Абмеркаванне праграмы БХД. Моцная сям’я – моцная Беларусь

29 студзеня 2013 16:34  |  Абмеркаванне праграмы БХД

Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з’ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.

6.2. Моцная сям’я – моцная Беларусь


Каштоўнасць сям’і. Шлюб


364. Сям’я ўяўляе сабой базавую і асноўную ячэйку грамадства. У межах сям’і дзеці атрымоўваюць самы першы сацыяльны вопыт, пераймаюць галоўныя сацыякультурныя традыцыі і веды, успрымаюць мадэлі паводзінаў мужчыны і жанчыны. Сям’я – гэта самая важная сфера ідэнтычнасці чалавека, адчування блізкасці і супольнасці. Жыццёвы вопыт, які чалавек у дзяцінстве пераняў у сям’і сваіх бацькоў, адбіваецца на будаванні і адносінах унутры сваёй уласнай сям’і. Гэта азначае, што выхаванне асобы ў моцнай абароненай, маральна здаровай і стабільнай сям’і з’яўляецца прыярытэтам для грамадства. Таму дзяржаўная палітыка, асабліва ва ўмовах дэмаграфічнага, сацыяльнага і духоўнага крызісу, павінна быць накіраванна на ўсебаковую падтрымку сям’і і асабліва шматдзетнай сям’і. Дзяржава абавязана бараніць сям’ю і ўспрымаць яе як галоўнага аб’екта для сацыяльнай, моладзевай і гендэрнай палітыкі, праз прызму сямейных каштоўнасцяў дзяржава мусіць глядзець на эканамічную палітыку.

 

365. У апошні час пашыраецца ў Беларусі такая з’ява, як сумеснае сужыхарства мужчыны і жанчыны і нараджэнне дзяцей без афіцыйнага афармлення адносінаў. Дадзеная тэндэнцыя ўяўляе небяспеку і размывае інстытут шлюбу. Разумеючы гэта, БХД выступае за распаўсюд сямейных сацыяльных гарантыяў, якія мы будзем рабіць істотнымі і адчувальнымі, толькі на афіцыйна зарэгістраваныя сем’і. Дадзеная мера будзе ўяўляць эканамічны стымул для афармлення фактычных сямейных адносінаў у паўнавартасны шлюб.

 

366. Шлюб уяўляе сабой грамадскі інстытут, які надзяляе сям’ю юрыдычнай дадзенасцю, то бок накладае пэўныя абавязкі і забяспечвае правы, якія гарантуюцца законам. Ад моманту заключэння шлюбу сям’я карыстаецца ўсімі сацыяльнымі гарантыямі і становіцца аб’ектам дзяржаўнай сямейнай палітыкі.

 

367. Шлюб узнік як частка чалавечай культуры для фармалізацыі адносінаў менавіта мужчыны і жанчыны. Шлюб ніколі ў чалавечай гісторыі не быў уласцівы сексуальным меншасцям, шлюб – гэта сацыякультурны феномен, уласцівы выключна гетэрасэксуальным адносінам. Таму БХД выступае катэгарычна супраць надзялення правам абірацца шлюбам прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў. БХД прызнае асабістую свабоду чалавека, а значыцца і права самастойна вызначаць свой лад жыцця. Існуе практыка сумеснага сужыхарства прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў і многія маёмасныя, побытавыя пытанні можна рэгуляваць для такіх людзей на падставе існуючага заканадаўства без абрання шлюбам. Права абірацца шлюбам не з’яўляецца фундаментальным правам чалавека, а з’яўляецца здабыткам гэтерасэксуальнай культуры, значыцца, прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў проста не маюць права прэтэндаваць на абранне шлюбам.

 

368. БХД таксама катэгарычна выступае супраць магчымасці выхавання дзяцей у гомасэксуальных і лесбійскіх фактычных саюзах, бо ў межах дадзеных адносінаў немагчыма перадача традыцыных каштоўнасцяў, мадэляў паводзін у сям’і (успрымання мужчынскіх і жаночых роляў) і паўнавартаснага выхавання. Мы лічым, што сам факт выхавання дзіцяці у гомасэксуальным ці лесбіскім саюзе будзе фактарам дыскрымінацыі дзіцяці і парушэннем яго правоў. Дадзеныя асаблівасці цягнуць за сабой небяспечныя наступствы як для асобы, так і для грамадскага развіцця ў цэлым.

 

369. БХД выступае супраць сурагатнага мацярыства, якое з’яўляецца відам таварна-грашовых адносін, аб’ектам якіх выступаюць народжаныя дзеці. Гэта з’яўляецца парушэннем этыкі і разрывае тую метафізічную сувязь, якая ўзнікае паміж жанчынай і яе дзіцём.

 

Абарона жыцця


370. Права на жыццё ёсць фундаментальнае права кожнага чалавека. Жыццё пачынаецца з моманту запладнення, таму немагчыма разглядаць права жанчын распараджацца сваім целам як безумоўнае права. Людзі маюць права выбіраць уступаць ці не ўступаць у палавыя зносіны, выкарыстоўваць ці не выкарыстоўваць кантрацэпцыю, аднак пасля моманту запладнення жанчына не павінна мець права свабодна распараджацца сваім целам у адносінах да плоду, які яна мае ва ўлонні.

 

371. БХД выступае супраць абортаў і лічыць гэта забойствам. Сёння ў Беларусі зрабіць аборт можна ў дзень звароту ў медыцынскую ўстанову і, увогуле, гэта працэдура абсалютна даступная і не сустракае аніякіх перашкодаў. У выніку наша краіна кожны год губляе тысячы ненароджаных беларусаў. Гэта сітуацыя сведчыць пра тое, што наша грамадства глыбока хворае і назва гэтай хваробы – бездухоўнасць і амаральнасць. Мы разумеем, што немагчыма вылечыць грамадства шляхам заканадаўчай забароны абортаў, бо гэта мера не будзе ўздзейнічаць на прычыну хваробы. Да таго ж, заканадаўчая забарона абортаў прывядзе да росту крымінальных абортаў, ускладненняў са здароўем жанчын і іншых негатыўных наступстваў. Аднак мы мусім усталяваць такія правілы, якія здольныя значна паменшыць колькасць абортаў і выратаваць шмат жыццяў. Мы верым, што гэтыя правілы разам з нашай палітыкай у іншых галінах прывядуць да паступовага выкаранення абортаў як звыклай з’явы з жыцця беларускага грамадства.

 

372. БХД прапаноўвае прыняць наступныя абмежавальныя меры, звязаныя з абортамі:

  • Правядзенне абортаў пры наяўнасці медыцынскіх паказчыкаў і згоды жанчыны незалежна ад тэрміну цяжарнасці. Медыцынскімі паказчыкамі да аборту могуць быць толькі паказчыкі, звязаныя з пагрозай жыцця жанчыны.
  • Выключыць усе сацыяльныя паказчыкі для правядзення аборту за выключэннем, калі цяжарнасць наступіла ў выніку згвалтавання.
  • Правядзенне абортаў магчыма толькі ў дзяржаўных медыцынскіх установах, таму што аборт не можа быць часткай бізнэсу. Але мэтазгодна зрабіць гэту працэдуру платнай для дадатковага ўскаднення яе ажыццяўлення.
  • Аборт пры адсутнасці медыцынскіх паказчыкаў можа праводзіцца па жаданню жанчыны толькі пры тэрміне цяжарнасці не большым за 7 тыдняў. Замужнія жанчыны пры гэтым мусяць мець пісьмовы дазвол ад мужа, а непаўнагадовыя жанчыны мусяць мець пісьмовы дазвол абодвух бацькоў або іншых законных прадстаўнікоў.
  • Аборт праводзіцца не раней за 5 дзён пасля звароту жанчыны ў медыцынскую ўстанову. Цяжарнай жанчыне мусіць быць прадастаўлена інфармацыя пра асаблівасці медыцынскага ўмяшальніцтва пры аборце, у тым ліку і пра магчымае наступленне бясплоддзя. Жанчыне мусіць быць прадастаўлена магчымасць убачыць дзіця ў сваім улонні, паслухаць біццё яго сэрца. Для тых жанчын, якія па ўласнаму жаданню хочуць зрабіць аборт, мусіць быць уведзена абавязковае кансультаванне з псіхолагам, прадстаўніком рэлігійнай арганізацыі і сацыяльным работнікам. Такой жанчыне мусіць быць прадастаўлена інфармацыя пра рэлігійныя і неўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца дапамогай і падтрымкай сацыяльна неабароненных жанчын.
  • У тым выпадку, калі жанчыну не спынілі ў сваім жаданні правесці аборт прыведзеныя вышэй меры, дзяржава можа прапанаваць жанчыне заключыць кантракт, згодна з якім усе выдаткі падчас цяжарнасці бярэ на сябе дзяржава, а жанчына пасля родаў аддае дзяржаве народжанае дзіця.

373. Неабходна гарантаваць права лекара і медычнага персаналу адмовіцца ад правядзення аборту па сваіх этычных перакананнях.

 

374. У Беларусі будуць забаронены клінічныя выпрабаванні і вопыты над чалавечымі эмбрыёнамі і выкарыстанне іх у медыцынскіх, касметычных і вытворчых мэтах, а таксама будуць забаронены вопыты па кланіраванню эмбрыёна чалавека.

 

375. Здараюцца выпадкі, калі жанчыны вырашаюць пазбавіцца ад сваіх народжаных немаўлят і пакідаюць іх абы дзе. Дзяржава мусіць стварыць спецыяльныя пункты пры медыцынскіх установах і магчыма пры цэрквах для прымання такіх дзяцей. Дадзены прынцып называецца “акно жыцця”: жанчына можа апусціць немаўля ў спецыяльнае акно і безперапынна пакінуць месца, у той час як сігналізацыя апавесціць супрацоўнікаў пра пакладзенае немаўля. БХД будзе рэалізоўваць дадзены праект па ўсёй краіне, каб выратаваць многія дзіцячыя жыцці.

 

Рэпрадуктыўнае здароўе


376. У Беларусі прыблізна кожная пятая сямейная пара сутыкаецца з праблемай бясплоддзя, прычым, у кожнай другой з іх гэта звязана з мужчынскім фактарам. БХД лічыць неабходным прыняцце дзяржаўнай праграмы па захаванню і паляпшэнню рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва. Дадзеная праграма мусіць уключаць у сябе   распрацоўку і ўкараненне ў практыку эфектыўных медыцынскіх тэхналогіяў дыягностыкі, ранняе выяўленне і лячэнне парушэнняў рэпрадуктыўнай функцыі, сістэматычнае лячэнне бясплоддзя ў жанчын і мужчын.

 

377. Для паляпшэння рэпрадуктыўнага здароўя неабходна змагацца з тымі фактарамі, якія прыводзяць да праблем і захворванняў палавой сістэмы і парушэнняў рэпрадуктыўнай функцыі. Такімі фактарамі з’яўляюцца курэнне, ужыванне алкагольных напояў, наркотыкаў падлеткамі. Масавая культура адкрыта прапагандуе сэксуальную распушчанасць як норму павозін. Між тым у Беларусі колькасць захворванняў інфекцыямі, што перадаюцца палавым шляхам, мае ўстойлівую тэндэнцыю да росту, а гэта можа стаць  прычынай бясплоддзя. Таксама павялічваецца колькасць ВІЧ-інфікаваных і хворых на СНІД. Пры чым на палавы шлях інфікавання прыходзіцца абсалютная большасць выяўленых выпадкаў – прыблізна 75%.

 

378. Для пераадолення фактараў, якія пагаршаюць рэпрадуктыўнае здароўе моладзі і насельніцтва ў цэлым, неабходна:

  • Забяспечыць доступ да высакаякаснага медыцынскага абслугоўвання і выпрацаваць сістэму ранняй прафілактыкі захворванняў палавой сістэмы і парушэнняў рэпрадуктыўнай функцыіі ў мужчын і жанчын.
  • Садзейнічаць распаўсюду інфармацыі па захаванню рэпрадуктыўнага здароўя.
  • Прапагандаваць здаровы лад жыцця, духоўную культуру, сямейныя каштоўнасці і палавую стрыманасць.
  • Узмацніць барацьбу з курэннем, алкагалізмам і наркаманіяй, асабліва сярод моладзі.
  • Пашыраць праграмы, накіраваныя на барацьбу з распаўсюдам ВІЧ/СНІД.
  • Забяспечыць дастатковае фінансаванне мер па захаванню рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва.
  • Прыцягваць да ажыццяўлення ўзгаданных мер неўрадавыя арганізацыі і цэрквы.

Праграмы па падтрымцы сем’яў


379. Сямейная медыцына. БХД лічыць неабходным увесці інстытут сямейнага лекара. Ён павінен мець высокую кваліфікацыю, валодаць ведамі і навыкамі не толькі ў галіне тэрапіі, але і ў галіне сумежных вузкіх спецыяльнасцяў, такіх як афтальмалогія, атарыналарынгалогія, неўралогія, дэрматалогія і кардыялогія. Сямейны лекар ўмее ставіць дыягназ і лячыць не толькі прастуды, але і простыя формы вузкаспецыялізаваных захворванняў, праводзіць розныя дыягнастычныя даследаванні.

 

380. Сямейны лекар вядзе пастаяннае назіранне ўсіх чальцоў сям’і, з’яўляецца асабістым лекарам. У яго задачы ўваходзяць: поўнае першаснае абследаванне, штогадовая дыягностыка, правядзенне медычных працэдур і лячэнне. Сямейны лекар заўсёды накіроўвае пацыента да вузкага спецыяліста, калі пытанне патрабуе больш стараннага і дэталёвага вывучэння.

 

381. Сямейная медыцына дае магчымасць у некалькі разоў скараціць час пацыента на абследаванне і дыягностыку. За кошт таго, што сямейны лекар забяспечвае бесперапыннае назіранне за здароўем пацыента, захворванне фіксуецца на ранняй стадыі, а гэта заклад эфектыўнага лячэння.

 

382. Сямейны капітал арыентаваны на стымуляванне нараджэння другіх і наступных дзяцей, а таксама на інвестыцыі ў чалавечы капітал краіны. Простыя арыфметычныя падлікі гавораць, што для павелічэння колькасці насельніцтва неабходна, каб сем’і нараджалі трох і болей дзяцей. Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года, сярод сем’яў з дзецьмі больш за 66% мелі адно дзіця, 28% – два дзіцяці і толькі каля 5% былі шматдзетнымі. Між тым, дэмаграфічныя ўстаноўкі насельніцтва сведчаць пра жаданне мець другога дзіця, і стрымліваючым фактарам у гэтым пытанні з’яўляюцца эканамічныя меркаванні. Стварэнне сямейнага капіталу дазволіць узмацніць планы сямей па нараджэнні другіх і наступных дзяцей. Сямейны капітал можа быць выкарыстаны на санаторна-курортнае аздараўленне, медыцынскае абслугоўванне, паляпшэнне жыллёвых умоў сям’і, адукацыю.

 

383. На дадзены момант складана вызначыць тэрмін, на які будзе распаўсюджвацца магчымасць асваення сямейнага капіталу і яго памер на дзіця. Дадзеныя пытанні патрабуюць дэталёвага вывучэння і прапрацоўкі з улікам крыніц фінансавання. Сродкі на фінансаванне сямейнага капіталу павінны прадастаўляцца з рэспубліканскага бюджэту ў форме безнаяўных грашовых сродкаў. Памер сямейнага капіталу мусіць індэксавацца з улікам інфляцыі. Распараджэнне сямейным капіталам павінна належаць абодвум бацькам у роўнай ступені. У тых выпадках, калі адзін з бацькоў раней ажыццявіў правапарушэнне ў дачыненні свайго дзіцяці, то ён пазбаўляецца права распараджацца расходаваннем сямейнага капіталу.

 

384. Жыллё з’яўляецца самым надзённым пытаннем сямейнага жыцця. Для вырашэння жыллёвага пытання БХД прапануе сем’ям з двума дзецьмі выдаваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля, сем’ям з трыма дзецьмі, акрамя ільготнага крэдыту – пагашаць за кошт дзяржаўнага бюджэту 50% кошту жылля, а сем’ям з чатырма і болей дзецьмі –поўнасцю пагашаць кошт жылля. Акрамя таго, на паляпшэнне жыллёвых умоў можна будзе выкарыстаць сямейны капітал, што асабліва актуальна для маладых сем’яў.

 

385. БХД прапаноўвае дыферэнцаваны падыход да надзялення сям’і жыллём. Напрыклад, для сельскай мясцовасці і малых гарадоў апраўдана ўвесці больш лагодныя ўмовы набыцця жылля сем’ямі. Зыходзячы з неабходнасці замацавання насельніцтва, прыцягнення спецыялістаў, а таксама з улікам больш нізкіх коштаў на жыллё у сельскай мясцовасці і малых гарадах, мэтазгодна сем’ям з двума дзецьмі прадастаўляць беспрацэнтныя займы на жыллё, а сем’ям з трыма і болей дзецьмі – прадастаўляць ва ўласнасць жыллё за дзяржаўны кошт. Дадзеныя дадатковыя палёгкі ў атрыманні жылля ў сельскай мясцовасці і малых гарадах будуць садзейнічаць прыцягненню сем’яў з горада. Пры чым на павятовым узроўні, а таксама ў муніцыпалітэтах і валасцях могуць існаваць дадатковыя магчымасці для вырашэння жыллёвага пытання для сем’яў.

 

386. Сямейнае прадпрымальніцтва з’яўляецца механізмам, які будзе спрыяць умацаванню сям’і і адраджэнню ў нашым грамадстве сямейных каштоўнасцяў. Сямейнае прадпрымальніцтва – гэта тое сацыяльнае асяроддзе, якое дазволіць фармавацца больш цывілізаванаму прадпрымальніку.

 

387. Сямейнае прадпрымальніцтва з’яўляецца спосабам самазанятасці – індывідуальнай працоўнай дзейнасці і мяжуе з найдрабнейшым бізнэсам. Найбольш распаўсюджаныя сферы такога роду дзейнасці – бытавое абслугоўванне, дробны гандаль, саматужная вытворчасць, фермерская гаспадарка і іншыя віды дзейнасці.

 

Ва ўмовах сямейнай справы магчыма гнуткасць працоўнага дня і падзел працы.

Гэта дазваляе часткова ўцягваць у вытворчасць і тыя катэгорыі насельніцтва, якія інакш былі б “за бортам”: жанчын з дзецьмі, навучэнцаў і іншыя катэгорыі асоб, неканкурэнтаздольных на звычайных рынках працоўнай сілы.  Для дзяцей і падлеткаў пасільны ўдзел у сямейнай справе – найбольш мяккі і сацыяльна прымальны спосаб ўключэння ў працоўную дзейнасць і прадпрымальніцтва.

388. БХД будзе спрыяць развіццю сямейнага прадпрымальніцтва, будзе прыняты закон “Аб сямейным прадпрымальніцтве”, у якім будуць замацаваны самыя лагодныя падатковыя ўмовы і вызваленне ад падатку на прыбытак, будзе прадугледжана сістэма ільготнага крэдытавання і мікракрэдытавання для такіх сямейных прадпрыемстваў.

 

389. Пазіцыі і планы БХД у сферы сямейнай палітыкі:

  • разглядае сям’ю як асноўны аб’ект дзяржаўнай увагі ў сацыяльнай палітыцы і разглядае палітыку ў іншых галінах праз патрэбы сям’і як асноўнай ячэйкі грамадства;
  • выступае ў падтрымку традыцыйных шлюбаў, у тым ліку праз выкарыстанне эканамічных стымулаў;
  • выступае катэгарычна супраць гомасэксуальных і лесбійскіх шлюбаў, а таксама супраць выхавання дзяцей у такіх фактычных саюзах;
  • выступае супраць абортаў. Аднак не бачыць у заканадаўчай забароне абортаў эфектыўнай меры па барацьбе з гэтай ганебнай і злачыннай практыкай. Замест гэтага БХД прапаноўвае комплекс абмежавальных мер і практык, накіраваных на істотнае скарачэнне абортаў;
  • праводзіць палітыку, накіраваную на адраджэнне сямейных каштоўнасцяў, маральнасці і духоўнасці сямейных адносін, выхаванне ў маладога пакалення імкнення ствараць устойлівыя і шчаслівыя сем’і;
  • удасканальваць прафілактыку і ствараць сістэму ранняга выяўлення захворванняў рэпрадуктыўнай сістэмы, паляпшаць якасць медыцынскага абслугоўвання;
  • павялічыць аднамаментную выплату пры нараджэнні дзіцяці да 2 000 еўра, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей – да 3 000 еўра ў эквіваленце. Штомесячную дапамогу на дзіця да 3-х гадоў усталяваць у памеры не меншым за пражытковы мінімум. Пры чым будзе перагледжана метадалогія разліку пражытковага мінімуму, што прывядзе да яго павышэння. Адпаведна павялічацца іншыя выплаты на дзяцей, прадугледжаныя цяперашнім заканадаўствам;
  • уключаць у працоўны стаж жанчыны час яе знаходжання ў адпачынку па дагляду за дзецьмі;
  • аддаваць прыярытэт дзіцячым дамам сямейнага тыпу, умацоўваць эканамічныя стымулы сем’ям браць дзяцей на выхаванне;
  • прыняць нацыянальную праграму “Сямейная медыцына”, якая прадугледжвае ўвядзенне сямейных лекараў – тэрапеўтаў з ведамі ў сумежных вузкаспецыяльных галінах медыцыны;
  • прыняць нацыянальную праграму “Сямейны капітал”, які стане крыніцай для паляпшэння жыллёвых умоў маладых сем’яў, медыцынскага і санаторна-курортнага абслугоўвання, адукацыі;
  • садзейнічаць на нацыянальным узроўні вырашэнню жыллёвага пытання для шматдзетных сем’яў, пачынаючы з ільготных крэдытаў для сем’яў з двума дзецьмі і да поўнай аплаты кошту жылля для сямей з чатырма і болей дзецьмі;
  • спрыяць павелічэнню дапамогі шматдзетным сем’ям на мясцовым узрозні;
  • прыняць закон “Аб сямейным прадпрымальніцтве”;

развіваць бяспечную даступную інфраструктуру для сям’яў: дзіцячыя садкі (дзяржаўныя, прыватныя і муніцыпальныя), школы, дзіцячыя пляцоўкі і месцы для адпачынку сем’яў і г.д.

Болей навін