“Мы не забудзем” ад Маладых хрысціянскіх дэмакратаў (фота)
У Менску адбылася імпрэза “Мы не забудзем” у памяць скрадзенага 7 траўня 1999 года аднаго з лідараў апазіцыі, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі. Вечарыну арганізаваў аргкамітэт па стварэнню арганізацыі Маладыя хрысціянскія дэмакраты.
Па словах яго старшыні Марыны Хоміч, якая і вяла імпрэзу, падобныя мерапрыемствы ў памяць зніклых ці загінуўшых беларускіх палітыках, грамадскіх дзеячах, журналістах будуць працягнуты.
Марына Хоміч:
– Акрамя таго, каб дамагчыся расследавання гэтых справаў і пакарання забойцаў, ставіцца яшчэ мэта інфармавання насельніцтва. І таксама хочам паказаць уладам, што мы не забылі, і мы не забудзем, што б не здарылася, мы будзем гэта ўзгадаваць і мы будзем патрабаваць расследавання. Яшчэ адна з мэтаў – паказаць уладам, што мы не баімся. І гэтыя асобы, якія былі скрадзеныя і знішчаныя, з’яўляюцца прыкладам нам сёння, прыкладам не баяцца.
Па словах Марыны Хоміч, падобныя кампаніі будуць праводзіцца і ў рэгіёнах Беларусі. Актывісты Маладой хрысіянскай дэмакратыі таксама плануюць наведаць маці Юрыя Захаранкі, якая жыве ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласці.
Алег Волчак, кіраўнік арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву”:
– Не засталося іншага выйсця – як толькі нагадваць і нагадваць. Мы пішам заявы ў Следчы камітэт па гэтай справе, пішам хадайніцтвы. Трэба рабіць усё магчымае, каб пра гэта не забыліся, каб у Еўропе таксама чулі пра тое, што гэта праблема існуе, што справа яшчэ не раскрытая. І што няма ніякай аб’ектыўнай інфармацыі. Справу спыняць 17 верасня 2014 года. Мы будзем імкнуцца, каб яе перакваліфікавалі ў 128 артыкул Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Злачынствы супраць чалавечнасці”. Мы будзем працягваць справу і пасля 17-га верасня. Будзем праводзіць грамадскае расследаванне. Мы звярнуліся да афіцэраў, якія здзейснілі захоп Юрыя Захаранкі, каб яны знайшлі мужнасць і расказалі пра абставіны гэтай справы.
Ігар Кузняцоў, гісторык:
– Няма ніякага сумневу, што справа будзе праз год закрыта. Але гэта не азначае, што грамадскасць павінна гэтую тэму замоўчваць. Трэба гаварыць не пра зніклых палітыкаў, а пра знішчаных. Калі цягам 15 гадоў не будуць знойдзены ні злачынцы, ні зніклы чалавек, то тады чалавека можна лічыць зніклым без вестак. І ўвогуле ў такіх выпадках выдаецца пасведчанне пра смерць. Рыса ў гэтай справе будзе падведзеная ў наступным годзе. Іншае пытанне, што ёсць яшчэ міжнародныя працэдуры, якія мы павінны будзем узнавіць у выпадку, калі будуць знойдзеныя сляды злачынцаў, якія гэта зрабілі.
Сёння ўлада ўжо не зможа пайсці на такія радыкальныя меры, таму што другая сітуацыя. Тады гэта быў эксперымент: а як адрэагуюць? Адрэагавалі – і міжнародная грамадскасць, і ў краіне адрэагавалі. Гэта справа – яшчэ і паказчык роўня тых афіцэраў, якія сёння служаць у сілавых структурах. У МУС не знайшлося ніводнага прыстойнага следчага ці афіцэра, які б хоць у знак пратэсту звольніўся. Калі сам МУС не шукае свайго міністра, гэта ўжо пра шмат што гаворыць. Гэта бруднай плямай кладзецца і на КДБ, і на ўсе сілавыя структуры.
Вольга Завадская, маці зніклага тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага:
– Гэта дае надзею. Яна памірае апошняй, і мы хочам даведацца, што адбылося, чаму, за што і хто вінаваты? Вельмі хочацца, каб гэтыя людзі адказалі за злачынства. У мірны час па палітычных ці нейкіх іншых матывах нікому не дазволена знішчаць людзей. Тое, што зараз зноў пачалі гаварыць пра зніклых, вельмі радуе і дае надзею.
Старшыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі:
– Пераацаніць немагчыма важнасць таго, каб праўда пра зніклых стала вядомая грамадству. Калі мы пра гэта забываемся, калі ахвяруем гэтым дзеля іншых мэтаў, то, як паказвае практыка, з’яўляюцца новыя ахвяры. Калі мы не будзем пра іх памятаць, не будзем дамагацца праўды пра іх знікненне, то не будзе будучыні ў беларускай палітыцы.
Па словах Віталя Рымашэўскага, падобныя кампаніі будуць праводзіцца і ў рэгіёнах Беларусі.
Наступная вечарына кампаніі “Мы не забудзем” пройдзе праз месяц. Яна будзе прысвечана скрадзенаму тэлеаператару Дзмітрыю Завадскаму. Фота Радыё Свабода
Анатоль Астапенка, сябар Захаранкі, стваральнік Беларускай нацыянальна-дэмакратычнай партыі (1990—1994)