Віталь Рымашэўскі пра падзеі на Плошчы 2010 года

05 лютага 2013 17:32  |  Галоўныя навіны

У сувязі з узніклай дыскусіяй адносна ролі былых кандыдатаў у прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі 2010 году і падзеяў Плошчы 19 снежня 2010 года прэсавая служба Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі папрасіла пракаментаваць іх экс-кандыдата ў прэзідэнты сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага.

 

– Ці лічыце вы, што падзеі Плошчы патрабуюць сур’ёзнага абмеркавання?


– Усе падзеі 2010 года, звязаныя з правядзеннем выбарчай кампаніі, арганізацыяй Плошчы і яе правядзення, паводзінамі ўсіх палітычных сілаў і кандыдатаў у прэзідэнты патрабуюць вельмі сур’ёзнай размовы. Таксама маю пытанні да многіх арганізатараў тых падзей. Аднак размова пра тыя падзеі магчымая толькі тады, калі ўсе асуджаныя за Плошчу  выйдуць на волю. Да гэтага ж моманту галоўнае, што мы мусім  зрабіць –  дамагчыся хуткага вызвалення ўсіх вязняў.

 

– Што Вы можаце сказаць пра свае асабістыя паводзіны і паводзіны кандыдатаў у 2010 годзе?


  Што тычыцца мяне асабіста – усе дамовы і ўсе прамоўленыя абяцанні выконваў да канца, за спінамі людзей не хаваўся. Мае дзеянні на Плошчы –   таму падцверджанне лепшае, чым словы.  Не пытаю, дзе былі іншыя кандыдаты, бо хай кожны перадусім адказвае за сябе, а не абвінавачвае іншых.

 

– Як вы ставіцеся да лістоў   Мікалая Статкевіча, якія зрэдку даходзяць на волю? Пра закіды ў адрас іншых кандыдтаў?


З Міколам Статкевічам трэба размаўляць пасля яго вызвалення. І тады можна будзе даведацца, якія матэрыялы яму падсоўвалі ці не падсоўвалі, якая інфармацыя да яго даходзіць. Гэта датычна і пазіцыі па байкоце выбараў, і ўсіх іншых пытанняў. Вядома, з якімі цяжкасцямі да яго і ад  яго трапляе ўся праўдзівая інфармацыі. Таму ўсе размовы зараз я лічу спекуляцыямі на тэму Плошчы. Аднак, я лічу, людзі павінны ведаць усю праўду пра ўсіх кандыдатаў. Трэба сур’ёзна абмеркаваць тое, што адбылося на Плошчы, пасля Плошчы і напярэдадні. Няма нічога таемнага, што не стала б вядомым. Мне вядомыя многія рэчы, якія мусілі быць агучаныя ўжо даўно. З-за таго, што людзі, асуджаныя за падзеі 19 снежня дагэтуль знаходзяцца за кратамі, іх агучваць немагчыма, бо гэта нашкодзіць самім палітвязням. Аднак, калі высноваў не рабіць, то падзеі будуць паўтарацца.

Болей навін