“За Волю”: Аляксандр Малчанаў зноў палітвязень (аналіз справы)
Праваабарончая група “За Волю” лічыць, што былы палітвязень Аляксандр Малчанаў зноў пераследуецца па палітычных матывах і такім чынам з’яўляецца палітвязнем. Прадстаўляем вашай увазе аналіз судовай справы, праведзены групай “За Волю”.
“У апошні час былых палітычных зняволеных рэпрэсіўныя ўлады Беларусі спрабуюць усімі высілкамі пераўтварыць у звычайных крымінальнікаў, не саромеюцца выкарыстоваваць самыя брудныя метады і правакацыі. Александра Малчанава зноў кінулі за краты, абвнаваціўшы ў крадзяжы. Пагроза паўторнага турэмнага заключэння навісла над Васілём Парфянковым, Паўлам Вінаградавым, Уладзімірам Яроменкам.
Каардынацыйная група “За Волю” лічыць справу Малчанава сфальсіфікаванай, віну Аляксандра недаказанай, суд прадузятым і несправядлівым. Згодна з беларускімі крытэрамі Вызначэння палітычных зняволеных: п.1., П.6., зацверджанымі Экспертнай Радай па ініцыятыве групы “За Волю”, Малчанаў Аляксандр прызнаецца палітвязнем. Мы павінны супрацьстаяць рэпрэсіям дзяржмашыны. Грамадзянскі кантроль выканання права прэзумпцыі невінаватасці адносна палітрэпрэсаваных – важная задача грамадства.
Так, 9 красавіка 2012 года суд горада Жодзіна вынес абвінаваўчы прысуд былому зняволенаму Плошчы-2010 – 23-гадоваму Аляксандру Малчанаву. Суддзя Іван Грынкевіч прызнаў яго вінаватым у крадзяжы металалому на тэрыторыі закрытага цэха завода цяжкіх штамповак. За лом коштам 736000 бел.рублёў (што на дадзены момант складае прыкладна 90 $ США) Малчанаў быў пакараны 1 годам 6 месяцамі зняволення ў калоніі строгага рэжыму, яго сябар Арцём Ігнацікаў атрымаў паўтара гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай адбывання пакарання на адзін год.
Аляксандр Малчанаў нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 года ў Барысаве. Вычыўся ў барысаўскай школе № 22. У першай палове 2000-х гадоў быў “зубром”. Працаваў на Барысаўскім рамонтна-механічным заводзе, БАТЭ, вучыўся ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце. Прымаў актыўны ўдзел у акцыях супраць фальсіфікацыі мясцовых выбараў г. Барысава 2010 г. Пратэстуючы супраць фальсіфікацый і несправядлівасці мясцовых выбараў, у знак пратэсту супраць незаконнага выдалення его з участку, у сітуацыі безвыходнасці, немагчымасці агалошвання парушэнняў на знак нязгоды разбіў шкло выбарчага ўчастка г. Барысава. За гэта атрымаў першую судзімасць па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства), прысуджаны да 6 месяцаў арышту і 22. 07. 2010 у сувязі з амністыяй быў вызвалены.
19 снежня 2010 г. прымаў актыўны ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Быў затрыманы 6 студзеня 2011, абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і абразе дзяржаўнага сцяга, які ён зняў з будынка КДБ, усталяваўшы на яго месца нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг. 2 сакавіка 2011 года суддзя Фрунзенскага раёна г. Мінска Таццяна Чэркас асудзіла Малчанава Аляксандра на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненнага рэжыму. 14 верасня Малчанаў быў вызвалены згодна з указам Лукашэнкі аб памілаванні. Малчанаў Аляксандр быў прызнаны палітвязнем.
Пасля вызвалення міліцыя і супрацоўнікі КДБ пачалі сапраўднае цкаванне Аляксандра Малчанава.
Аляксандра звольнілі з працы праз судзімасць за Плошчу (удзел у масавых беспарадках) і куды б ён не звяртаўся, нідзе не мог працаўладкавацца, бо існаваў загад “зверху” не браць Малчанава на працу.
30 верасня да дома Малчанава прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія прад’явілі санкцыю пракурора на ператрус. Быццам Малчанаў захоўваў зброю. Агледзелі дом, але нічога не знайшлі.
У ноч на 27 кастрычніка 2011 года ў доме Малчанава зноў прайшоў ператрус, падчас якога супрацоўнікі міліцыі шукалі “забароненую” нацыянальную сімволіку, канфіскавалі кампутар, а самога Аляксандра затрымалі. Нягледзячы на тое, што міліцыя не знайшла ніякіх фармальных доказаў віны Малчанава, яго арыштавалі, і 27 кастрычніка суд Барысаўскага раёна прысудзіў Малчанава па арт. 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законнаму загаду або патрабаванню супрацоўнікаў міліцыі) пакараў адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.
Пасля ў доме Малчанава быў праведзены яшчэ адзін ператрус і ўзбуджана крымінальная справа па арт. “Абраза дяржсімвалаў” (Малчанаў і яго сябар Андрэй Мікалаеўскі трапілі пад пераслед міліцыі пасля таго, як у цэнтры Барысава былі залітыя фарбай дзяржаўныя сцягі). Аляксандр Малчанаў цалкам адмаўляў сваю віну і крымінальная справа была прыпынена.
Зараз крымінальная справа за абразу дяржсімвалаў зноў адкрыта.
Такім чынам, відавочна, што супраць Малчанава ўлада не толькі не спыніла рэпрэсіі, але і ўзмацніла іх для таго, каб ізаляваць Малчанава ад грамадскага жыцця, запалохаць, адпомсціць яму за яго актыўную грамадска-палітычную дзейнасць.
13 студзеня 2012 года Аляксандр Малчанаў быў арыштаваны і змешчаны ў турму ў сувязі з абвінавачваннем па арт. 205 КК (крадзеж, здейснены паўторна, або групай, або з пранікненнем у жыллё). Ён і яго сябар Ігнацікаў Арцём былі абвінавачаны ў крадзяжы металалому, які належаў цэху буйнога ліцця завода ААТ «Кавальскі завод цяжкіх штамповак». Сваю віну Аляксандр Малчанаў у наўмысным крадзяжы не прызнаў, заявіўшы, што ён з Ігнацікавым 13 студзеня гэтага году збіраў безгаспадарчыя прадметы на тэрыторыі недабудаванага і закінутага 20 гадоў таму цэху. Паводле яго словаў, раней на тэрыторыі цэха людзі збіралі металалом, і ніхто іх не затрымліваў за гэта.
Вытрымкі з Крымінальнага кодэксу Беларусі:
ПРЕСТУПЛЕНИЯ ПРОТИВ СОБСТВЕННОСТИ И ПОРЯДКА
ОСУЩЕСТВЛЕНИЯ ЭКОНОМИЧЕСКОЙ ДЕЯТЕЛЬНОСТИ
ГЛАВА 24
ПРЕСТУПЛЕНИЯ ПРОТИВ СОБСТВЕННОСТИ
Статья 205. Кража
1. Тайное похищение имущества (кража) –
наказывается общественными работами, или штрафом, или исправительными работами на срок до двух лет, или арестом на срок до шести месяцев, или ограничением свободы на срок до трех лет, или лишением свободы на тот же срок.
2. Кража, совершенная повторно, либо группой лиц, либо с проникновением в жилище, –
наказывается исправительными работами на срок до двух лет, или арестом на срок от трех до шести месяцев, или ограничением свободы на срок до четырех лет, или лишением свободы на тот же срок.
3. Кража, совершенная в крупном размере, –
наказывается лишением свободы на срок от двух до семи лет с конфискацией имущества или без конфискации.
4. Кража, совершенная организованной группой либо в особо крупном размере, –
наказывается лишением свободы на срок от трех до двенадцати лет с конфискацией имущества.
Справочно: В Беларуси есть только “проникновение в жилище” (ч. 2 ст. 205 УК РБ), проникновения в нежилое помещение или хранилище не предусмотрено.
Согласно УК РБ кража – тайное хищение чужого имущества.
Под хищением в настоящей главе понимается умышленное противоправное безвозмездное завладение чужим имуществом или правом на имущество с корыстной целью путем кражи, грабежа, разбоя, вымогательства, мошенничества, злоупотребления служебными полномочиями, присвоения, растраты или использования компьютерной техники.
Имущество – обладающие полезностью объект/объекты владения или использования физическим или юридическим лицом. Имущество предприятия — имущество, состоящее из производственных и непроизводственных фондов, а также другие ценности, стоимость которых отражается в самостоятельном балансе предприятия.
Суд павінен быў ўсталяваць, а пазоўнік (ААТ «Кавальскі завод цяжкіх штамповак» г. Жодзіна) даказаць:
што Малчанаў і Ігнацікаў здзейснілі дзеі таемна і з намерам
што іржавае металічнае смецце, канфіскаванае падчас комплексу аператыўных мерапрыемстваў, з’яўляецца маёмасцю завода;
Ні першае ні другое ў судзе даказана не было.
Прычынай затрымання стала папярэдняя арыенціроўка аб патэнцыйным крадзяжы ў аддзеле крымінальнага вышуку г. Жодзіна. Меры па прадухіленні і папярэджанні дадзенага правапарушэння прыняты не былі. І Малчанаў, і Ігнацікаў на судзе заявілі, што ні ад каго не хаваліся, збіраючы лом, бо былі ўпэўненыя, што не здзяйсняюць ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Яны адкрыта прыехалі на машыне і свабодна з’ехалі.
Малчанаў распавёў суду, што дадзены недабудаваны цэх уключаны ў пералік закінутых аб’ектаў – недабудовак былога СССР, звесткі пра гэта ён прачытаў на адным з сайтаў. Пашпарту аб’екта, які сведчыць аб прыналежнасці гэтай тэрыторыі заводу – не было. Ахову на тэрыторыі цэха яны не бачылі, папераджальных таблічак, што гэты закінуты недабудаваны цэх камусьці належыць і кімсьці ахоўваецца, таксама не было. Акрамя таго, Малчанаў распавёў, што людзі неаднаразова там збіралі металалом і нікога пры гэтым ніхто не затрымліваў.
На судзе высветлілася, што за Малчанавым ўвесь час вялося назіранне, што супрацоўнікі крымінальнага вышуку, оперупаўнаважаныя Грышчук і Мусік (сведкі па гэтай справе) чакалі, пераапрануўшыся ў грамадзянскую вопратку, назіралі ўвесь шэраг падзей, бачылі, як грузілі мяхі з металаломам у машыну, але затрымліваць не сталі, вырашыўшы затрымаць іх у г. Жодзіна з «доказамі злачынства». На пытанне адваката, чаму не папярэдзілі, не прадухілілі правапарушэнне, міліцыянты патлумачылі, што ім патрэбен быў поўны склад злачынства, скончаны – маўляў, гэта не забойства, дзе трэба прадухіляць.
Пры затрыманні былі канфіскаваныя: іржавыя гайкі, шрубы, кавалкі труб, іржавыя металічныя абрэзкі, пакрытыя карозіяй фрагменты карпусоў падшыпнікаў, фрыкцыйныя дыскі з іржой. Дадзены факт пацвярджаецца пратаколам агляду прадметаў ад 7 лютага 2012 года, з удзелам следчага Жодзінскага ГОСК і галоўнага механіка ААТ «КЗТШ». Металічны лом, знойдзены ў машыне ў Малчанава, змясціўся ў палімерных мяшках, увесь пакрыты карозіяй і да выкарыстання непрыдатны (гэта вынікае з паказанняў работнікаў прадпрыемства ААТ «КЗТШ»). Хутчэй – гэта смецце металічнага паходжання.
На збор і ачыстку ад смецця, тэрыторыі дадзенага завода, неабходна дадатковае фінансаванне. Таму дзесяцігоддзямі гэтае смецце там знаходзілася. Сабраны лом быў на закінутай тэрыторыі завода, у недабудаваным будынку цэха буйнога ліцця. Будаўніцтва цэха было замарожана ў 90-я гады, у сувязі з адсутнасцю фінансавання пасля развалу СССР. Абсталяванне, якое мантавалася паралельна з будаўніцтвам, таксама не было ўведзена ў эксплуатацыю. Па ўнутраных дакументах ААТ “КЗТШ” і паказаннях сведак (супрацоўнікаў завода), на дадзенай тэрыторыі няма металалому, які належыць ААТ «КЗТШ» і які падлягае здачы і ўтылізацыі, там ёсць толькі абсталяванне, якое знаходзіцца ў стане мантажу. Штогод на працягу амаль 20 гадоў яно пераацэньваецца згодна з бухгалтарскімі дакументамі і працягвае знаходзіцца на балансе прадпрыемства. Агляд і ацэнку дадзенага абсталявання на прыдатнасць да далейшага ўводу ў эксплуатацыю з наступным яго выкарыстаннем ніхто не праводзіў. Спісаць яго не ўяўляецца магчымым, бо яно не было ўведзена ў эксплуатацыю. Па паказаннях сведак (працаўнікоў завода), гэта цяжкія металаканструкцыі вагой больш за 20 тон. На іх дэмантаж і здачу на металалом неабходныя дадатковыя сродкі. Па паказаннях сведак, розныя часткі не змантаванага абсталявання знаходзяцца на іншых ахоўных складах. Такім чынам, абсталяванне, якое дасталася заводу ад СССР, цалкам не змантавана і знаходзіцца на складах прадпрыемства, мае балансавы кошт, і тэрыторыю завода не пакідала, ахоўваецца належным чынам і мае пэўную каштоўнасць. Дадзеная тэрыторыя і няскончанае будаўніцтва на сённяшні дзень бязвыплатна перададзеныя ЗАТ «АМКАДОР».
Не было прадстаўлена вопісу абсталявання, не рабілася экспертыза, якая паказала б на прыналежнасць гэтага жалезнага смецця абсталяванню завода. Ніхто са сведкаў, апытаных у ходзе судовага пасяджэння, не паказаў і не пацвердзіў, што гэтыя балты і гайкі з’яўляюцца часткай абсталявання. Таму казаць аб выкрадзеным металаломе з цэха буйнога ліцця немагчыма. Сведкі з боку завода растлумачылі, што збор, сартаванне, захоўванне і утылізацыя металалому з дзеючых цэхаў дадзенага прадпрыемства, вядуцца ў адпаведнасці з Указам прэзідэнта РБ ад 1995/05/05 года № 179 “Аб мерах па ўзмацненні барацьбы з крадзяжом каштоўных металаў, чорных і каляровых металаў , іх лому і адходаў, каштоўных камянёў “. Ёсць адказныя асобы. Ёсць спецыяльныя месцы складзіравання і захоўвання металалому. Наяўнасць і перамяшчэнне строга кантралюецца спецыялістамі завода, а таксама суправаджаюцца дакументамі (накладныя, акты спісання і ўтылізацыі, акты сартавання і г.д.). Бухгалтар прадпрыемства патлумачыла, што з цэха буйнога ліцця (закансерваваны і закінуты аб’ект), металалом не паступаў і не спісваецца. Галоўны механік кавальскага завода Войт А.В. і намеснік дырэктара Бараноўскі В.В. растлумачылі суду, што яны не могуць пацвердзіць прыналежнасць іржавых гаек і балтоў, знойдзеных у Малчанава і Ігнацікава ў машыне, да абсталявання, які знаходзіцца на тэрыторыі закінутага цэха. Усе вышэйпрыведзеныя звесткі гавораць аб тым, што металічнае смецце, знойдзенае ў машыне Малчанава не з’яўляецца маёмасцю завода.
Сведка Бараноўскі В.В. распавёў на судзе, што цэх не дабудаваны ў часы СССР: разабраць яго – грошай няма; утылізаваць гэта абсталяванне – вялікая праблема; сведкі пацвердзілі словы абвінавачаных, насельніцтва лічыць гэты цэх закінутым. Рух па тэрыторыі даступны, сам цэх не ахоўваецца. Некалькі гадоў таму назад там наогул не было ніякіх агародж, усталявалі іх толькі пасля таго, як на тэрыторыі цэха загінулі дзеці.
Такім чынам, мы бачым, што віна Малчанава на судзе даказаная не была. Але тым не менш, суддзя Грынкевіч палічыў абвінавачванне даказаным і прысудзіў Малчанава да аднаго з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, а Ігнацікава да ўмоўнага адбывання тэрміну, матываваўшы такую розніцу ў прысудзе тым, што ў Малчанава дзьве судзімасці.
Справа Аляксандра Малчанава – палітычна матываваная справа, бо мае месца тэндэнцыйнасць суда ў ацэнцы доказнай сілы довадаў абароны і абвінавачвання, свабода ў выбары доказаў, ігнараванне відавочных фактаў, неабгрунтавана жорсткія меры стрымання і пакарання, маецца відавочна дыскрымінацыйны характар пераследу ў параўнанні з аналагічнымі выпадкамі (іншымі асобамі). Усё гэта адпавядае пунктам 1 і 6 Беларускіх Крытэрыяў прызнання чалавека палітвязнем. Аляксандр Малчанаў зноў палітычны зняволены Беларусі”.