесьнікаў Палудня і Пякарскага: «Сваяцкія сувязі ці ўцягнутасьць у карупцыйныя схемы — вось асноўная ўмова кар’ернага росту ў нашай сыстэме, дзе сумленныя людзі ня могуць падняцца ў службовым пляне».

Пра самога Анатоля Куляшова «хімік» Севярынец згадаў эпізод, які адбыўся лістападам 2010 году:

«Мне Куляшоў запомніўся адным эпізодам, калі ён асабіста аддаваў загад затрымліваць маладафронтаўцаў Насту Палажанку і Міколу Дземідзенку, якія расклейвалі налепкі на будынку міністэрства ўнутраных спраў. Палажанку і Дземіденку тады на вуліцы цэлы ўзвод АМАПу браў».

Болей навін