Севярынец атрымаў на “хіміі” больш за 2 тыс. лістоў падтрымкі

29 мая 2013 10:12  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня БХД, палітвязень Павал Севярынец, які адбывае трохгадовае пакаранне за плошчу ў спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, атрымаў больш за 2 тыс. лістоў.

 

Большасць лістоў – з беларускіх рэгіёнаў. Кожныя два з пяці з іх – з Менску, кожны 10-ы з-за мяжы. Такое аблічча сёння беларускай салідарнасці.

 

Больш за палову лістоў беларускамоўныя. Найчасцей пішуць вернікі-хрысціяне, чытачы “Нашай Нівы” і маладафронтаўцы.

 

“Падчас мінулай “хіміі” у 2005-2007 гадах за ўвесь тэрмін мне прыйшло 1850 лістоў. Зараз – ужо больш за 2 тыс. Выснова: беларуская салідарнасць расце, – кажа Павал Севярынец. – Але сёння яна значна больш патрэбна тым, хто знаходзіцца ў турмах: Змітру Дашкевічу, Міколу Статкевічу, Яўгену Васьковічу, Эдуарду Лобаву, Мікалаю Аўтуховічу, Алесю Бяляцкаму і астатнім.  Стараюся адказаць кожнаму, таму часцяком атрымліваецца спазненне на некалькі месяцаў. Вельмі ўдзячны беларусам: такая колькасць лістоў робіць уражанне на ахову ды “хімікаў” і сведчыць – Беларусь жыве!”.

Болей навін