Больш за паўтара года у Мінску штодзень адбываецца малітва за палітвязняў

02 верасня 2012 15:30  |  Грамадства

Больш за паўтара года ў Мінску штодзень адбываецца малітва за палітвязняў. Вечарам 30 жніўня на плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёла (касцёла святых Сымона і Алены) гэтая малітва праводзілася ў 600-ты раз.

 

У малітве ўдзельнічалі 10 чалавек – людзі розных канфесій, актывісты аргкамітэтаў па стварэнні руху салідарнасці “Разам” і партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, а таксама каардынацыйнай групы салідарнасці з палітзняволенымі “За волю”. Адзенне некаторых з іх упрыгожвалі бел-чырвона-белыя шалікі.

 

Ля скульптурнай кампазіцыі з бронзы і граніту архангелу Міхалу, які забівае змея, грамадскія актывісты запалілі знічкі свабоды, усклалі кветкі, памаліліся за ўсіх тых, хто знаходзіцца за кратамі за свае грамадзянскія перакананні, а таксама за іх родных і блізкіх, праспявалі духоўны гімн “Магутны Божа”. Над плошчай прагрымеў заклік “Жыве Беларусь!” і адказ на яго “Жыве з Богам!”.

 

У інтэрв’ю грамадская актывістка, сябра БХД Ганна Шапуцька адзначыла, што на наступны дзень пасля крывавай нядзелі — жорсткага разгону мірнай акцыі на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года — асобныя грамадзяне пачалі праводзіць малебен за палітзняволеных пад сценамі былога касцёла святога Язэпа.

 

Паводле яе слоў, гэтую ініцыятыву падхапілі прадстаўнікі міжнароднага грамадскага аб’яднання “Малады фронт” (Чэхія), а затым грамадскія актывісты. З 19 студзеня 2011 года малебен праходзіць штовечар а 20.00 каля Чырвонага касцёла, дзе 19 снежня міліцыянты

збівалі дэманстрантаў, сказала Шапуцька. Паводле яе слоў, вельмі важна, што акцыя салідарнасці з палітвязнямі адбываецца на цэнтральнай плошчы Беларусі і праводзіцца пад колерамі нацыянальнай сімволікі, якую наведвальнікі плошчы бачаць штовечар. “Мы адчуваем, што Бог нас чуе і час свабоды для Беларусі набліжаецца. Мы бачым, што страх перад Госпадам і нашымі малітвамі не дазваляе міліцыянтам выкарыстоўваць супраць нас гвалт. Можа таму удзельнікі малебну вырашылі, што ён будзе праводзіцца да той пары, пакуль бязвінныя людзі сядзяць за кратамі”, — падкрэсліла Шапуцька.

Болей навін