Працэс над Гайдуковым патрабуюць зрабіць адкрытым (фотарэпартаж)

11 чэрвеня 2013 15:40  |  Галоўныя навіны

Зварот з патрабаваньнем адкрытага і сумленнага суду над Андрэем Гайдуковым падпісалі сёньня ў Менску прадстаўнікі дзевяці грамадзкіх арганізацыяў.

 

Напярэдадні працэсу над Гайдуковым, якога абвінавачваюць у шпіянажы, актывісты запатрабавалі адкрытага судовага разбору, каб усе зацікаўленыя маглі зрабіць высновы аб абгрунтаванасьці абвінавачваньняў і справядлівасьці крымінальнага перасьледу. Зварот накіраваны генэральнаму пракурору, старшыням Вярхоўнага суду і КДБ.

 

Чаму справа Андрэя Гайдукова выклікала пратэст з боку грамадзянскіх актывістаў, распавяла каардынатар ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька:

 

«Бо яна вельмі-вельмі нагадвае справы 30–40-х гадоў, гадоў сталінскіх рэпрэсіяў. Апошнім часам словы „шпіянаж“, „шпіёны“ часта гучаць з экранаў дзяржаўнага тэлебачаньня. Мы пратэстуем супраць таго, што суд, як сказаў, старшыня КДБ спадар Вакульчык, будзе закрытым. Мы былі на судзе над Мікалаем Аўтуховічам і бачылі на свае вочы, як рассыпалася тая справа. Як сьведкі, якія спачатку давалі паказаньні супраць яго, пасьля адмаўляліся і казалі, што яны давалі тыя паказаньні пад ціскам. Я ўпэўненая: калі б суд над Андрэем Гайдуковым стаў адкрытым, атрымалася б тое ж самае».

 

З асабістым абвінавачаньнем у шпіянажы давялося сутыкнуцца і падпісанту пэтыцыі, лідэру грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімеру Някляеву:

 

«Я на пачатку таго працэсу, які вось гэтае ж ведамства (КДБ) распачало ў адносінах да мяне, таксама быў „шпіёнам“. І мяне наўпрост палохалі закрытым працэсам па маёй справе. І з гэтых запалохваньняў вынікала, як мне сказаў сьледчы, што на гэтым працэсе мне не дапаможа ні Бог, ні цар і ні герой».

 

«Палітычнай» лічыць справу Гайдукова старшыня моладзевай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алег Корбан:

 

«Гэта справа на тое, каб запалохаць найбольш актыўную частку грамадзтва, найперш моладзь. Каб зрабіць яе безыніцыятыўнай, пасіўнай, нейкай такой занядбанай. Сёньня грамадзкай супольнасьці трэба зрабіць усё магчымае, каб вырваць з лапаў КДБ, з лапаў беларускага рэжыму спадара Гайдукова. Як мы можам гэта зрабіць? Я думаю, найперш трэба выказвацца публічна. Трэба праводзіць разнастайныя вулічныя акцыі, прыцягваць сюды ўвагу міжнароднай супольнасьці, вядучых праваабарончых арганізацыяў».

 

Акрамя названых грамадзкіх арганізацыяў, зварот падпісалі таксама прадстаўнікі «Прававой дапамогі насельніцтву», АГП, руху «Разам», «Маладога фронту», аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД ды іншыя.

 

Працэс над Гайдуковым патрабуюць зрабіць адкрытым (фотарэпартаж)

Болей навін