Аборт з пункту гледжання Бібліі і навукі
«Ці не Ён, які стварыў мяне ва ўлонні, стварыў і яго, і гэтаксама нас?» (пар. Ёв 31, 15).
Тэма аборту непарыўна звязана з пытаннем аб тым, калі пачынаецца жыццё чалавека, якое хвалявала чалавецтва ад пачатку стагоддзяў. У залежнасці ад веравызнання і існуючых маральных нормаў адказ на яго гучаў па-рознаму. Наконт гэтага пытання сучасная навука на сёння пацвярджае словы Бiблii.
Хрысціянскае вучэнне кажа, што чалавек становіцца прадстаўніком роду чалавечага, біялагічным індывідам яшчэ задоўга да свайго нараджэння, з моманту апладнення, і што аборт з’яўляецца цяжкім грахом. Канчатковы адказ з боку навукі на пастаўленае пытанне быў дадзены ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў таму: кожны чалавек мае права называцца менавiта чалавекам ужо з моманту зачацця.
Разгледзім тлумачэнне дадзенага сцвярджэння і з рэлігійнага, і з навуковага бакоў.
Навука аб абортах
Спецыяліст у галіне клетачнай генетыкі Парыжскага ўніверсітэта Еранім Лежэнь піша: «Як усе навукоўцы, якія справядліва назіраюць біялагічныя з’явы, я лічу, што чалавечая істота пачынае свой шлях з моманту апладнення. А гэта значыць, што наўмыснае знішчэнне зародка любога ўзросту раўназначна забойству».
Многія вучоныя ідэнтыфікуюць так званае станаўленне чалавека з эмбрыёна, зыходзячы з развіцця сэрца, мозгу, канечнасцяў і да т.п. Разгледзiм генетычны падыход, якi абгрунтоўвае меркаванне гэтага пытання, выкарыстоўваючы такую даведку: па генетычным складзе клеткі эмбрыёна ідэнтычныя генетычнаму складу клетак дарослага чалавека. Навукоўцы з розных краін свету сцвярджаюць, што чалавек знаходзіць свой паўнавартасны статус як прадстаўнік роду чалавечага менавiта ў момант апладнення, паколькі ўжо ў аплодненай яйцаклетцы прысутнічае поўны набор генаў, ад рысаў асобы да здольнасцяў да мастацтва і навукi. Згодна з гэтай канцэпцыяй жыццё чалавека пачынаецца ў момант фарміравання ўнікальнага генетычнага кода, што адбываецца ў момант апладнення.
3 верасня 1993 г. у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце ім. Ламаносава была зацверджана даведка, у якой гаворыцца пра тое, што з пункту гледжання сучаснай біялогіі (генетыкі і эмбрыялогіi) жыццё чалавека як біялагічнага індывіда пачынаецца з моманту зліцця ядраў мужчынскай і жаночай палавых клетак і ўтварэння адзінага ядра, якое змяшчае непаўторны генетычны матэрыял. На ўсім працягу ўнутрыўлоннявага развіцця новы чалавечы арганізм не лічыцца часткай цела маці. Яго нельга прыпадобніць да органа або часткі органа мацярынскага арганізму. Зыходзячы з гэтага, з’яўляецца відавочным, што перапыненне цяжарнасці на любым тэрміне з’яўляецца наўмысным спыненнем жыцця чалавека як біялагічнага індывіда.
Прафесар Жак Судна, доктар медыцыны, сцвярджае, што пытанне аб статусе чалавечага эмбрыёна не з’яўляецца праблемай выключна тэарэтычнага, філасофскага або біялагічнага характару, прызначанай толькі для вузкага кола навукоўцаў, і дазвол гэтага вучонага паслужыць ключом да пошуку рацыянальнай базы для распрацоўкі дзяржаўных законаў аб абароне гэтага эмбрыёна. Эмбрыён — гэта новая, унікальная, мэтавызначальная, цэласная, незалежная, самаўладкоўваючая сістэма. Геном эмбрыёна — цэнтр каардынацыі яго развіцця — гарантуе яму велізарны морфагенетычны патэнцыял росту і фарміравання, які чалавек, у сваю чаргу, будзе сам увасабляць у жыццё на працягу ўсяго часу свайго будучага развіцця. Эмбрыён з самага пачатку з’яўляецца чалавекам, паколькі паходзіць ад людзей і мае чалавечы генетычны код.
У розных людзей могуць быць аднолькавыя гены, а ў моназiготных блізнят яны цалкам ідэнтычныя. Аднак гэты пэўны набор генаў усё роўна дазваляе развівацца абсалютна ўнікальнаму індывіду, аналагаў якому няма і не будзе ў гісторыі, што з’яўляецца істотным аргументам на карысць таго, што жыццё чалавека пачынаецца менавіта ў момант зачацця.
Самым папулярным аргументам супраць гэтай канцэпцыі з’яўляецца «блiзнятавы аргумент», які спасылаецца на тое, што зігота можа падзяліцца на дзве або больш зігот на працягу першых 14–15 дзён пасля апладнення. Але верагоднасць таго, што гэта адбудзецца, невялікая. Калі мы не можам сказаць гэта адназначна, то і не маем права на аборт.
Крыху раней зацвярджэння даведкi расійскіх прафесараў МДУ, у 1981 годзе, абмяркоўваючы пытанне аб зняцці пакаранняў за ўчыненне абортаў, амерыканскі сенат запытаў меркаванне 8 самых буйных спецыялістаў па наступным пытанні: «Калі пачынаецца жыццё ў зародка?» І з 8 апытаных 7 аўтарытэтна заявілі, што згодна з навуковымі дадзенымі (медыцыны, біялогіі і інш.) жыццё ў ім пачынаецца з моманту зачацця.
Біблія аб абортах
Нягледзячы на тое, што слова «аборт» або яго сінонімы ў Бібліі не сустракаюцца, у тэксце Святога Пісання прысутнічаюць фразы, якія ўказваюць на тое, што чалавек з Божай воляй пачынае свой шлях менавiта з моманту зачацця.
«Бо Ты стварыў маё нутро і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці. Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны» (пар. Пс 138, 13-14).
I нагадаем словы амерыканскага доктара Эрнста Ханта: «Аплодненая яйцаклетка — не проста клеткавая маса без асаблівых сваіх уласных характарыстык. Яна на гэтай стадыі не падобная ні да бутона кветкі, ні, тым больш, да зародка жывёлы. Такім чынам, падчас аборту забіваецца чалавечае жыццё, якое знаходзiцца на яшчэ найбольш ранняй ступені свайго развіцця».
«Так кажа Пан, які стварыў цябе і ўзгадаваў цябе, дапамагае табе ад улоння мацярынскага» (пар. Іс 44, 2).
«Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе» (пар. Ер 1, 5).
«Пан паклікаў мяне з улоння маці… А цяпер кажа Пан, які стварыў мяне ўжо ад улоння маці слугой сваім…» (пар. Іс 49, 1-5).
Зыходзячы з гэтага, нельга сказаць, што Бог пачаў ствараць чалавека па свайму вобразу і падабенству, да прыкладу, напрыклад на сёмы дзень пасля таго, як утварылася аплодненая яйцаклетка. У Святым Пісанні падкрэсліваецца валявы пачатак Бога ў зачацці кожнага чалавека. А калі кожны з нас з’яўляецца па жаданню Бога, то як веруючы чалавек можа пагадзіцца на аборт?
Гаворачы пра Яна Хрысціцеля: «Бо ён …напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй» (пар. Лк 1, 15).
«Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоння маці маёй і паклікаўшы ласкаю сваёю…» (пар. Гал 1, 15).
Значыць, чалавек можа быць абраным Богам для пэўнай місіі, і Бог благаславіць яго яшчэ ва ўлонні маці на асаблівы жыццёвы шлях. Аборт жа можа знішчыць чалавека, абранага Стварыцелем для асаблівых, вялікіх спраў.
Навука кажа, што чалавек ужо з моманту зачацця надзелены ўсім неабходным для таго, каб у будучыні стаць асобай. Аборт з пункту гледжання i Бiблii, і навукi з’яўляецца забойствам чалавека. І калі пазбавіць яго права на жыццё з прычыны, да прыкладу, недастаткова камфортных умоў жыцця маці, абыякавых паводзінаў з боку бацькі, то ці не азначае гэта, што, у такім выпадку, было б лагічным абвясціць магчымасць беспакаранага і нават карыснага забойства бедных або сірот?..
Постскрыптум: жанчыны ў сітуацыі крызіснай цяжарнасці, згаджаючыся на аборт, часам зусім не цікавяцца адказам на пытанне наконт моманту пачатку жыцця чалавека: «Я не змагу забяспечыць малому годнае існаванне, так, я ведаю, што аборт — гэта забойства» і да т.п. Дарэчы, калі я чытаю лекцыі супраць абортаў у школах або паліклініцы, то задаю наступнае пытанне: «у сітуацыі неабходнасці адназначнага выбару паміж жыццём, але пазбаўленым матэрыяльных выгод, або смерцю кожны з вас палічыў бы за лепшае смерць або ўсё ж такі жыццё?» І ні на адной лекцыі ні адна дарослая жанчына ці яе муж і ні адзін школьнік не абралі смерць. Ненароджанае дзіця, верагодна, паступіла б па іх прыкладу.