Абмеркаванне праграмы БХД. Ахова навакольнага асяроддзя

29 студзеня 2013 16:17  |  Абмеркаванне праграмы БХД

Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з’ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.

 

5.5. Ахова навакольнага асяроддзя


304. Мы лічым, што эфэктыўная рынкавая эканоміка цалкам сумяшчальная з еўрапейскімі прынцыпамі ашчаднага выкарыстання рэсурсаў, безадкіднасці тэхналогіяў і павагі да Божага тварэння. Грамадзяне Беларусі валодаюць правам на спрыяльнае навакольнае асяроддзе як неад’емны паказчык якасці жыцця чалавека. Таму дзяржава мусіць прыкладаць усе намаганні для захавання прыроднага патэнцыялу Беларусі і развіцця экалагічнай бяспекі ў нашай краіне.

 

Экалагічныя праблемы Беларусі


305. БХД зыходзіць з таго, што пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Беларусь стала зонай экалагічнага бедства. Забруджаныя радыёнуклідамі тэрыторыі сталі небяспечнымі для пражывання людзей і малапрыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі. БХД лічыць заніжанымі ацэнкі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС як па колькасці чалавечых ахвяр, так і па наступствах ад трагедыі у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве. Палітыка аўтарытарнага рэжыму, якая не заўважае актуальных праблем і будучых выклікаў, звязаных са здароўем людзей і дэмаграфічным патэнцыялам, будзе прызнана злачыннай.

 

306. Назіраецца шматразовае перавышэнне нарматыўнага ўзроўню забруджвання паветранага бассейна ў гарадах з высокім узроўнем канцэнтрацыі экалагічна небяспечных вытворчасцяў і вялікай плынню аўтатранспарту.

 

307. Працягваецца небяспечнае забруджванне прамысловымі, камунальнымі і павярхоўнымі сцёкавымі водамі акваторыяў унікальных водных аб’ектаў як, напрыклад, азёр Нарач, Свіцязь, Блакітных, Браслаўскіх і іншых водных аб’ектаў.

 

308. Інтэнсіўная трансфармацыя вадазборных басейнаў і воднага рэжыму рачной сеткі ў выніку буйнамаштабнага асушэння забалочаных зямель прывяла да знікнення мноства малых рэк і ручаёў.

 

309. Праблемная экалагічная сітуацыя ў сельскай мясцовасці звязана са шматгадовым уздзеяннем на навакольнае асяроддзе адыходаў буйных жывёлагадоўчых комплексаў, з хімізацыяй сельскай гаспадаркі, выманнем урадлівых зямель для нясельскагаспадарчых мэт, эрозіяй глеб антрапагеннага паходжання, ўсыханнем лясоў і трансфармацыяй глеб у выніку непрадуманай буйнамаштабнай меліярацыі і г.д.

 

310. Акрамя ўласных крыніц забруджвання тэрыторыя Беларусі падвяргаецца забруджванню шкоднымі прымешкамі, якія выкідаюцца ў паветра ў суседніх краінах, а потым трапляюць да нас.

 

311. Актуальным патыннем з’яўляецца захаванне відавой разнастайнасці жывёльнага і расліннага свету.

 

Арганізацыйная аснова экалагічнай палітыкі


312. На сённяшні дзень у Беларусі існуе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. БХД лічыць неабходным захаванне дадзенай адзінкі ў структуры выканаўчай улады. Міністэрства выпрацоўвае і праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне выкарыстання, захавання і аховы прыродных рэсурсаў, экалагічнай бяспекі. Міністэрства займаецца маніторынгам экалагічнай сітуацыі і стану прыродных рэсурсаў, праводзіць даследаванні ў дадзенай галіне. Зыходзячы з прынцыпу партнёрства дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, Міністэрства мусіць займацца каардынацыяй дзейнасці дзяржаўных органаў улады і неўрадавых арганізацыяў па пытаннях экалогіі і прыродакарыстання, а таксама займацца распрацоўкай спецыяльных праграм і праектаў па экалагічнай палітыцы і размяркоўваць гранты сярод неўрадавых арганізацыяў на выкананне праграм і праектаў.

 

313. Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя будзе палітычнай пасадай, якую займае прадстаўнік, вызначаны правячай партыяй ці кааліцыяй. Ён нясе палітычную адказнасць за выкананне дзяржаўнай экалагічнай палітыкі перад Урадам і Соймам.

 

314. БХД лічыць неабходным прыцягваць да выканання дзяржаўных праграм і праектаў па экалагічнай палітыцы на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях неўрадавыя арганізацыі.

 

315. Замест цяперашняй Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь будзе створана экалагічная паліцыя, якая будзе ўваходзіць у структуру Міністэрства ўнутраных спраў. Асноўнымі задачамі экалагічнай паліцыі будуць:

  • выяўленне, спыненне і папярэджанне правапарушэнняў у галіне аховы навакольнага прыроднага асяроддзя;
  • ўсталяванне фізічных, юрыдычных і службовых асоб, вінаватых у іх здзяйсненні;
  • забеспячэнне кантролю за экалагічнай бяспекай;
  • узаемадзеянне з дзяржаўнымі прыродаахоўнымі, санітарна-эпідэміялагічнымі і іншымі ўстановамі аховы здароўя і кантралюючымі органамі.

Падыходы да экалагічнай палітыкі


316. Прырода не ведае нацыянальных межаў, таму высілкі ўсіх дзяржаў, перадусім Балта-Чарнаморскага рэгіёну і Еўропы ў цэлым мусяць грунтавацца на разуменні супольнай адказнасці за наваколле. БХД будзе весці актыўную працу і браць абавязкі па ахове навакольнага асяроддзя як на міжнародным узроўні, так і на нацыянальным. Галоўнай мэтай дзяржаўнай экалагічнай палітыкі з’яўляецца захаванне і аднаўленне навакольнага прыроднага асяроддзя Беларусі. Акрамя гэтай агульнай мэты дзяржаўная экалагічная палітыка мусіць быць накіравана на:

  • ахову і паляпшэнне якасці навакольнага асяроддзя;
  • ахову здароўя чалавека;
  • разумнае і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў;
  • міжнароднае супрацоўніцтва па выпрацоўцы мер, накіраваных на вырашэнне як рэгіянальных, так і сусветных экалагічных праблем.

317. Асабліва важнай экалагічнай праблемай, па якой неабходна актывізаваць міжнародную кааперацыю, з’яўляецца радыяцыйнае забруджванне пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Актуальнай міжнароднай праблемай з’яўляецца забеспячэнне бяспекі ахоўных збудаванняў над чацвёртым энэргаблокам ЧАЭС і недапушчэнне магчымага дадатковага радыяцыйнага забруджвання. На нацыянальным узроўні будзе спынена цяперашняя палітыка асваення тых тэрыторыяў, дзе досыць небяспечна пражыванне чалавека і шкодным з’яўляецца вядзенне гаспадарчай дзейнасці. Асаблівая ўвага па чарнобыльскай праблеме будзе нададзена навукова-даследчай дзейнасці, медыцынскаму абслугоўванню і прафілактыцы насельніцтва на забруджанных тэрыторыях, што патрабуе адпаведнага паўнавартаснага дзяржаўнага фінансавання.

 

318. БХД падзяляе прынцыпы экалагічнай дзейнасці ЕС, замацаваныя ў Амстэрдамскай дамове 1996 года, рэалізацыя якіх у Беларусі патрабуе дасканалення і змен у нарматыўна-прававой базе:

  • Прынцып папераджальнага дзеяння, згодна з якім дзеянні дзяржавы накіраваны на папярэджанне, прафілактыку забруджвання або іншай шкоды навакольнаму асяроддзю, пагроза нанясення якой мусіць быць улічана загадзя да прыняцця рашэння.
  • Прынцып засцярогі, у адпаведнасці з якім недахоп вынікаў навуковых даследаванняў па канкрэтнай праблеме не можа з’яўляцца прычынай адмены або адтэрміноўкі мерапрыемстваў па прафілактыцы забруджвання навакольнага асяроддзя. У некаторых выпадках немагчыма дакладна прадказаць негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе, але нават і ў такіх выпадках пры наяўнасці гіпатэтычнай магчымасці экалагічнага парушэння неабходна прымяняць прыродаахоўныя меры.
  • Прынцып ліквідацыі наступстваў і пакрыццё шкоды навакольнаму асяроддзю, які абавязвае, у выпадках немагчымасці пазбегнуць шкоды, мінімізаваць яе, абмежаваць маштаб яе распаўсюджвання і пасля ліквідаваць яе ў самыя кароткія тэрміны.
  • Прнцып, згодна з якім вінаваты ў шкодзе аплочвае яе пакрыццё, то бок выдаткі на прэвентыўныя меры, ачыстку і кампенсацыю за забруджванне кладуцца на вінаватых у ёй. Гэты пранцып адлюстроўвае тэндэнцыю перавагі метадаў фінансавага стымулявання, распрацаваных на рынкавай аснове, якія з’яўляюцца больш эфектыўнымі, чым метады адміністрацыйнага характару, абавязальніцтвы альбо забароны. 

319. БХД выступае за далучэнне Беларусі да спецыяльнага органа ЕС, які займаецца пытаннямі навакольнага асяроддзя, – Еўрапейскага агенцтва па навакольнаму асяроддзю, што будзе азначаць удзел Беларусі ў агульнаеўрапейскай экалагічнай палітыцы.

 

320. Мы з’яўляемся прыхільнікамі больш гнуткіх рынкавых метадаў у экалагічнай палітыцы, у тым ліку прынцыпу “падзеленай адказнасці” паміж усімі ўдзельнікамі – дзяржавай, бізнэсам, грамадскасцю, спажыўцамі. Акрамя таго асобныя грамадзяне таксама павінны быць уключаны ў прыродаахоўную дзейнасць, задзейнічаны ў працэсах падрыхтоўкі, маніторынгу і кантролю за парушэннямі экалагічных норм. Грамадзяне маюць права на інфармацыю, удзел у падрыхтоўцы прававых актаў, права звяртацца ў суд па пытаннях абароны навакольнага асяроддзя.

 

321. Рынкавыя механізмы ў экалагічнай палітыцы стымулююць вытворцаў і спажыўцоў да змены паводзін на карысць экалагічна эфектыўнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, а таксама да развіцця і распрацоўкі інавацыйных прыродазберагальных тэхналогіяў. Напрыклад, да рынкавых механізмаў адносяцца:

  • гандлёвыя дазволы (квоты) для зніжэння выкідаў або эканоміі прыродных рэсурсаў;
  • экалагічныя падаткі, якія ўводзяцца для зменаў цэн і, такім чынам, уплываюць на паводзіны вытворцаў і спажыўцоў;
  • экалагічныя субсідыі і ільготы, якія ствараюцца для стымулявання развіцця новых тэхналогіяў, стварэння новых рынкаў экалагічных тавараў, а таксама для падтрымкі дасягнення высокіх узроўняў абароны навакольнага асяроддзя кампаніямі.
  • схемы адказнасці і кампенсацыі для адэкватнага пакрыцця наступстваў небяспечных для навакольнага асяроддзя дзеянняў, а таксама для прадухілення шкоды.

322. БХД прытрымліваецца пераканання, што неабходна паступова памяншаць цяжар на навакольнае асяроддзе, які ўтвараецца з-за дзейнасці чалавека. Немалаважную ролю ў дасягненні гэтай мэты грае якасць аўтамабільнага транспарту, які з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных фактараў забруджвання навакольнага асяроддзя. Беларусь не мае ўласнай легкавой аўтамабільнай вытворчасці, але цяперашнія мыты на імпартныя аўтамабілі з’ўляюцца непрымальна высокімі. БХД лічыць неабходным для аўтамабіляў, старэйшых за 5 гадоў, скараціць мыты як мінімум у 2 разы, то бок да таго ўзроўню, як Беларусь уступіла у Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам, і поўнасцю адмяніць мыты для новых аўтамабіляў і аўтамабіляў да 5 гадоў. Дадзеная мера будзе спрыяць большай экалагічнай бяспецы аўтамабільнага парку краіны і стымуляваць грамадзян набываць новыя аўтамабілі.

 

Экасістэмы, біялагічная разнастайнасць і рэкрэацыя


323. Вялікай памылкай была неабдуманая маштабная меліярацыя за савецкім часам. У выніку яе ажыццяўлення многія асушаныя землі не сталі прыдатнымі для сельскай гаспадаркі, а такія з’явы як апустыньванне, усыханне лясоў, знікненне малых рэчак, сталі характэрнай асаблівасцю для гэтых земляў. БХД лічыць неабходным па магчымасці аднавіць многія балотныя экасістэмы, дзе гэта найбольш апраўдана і не прывядзе да негатыўных эканамічных наступстваў ад вынятку гэтых земляў з сельскагаспадарчага абароту. Таксама трэба адмовіцца ад планаў па далейшай меліярацыі і торфараспрацовак прыродных балот, якія захаваліся да сённяшняга дня.

 

324. Нягледзячы на тое, што Беларусь захавала дастаткова вялікую біялагічную разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету, неабходна прымаць дадатковыя меры па ахове прыроднай разнастайнасці. Асабліва гэта тычыцца тых відаў, якія занесены ў Чырвоную кнігу і знаходзяцца на мяжы знікнення. Мы выступаем за ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы абароны выміраючых відаў жывёльнага і расліннага свету.

 

325. Павага да Божага тварэння абавязвае нас да адказных паводзін у адносінах да жывёл. Абарона жывёл з’яўляецца для нас важнай задачай. Мы выступаем за тое, каб утрымліваць жывёл у адпаведнасці з іх выглядам, паважаць і абараняць іх. БХД лічыць, што вопыты над жывёламі павінны быць максімальна скарочаны і заменены альтэрнатыўнымі метадамі.

 

326. Беларусь мае вялізныя запасы пітной вады, вялікія лясныя масівы, у нас існуюць выдатныя мясціны для адпачынку. БХД будзе вялікую ўвагу надаваць развіццю зон рэкрэацыі і экалагічнага турызму, ствараючы максімальна прывабныя ўмовы для інвестыцыяў у гэтую галіну. Экалагічны турызм павінен стаць істотнай крыніцай папаўнення бюджэту, але разам з тым арганізаваны такім чынам, каб не аказваць негатыўнага эфекту на прыроду. Акрамя зон адпачынку ў сельскай мясцовасці і экалагічнага турызму, неабходна надаць шмат увагі развіццю зялёных зон у гарадах. На сённяшні дзень беларускія гарады маюць вельмі мала зялёных зон, таму неабходна ствараць паркі, скверы і захоўваць ужо існуючыя зоны адпачынку і зялёныя насаджэнні. Трэба адмовіцца ад планаў па забудове такіх паркаў, як, напрыклад, Севастопальскі парк і парк Дружбы народаў у Менску.

 

327. БХД выступае за:

  • мінімізацыю уплываў на здароўе людзей катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, спыненне практыкі асваення небяспечных для жыцця тэрыторыяў, неабходнасць даследаванняў уплыву малых доз радыяцыі на чалавека, павышэнне якасці медыцынскага абслугоўвання на забруджаных тэрыторыях;
  • міжнародную кааперацыю па праблеме пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
  • адмову ад рэалізацыі праекту Астравекай АЭС;
  • шырокае экспертнае і грамадскае абмеркаванне перспектыў развіцця атамнай энэргетыкі ў Беларусі, правядзенне ўсенароднага рэферэндуму па пытанні будаўніцтва атамнай станцыі;
  • стварэнне экалагічнай паліцыі ў структуры Міністэрства ўнутраных спраў;
  • партнёрства дзяржавы і грамадзянскай супольнасці у сферы аховы навакольнага асяроддзя;
  • далучэнне Беларусі да еўрапейскай экалагічнай палітыкі і ўступленне ў Еўрапейскае агенцтва па навакольнаму асяроддзю;
  • выкарыстанне рынкавых метадаў у экалагічнай палітыцы, а менавіта гандлёвых дазволаў (квот), экалагічных падаткаў, экалагічных субсідыяў і ільгот, схем адказнасці і кампенсацыі, прынцыпа “падзеленай адказнасці”;
  • зніжэнне мыт на аўтамабілі мінімум у 2 разы ад цяперашняга ўзроўню і адмену мыт на новыя аўтамабілі і аўтамабілі не старэйшыя за 5 гадоў;
  • захаванне і абарону існуючых балотных экасістэм і аднаўленне асушаных балот там, дзе гэта магчыма і мэтазгодна;
  • падтрымку біялагічнай разнастайнасці жывёльнага і расліннага свету;
  • мінімізацыю вопытаў над жывёламі і па магчымасці замену іх на іншыя метады выпрабаванняў;
  • узмацненне адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі;
  • стварэнне прыдатных пляцовак ў гарадах для выгула сабак, прыютаў і могілак для хатніх жывёл;
  • забарону ўтрымання ў гарадскіх кватэрах сабак небяспечных парод;
  • развіццё экалагічнага турызму і развіццё зон адпачынку;
  • захаванне ў беларускіх гарадах існуючых зялёных зон, недапушчэнне іх вырубкі пад будоўлі, а таксама павелічэнне колькасці паркаў і сквераў.

Болей навін