Слонімская БХД заклікае мясцовую раёнку павялічыць ужыванне беларускай мовы
Актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі са Слоніма накіравалі ліст у мясцовую афіцыйную газету “Слонімскі веснік” наконт беларускай мовы.
У ім звяртаецца ўвага на неабходнасць павялічыць у газеце ўжыванне беларускай мовы, а таксама дазволіць публікацыю ў ёй больш крытычных матэрыялаў. Ініцыятарам звароту выступіў каардынатар БХД у Слоніме Іван Бедка. Подпісы пад ім паставілі 39 чалавек.
Прыводзім цалкам тэкст звароту.
КАЛЕКТЫЎНЫ ЗВАРОТ
Звяртаем Вашую ўвагу на прыкрае становішча з роднай беларускай мовай, якое склалася ў слонімскай раённай газеце “Слонімскі веснік”.
Газета “Слонімскі веснік” пачала выходзіць у 1939 годзе за год да ўтварэння Слонімскага раёна. Ад першых дзён свайго існавання газета звярталася да жыхароў Слонімскага краю на іх роднай мове, несла ў народ беларускае слова, якое забаранялася доўгія гады расійскай і польскай уладамі. Усе матэрыялы газетных нумароў друкаваліся па-беларуску. Журналісты выдання ўдзельнічалі ў творчых семінарах, стала павышалі кваліфікацыю на спецыяльных курсах, удасканальваючы мову, стыль, публіцыстычныя метады падачы інфармацыі.
Аднак з пэўнага часу намаганнямі творчага калектыва рэдакцыі найлепшыя традыцыі газеты былі занядбаныя. Беларуская мова пачала мэтанакіравана выганяцца са старонкаў выдання. Працэс вынішчэння роднай мовы адбываецца на працягу не аднаго года. Спачатку на газетных палосах зьявіліся асобныя публікацыі на рускай мове – пераважна гэта была афіцыйная інфармацыя райвыканкама. Услед за афіцыйнымі дакументамі пачалі друкавацца па-руску журналісцкія матэрыялы. На сённяшні дзень падступная палітыка рэдакцыі паводле паступовага выкаранення беларускага слова даводзіцца да лагічнага завяршэння. Напрыклад, у нумары №150-151 “Слонімскага весніка” за аўторак – чацвер 27 снежня 2012 года: на дваццаці чатырох старонках газеты па-беларуску надрукаваны толькі на 1-й старонцы віншаванне А.М. Сопікавай, на 19-й старонцы невялікі артыкул “Свята ля ёлкі”, на 24-й старонцы прыватная аб’ява МрояТур, назва газеты і тэхнічная інфармацыя – усё астатняе па-руску. Створаная ў Інтэрнеце афіцыйная старонка газеты http://www.slonves.by/ мае толькі рускамоўную версію.
Значна знізіўся прафесіяналізм журналістаў “Слонімскі веснік”. Са старонкаў газеты зніклі крытычныя матэрыялы, аналітычныя артыкулы. Адсутнічае асвятленне пытанняў беларускай мовы, гісторыі і культуры, а таксама літаратурнай старонкі, на якой некалі мелі бы магчымасць публікацыі мастацкіх твораў мясцовых паэтаў і празаікаў. У газеце няма грамадскіх абмеркаванняў, дзе б асвятляліся розныя погляды на з’явы жыцця, палемічных публікацыяў паводле надзённых праблемаў, вострых матэрыялаў.
Моўнае пытанне на старонках раёнкі з’яўляецца для нас прынцыповым таму, што закранае асновы грамадскага ладу. Для нас вельмі важна заставацца вернымі сваім духоўным традыцыям, пераймаць іх ад папярэднікаў і перадаваць наступнікам.
Лічым, што абыякавае і нядбайнае стаўленне рэдакцыі газеты “Слонімскі веснік” да нашай беларускай мовы пазбаўляе нас пераемнасці, знішчае пачатую задоўга да нас традыцыю. Мы жадаем чытаць мясцовую газету на сваёй роднай мове – так, як гэта было заўсёды. Права на родную мову і атрыманне на ёй інфармацыі нам гарантуе Канстытуцыя.
Звяртаемся з наступнымі прапановамі:
– змяніць моўную палітыку ў бок павелічэння выкарыстання беларускай мовы ў друкаваным выданні газеты “Слонімскі веснік” і друкаваць не меней за палову матэрыялаў на беларускай мове;
– перагледзець рэдактарскую палітыку ў дачыненні да падачы крытычных матэрыялаў і аналітычных артыкулаў з асвятленнем розных пунктаў гледжання на праблему, у тым ліку прадстаўнікоў незалежнага грамадства;
– арганізаваць спецыялізаваную старонку, дзе асвятляюцца пытанні беларускай мовы, гісторыі і культуры;
– стварыць беларускамоўную версію афіцыйнай Інтэрнет старонкі газеты з падачай у беларускамоўнай версіі сайта усіх артыкулаў на беларускай мове.
Адказ на наш калектыўны зварот просім накіраваць у 15-ці дзённы тэрмін, вызначаныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.